Рэферэндум у Польшчы ў пытанні зносу сцяны на беларускай мяжы не адбыўся


15 кастрычніка на рэферэндуме, які праходзіў адначасова з выбарамі ў польскі парламент, палякі прагаласавалі супраць зносу сцяны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плот на польска-беларускай мяжы.
Фота: Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы / Twitter

На пытанне, вынесенае на рэферэндум – ці падтрымліваеце вы ліквідацыю бар’еру на мяжы Рэспублікі Польшча з Рэспублікаю Беларусь – 96,14 % палякаў адказалі «не». Але сам рэферэндум не адбыўся праз нізкую яўку.

Згодна з звесткамі на раніцу 16 кастрычніка, яўка склала ўсяго 44 % ад агульнай колькасці выбарнікаў. Згодна з польскім законам, вынікі рэферэндуму прызнаюцца пры яўцы 50 % і вышэй.

Пры гэтым яўка на ўласна выбары склала 73 %, гэта рэкорд у найноўшай гісторыі Польшчы. На папярэдніх парламенцкіх выбарах, у 2019 годзе яна была роўная 61,74 %.

Усяго на рэферэндум у Польшчы вынеслі чатыры пытанні: пра ліквідацыю агароджы на польска-беларускай мяжы; аб продажы дзяржаўных актываў замежным суб’ектам, які прывядзе да страты грамадзянамі Польшчы кантролю над стратэгічнымі сектарамі эканомікі; пра павышэнне пенсійнага веку; аб прыёме нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі ў межах механізму прымусовага перасялення, навязанага еўрапейскаю бюракратыяй.

На астатнія пытанні больш за 90 % тых, хто ўзяў удзел у рэферэндуме, таксама адказалі «не».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў