Узнагароды журналісткам і фільму «Белсату», працяг міграцыйнага крызісу: галоўнае за 16 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі суботы, 16 кастрычніка. Пра галоўныя падзеі чытайце ў нашым аглядзе.

Журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову прызналі «журналісткамі году» на фестывалю «PRIX Europa». Фестываль «PRIX Europa» – найбуйнейшая журналісцкая імпрэза ў Еўропе, якая яднае анлайн-выданні, тэлевізію і радыё.

Урачыстая імпрэза абвяшчэння лаўрэатаў «PRIX Europa-2021» адбылася ў Патсдаме.

Зняволеных журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову вылучылі на прэмію ад імя Польскай тэлевізіі. Ініцыятыва сустрэла шырокае падтрыманне журналісцкай супольнасці з усяго рэгіёну, у тым ліку з Беларусі, Літвы і Украіны. За вылучэнне журналістак падпісаліся каля 200 прадстаўнікоў медыяў.

«Еўрапейскі журналіст году» у межах фестывалю «PRIX Europa» – гэта ўжо сёмая міжнародная ўзнагарода, якую журналісткі «Белсату» атрымалі цягам года. Раней яны сталі лаўрэаткамі «Free Media Awards» і «Courage in Journalism Awards», Ляйпцыгскай прэміі «За свабоду і будучыню ў медыя», прэміі «Axel-Springer-Preis», адмысловай узнагароды польскага «Прэс-клубу» імя Дарыюша Фікуса і прэміі Саюзу журналістаў Літвы «Надзея свабоды».

Дакументальны фільм Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць», зняты пра падтрымцы «Белсату», перамог на конкурсе Варшаўскага кінафестывалю. 37-ы Варшаўскі кінафестываль распачаўся 8 кастрычніка. «Белсат» упершыню прымаў у ім удзел.

Фільм «Калі кветкі не маўчаць» прысвечаны беларускім сем’ям, якія, нягледзячы на перажытыя траўмы, спрабуюць жыць далей і займацца сваймі справамі. Праз іх лёс рэжысёр паказвае боль і надзею, страх і рашучасць гэтых людзей.

Артыкулы
«Хацелася б свята, але боль ад тэмы фільму не праходзіць». Андрэй Куціла – пра перамогу на кінафестывалі
2021.10.16 22:36

У цэнтры сюжэту – беларускія жанчыны, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, выходзілі на ланцугі салідарнасці з кветкамі.

На мяжы Беларусі і Еўразвязу працягваецца міграцыйны крызіс. DW зрабіў рэпартаж з беларуска-польскай мяжы, дзе ў цяжкіх умовах, без ежы і грошай, знаходзяцца мігранты з Блізкага Усходу. Уцекачы распавялі, як іх абрабавалі беларускія сілавікі.

Як паведаміла памежная ахова Польшчы, цягам 15 кастрычніка было зафіксавана 592 спробы незаконна перасекчы польскую мяжу з боку Беларусі.

Адзін грамадзянін Іраку быў затрыманы. Астатнія спробы перасекчы мяжу памежнікі перадухілілі.

Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што 16 кастрычніка на мяжы з Польшчай памежны атрад знайшоў групу ўцекачоў. Адзін з мігрантаў быў практычна без вопраткі, змерзлы, змоклы і без прытомнасці.

Hавiны
Ці можа новы міграцыйны шлях у ЕЗ праходзіць з Беларусі праз Украіну?
2021.10.16 10:00

Беларускія памежнікі запэўніваюць, што ўцекачоў гвалтам выгналі з польскай тэрыторыі, хоць мігранты прасілі не кідаць іх і аказаць дапамогу. Ратавалі мужчыну без прытомнасці ўжо нібыта беларускія медыкі. Памежны камітэт размясціў у сваім афіцыйным тэлеграм-канале і відэа здарэння. У сваю чаргу памежная ахова Польшчы апублікавала відэа, на якім натоўп людзей нешта крычыць каля калючага дроту. Паводле польскіх памежнікаў, 15 кастрычніка 70 мігрантаў спрабавалі перайсці беларуска-польскую мяжу ў Мельніку на Падляшшы.

Кіраўнік МНС папярэдзіў, што ратавальнікі будуць са зброяй у руках «спыняць беспарадкі». Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі звярнуўся да асабовага складу МНС. У сваім звароце ён распавёў, што мусяць рабіць пажарныя ў выпадку «беспарадкаў» і ўвядзення надзвычайнага становішча.

Начальнік аддзелу ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі распавёў, чым пагражае прыняцце Пастанаўлення Савету Міністраў №575 «Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» падпісчыкам тэлеграм-каналаў. Крымінальная адказнасць падпісчыкаў чакае ў тым выпадку, калі канал будзе прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Вырашаць гэта будуць МУС ці КДБ, рашэнне суду, у адрозненні ад прызнання матэрыялаў каналу экстрэмісцкімі, не патрэбнае. За выраб і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў прадугледжана толькі адміністратыўная адказнасць.

Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву яшчэ на два месяцы працягнулі меру ўтрымання пад вартай. Палітык прабудзе за кратамі як мінімум да 12 снежня. У Кастусёва маецца шэраг праблемаў са здароўем, у тым ліку – падазрэнне на анкалагічнае захворванне.

Hавiны
Мінздароўя: у Беларусі амаль два мільёны чалавек прайшлі поўны курс вакцынацыі супраць COVID-19
2021.10.16 17:35

Галоўнае беларускае прадпрыемства па вырабе медычнага кіслароду ААТ «Крыён» працуе ва ўмовах 100% загрузкі. Дадатковую вытворчасць распачалі амаль ва ўсіх абласцях краіны на іншых буйных прадпрыемствах. ААТ «Крыён» спыніў выраб кіслароду для тэхнічных мэтаў – цяпер яго пастаўляе дачэрняе прадпрыемства Беларускага металургічнага заводу.

Па стане на 16 кастрычніка, згодна з дадзенымі Мінздароўя, у Беларусі на лячэнні ад COVID-19 знаходзяцца 22 548 чалавек. Гэта на 186,87% больш, чым месяц таму, калі хварэлі 7860 чалавек.

За апошнія содні выяўлена 2 068 новых выпадкаў захворвання, 17 чалавек памерлі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў