Канстытуцыйны суд Грузіі дазволіў пачаць працэдуру імпічменту прэзідэнта


Канстытуцыйны суд Грузіі прызнаў, што прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі парушыла Канстытуцыю, паехаўшы за мяжу без згоды ўрада. У сувязі з гэтым суд дазволіў распачаць працэдуру ейнага імпічменту. 

Саламэ Зурабішвілі.
Фота: Giorgi Abdaladze / Wikimedia

Канстытуцыйны суд краіны прыйшоў да высновы, што прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі парушыла 52-і артыкул Канстытуцыі, здзяйсняючы замежныя паездкі і сустракаючыся з афіцыйнымі асобамі без згоды кабінета міністраў. Справу разглядалі дзевяць суддзяў, рашэнне падтрымалі шэсць з іх.

«Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі 31 жніўня 2023 года падчас сваіх працоўных візітаў за мяжу 1 і 6 верасня ажыццявіла свае прадстаўнічыя паўнамоцтвы ў сферы знешніх адносін без згоды ўраду Грузіі. Суд прыйшоў да высновы, што гэта з’яўляецца парушэннем Канстытуцыі. Заключэнне дзейнічае з моманту яго апублікавання на сайце Канстытуцыйнага суда Грузіі, зʼяўляецца канчатковым і не падлягае абскарджанню або перагляду», – заявіў старшыня Канстытуцыйнага суда Мераб Турава.

У канцы жніўня ўрад Грузіі заявіў, што не ўзгадніў 10 замежных паездак прэзідэнта Грузіі. Пасля гэтага кіруючая партыя «Грузінская мара» ініцыявала імпічмент прэзідэнта і 12 верасня 80 дэпутатаў парламента звярнуліся ў Канстытуцыйны суд.

Пасля рашэння Канстытуцыйнага суда пытанне аб імпічменце прэзідэнта будзе перададзена ў парламент, дзе для адхілення прэзідэнта ад пасады неабходныя галасы 100 дэпутатаў парламента. Аднак кіруючай партыі можа не хапіць галасоў, бо ў «Грузінскай мары» ў парламенце 84 месцы са 150.

Саламэ Зурабішвілі займае пасаду прэзідэнта Грузіі са снежня 2018 года і неаднаразова крытыкавала рашэнні ўрада. Так, у сакавіку гэтага года яна падтрымала пратэстоўцаў супраць законапраекта аб замежных агентах, які прыняў парламент краіны. У далейшым закон быў адхілены.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў