Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 16 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі 235-га дня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец 24-й асобнай механізаванай брыгады імя караля Данілы Збройных сілаў Украіны.
Фота: 24 ОМБр імені короля Данила / Facebook

Цягам апошніх содняў сітуацыя ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці заставалася адносна спакойнай, большасць вайсковых экспертаў не адзначаюць актыўных наступальных дзеянняў з абодвух бакоў канфлікту. Пры гэтым Міністэрства абароны Расеі піша пра спробу наступу ЗСУ на ўсход ад Купянску, але іншыя крыніцы гэтай інфармацыі не пацвярджаюць.

Па лініі фронту ў Луганскай вобласці амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (IWS) фіксуе расейскія контратакі, але яны, імаверна, не мелі поспеху. Прарасейскі тэлеграм-канал «WarGonzo» піша пра расейскую атаку на ваколіцы Белагораўкі.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны, у сваю чаргу, паведамляе пра няўдалыя расейскія атакі ў Данецкай вобласці ў ваколіцах Торскага, Спірнага, Бераставога, Салядару, Бахмуту, Мар’інкі, Пабеды і Невельскага. Гэтую інфармацыю пацвярджаюць і аналітыкі ISW, якія таксама не фіксуюць поспеху расейскіх войскаў на гэтых кірунках. Пры гэтым «WarGonzo» заяўляе, што ПВК Вагнэра змагла крыху прасунуцца ў самім горадзе Бахмут, а на іншых участках фронту ў Данецкай вобласці баі працягваюцца.

У Запарожскай вобласці лінія фронту застаецца адносна стабільнай, і бальшыня крыніцаў не фіксуе тут якіх-небудзь зменаў. Між тым, Мінабароны РФ заяўляе пра ўзяцце пад свой кантроль асноўных вышыняў у ваколіцах населенага пункту Нэскучное суседняй Данецкай вобласці, што ў выніку можа адгукнуцца на Запарожскім фронце.

У Херсонскай вобласці ўсё яшчэ застаецца незразумелым вынік учорашняга контрнаступу ЗСУ на паўночным участку фронту. ISW прыводзіць словы прарасейскіх крыніцаў, што ўказваюць на правал украінскіх атак, пры гэтым аналітыкі не могуць пацвердзіць гэтых звестак, паколькі камандаванне Збройных сілаў Украіны ніяк не каментуе сітуацыі.

Разам з тым, Міністэрства абароны РФ піша, што ўжо 16 кастрычніка ЗСУ атакавалі ваколіцы населеных пунктаў Кашары і Пятыхаткі, «WarGonzo», у сваю чаргу, адзначае расейскія атакі на пазіцыі ЗСУ каля населенага пункту Сухі Ставок.

Між тым, неспакойна 16 кастрычніка было і ў расейскім Белгарадзе, дзе прагучала мінімум 16 выбухаў. Відавочцы гавораць пра абстрэл мясцовага аэрапорту.

Генштаб ЗСУ падсумоўвае, што цягам содняў былі знішчаныя каля 300 расейскіх вайскоўцаў, такім чынам, агульныя незваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 65 тысяч асобаў.

Hавiны
У Беларусь пачалі прыбываць з Расеі эшалоны і «авіяцыйны складнік» рэгіянальнай групоўкі войскаў
2022.10.16 16:31

ВК belsat.eu

Стужка навінаў