Іран у дадатак да дронаў збіраецца пастаўляць Расеі балістычныя ракеты


Газета «The Washington Post» піша, што Іран плануе пачаць пастаўкі балістычных ракет у Расею. Першую партыю іранцы ўжо робяць, кажуць крыніцы ў выведцы. Гэта будуць ракеты класа «зямля – зямля».

Ракеты іранскай вытворчасці на аэракасмічнай выставе ў Тэгеране 28 чэрвеня 2021 года.
Фота: Sobhan Farajvan / Zuma Press / Forum

Пасля паставак беспілотнікаў Іран збіраецца даць Расеі яшчэ і ракеты. Як кажуць крыніцы ў выведцы, Масква і Тэгеран канчаткова дамовіліся пра гэта 18 верасня. Плануецца, што Расея атрымае некалькі соцень боепрыпасаў класа «зямля – зямля». Гэта будуць «Fateh-110» (здольныя дасягаць цэляў на адлегласці да 300 кіламетраў) і Zolfaghar (да 700 кіламетраў).

Таксама Іран плануе паставіць Расеі новыя партыі беспілотнікаў, у тым ліку дронаў-камікадзэ «Shahed-136». Нядаўна іранскія спецыялісты пабывалі ў акупаваных раёнах Украіны для інструктажу па эксплуатацыі гэтых апаратаў.

Hавiны
Іран перадаў Расеі беспілотнікі. Яны могуць быць выкарыстаныя ў вайне супраць Украіны
2022.08.30 10:08

У Тэгеране, тым часам, кажуць, што «не пастаўляюць і не будуць пастаўляць зброю» нікому з удзельнікаў канфлікту, бо гэта «толькі зацягне вайну ва Украіне». Гэтак кіраўнік іранскага МЗС сказаў напярэдадні партугальскаму калегу ў тэлефоннай размове.

Зрэшты, Іран і раней адмаўляў пастаўкі дронаў Расеі, але, калі ўкраінцы пачалі іх збіваць, выкрылася, што гэта іранскія апараты, але ў іншай афарбоўцы.

Новыя партыі іранскай зброі мусяць папоўніць расейскія арсеналы. Як кажуць эксперты, ракет у агрэсара засталося няшмат, «але для тэрору хопіць».

Hавiны
Крэмль хоча выкарыстоўваць іранскую ваенную прамысловасць
2022.07.19 22:17

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў