Хто знішчае беларускія прадпрыемствы – санкцыі ці рэжым? НАУ разбурае міфы пра беларускіх «гігантаў»


 

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне вырашыла разбурыць міфы пра паспяховасць беларускай эканамічнай мадэлі на прыкладзе буйных прадпрыемстваў, якія дасталіся ў спадчыну Беларусі яшчэ з савецкіх часоў.

Што за праект

Нагодай для такой ініцыятывы сталі заявы беларускіх уладаў пра тое, што заходнія санкцыі знішчаюць эканоміку краіны. Каб праверыць гэта, у НАУ вырашылі параўнаць вынікі працу буйных айчынных прадпрыемстваў з іх замежнымі аналагамі.

У сваіх відэа яны ўжо параўналі беларускія «Белшыну» і МТЗ з фінскім «Nokian Tyres» і амерыканскім AGCO адпаведна. На чарзе БМЗ і, магчыма, БелАЗ.

Як адзначыў у каментары «Белсату» юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк, які пяць гадоў працаваў антыкрызісным кіраўніком, для аналізу браліся толькі афіцыйныя звесткі, якія публікуюць акцыянерныя таварыствы. Выявілася, што часта ў беларускіх гігантаў некалькі гадоў запар няма ніякага прыбытку, а кіраўніцтва нават не бачыць праблемы.

«Хто ў нас развальвае беларускую эканоміку? Ці Лукашэнка, які кіруе гэтай эканомікай у ручным рэжыме 27 гадоў? Ці санкцыі, які толькі некалькі месяцаў як пачаліся?» – задаецца пытаннем Кірылюк.

Ён падкрэсліў, што калі працаваў адвакатам, то спаганяў грошы з аднаго дзяржаўнага беларускага прадпрыемства, «дзе пры сотні тысяч долараў пазык у дырэктара была «Toyota Land Cruiser».

«На камерцыйным прадпрыемстве ты такое не шмат калі ўбачыш, бо банкі ў цябе ў першую чаргу забяруць тваю «Toyota». А тут гэта ўсё ў парадку», – заявіў юрыст.

Міхаіл Кірылюк дадаў, што мэта новага праекту НАУ – «прадэманстраваць беларусам, што грошы ў іх забірае не нейкі злачынны Захад, а сучаснае кіраўніцтва краіны».

«Калі я бачу прыбытак у адну сотую працэнта, выснова ў мяне адна: дзесьці штосьці яшчэ асядае. Ёсць нейкі карупцыйны інтарэс. Тым больш калі такія прамысловыя гіганты гадамі паказваюць адсутнасць прыбытку. Гэта ненармальна. Страты ў бізнесе могуць быць. Але спецыфіка Беларусі ў тым, што мы ўсе як грамадзяне краіны з’яўляемся па сутнасці акцыянерамі таго ж МАЗу, таго ж БМЗ, нават калі ў нас няма акцыяў. Бо калі завод атрымлівае страты, то яго дырэктар бярэ грошы не са сваёй кішэні, а з нашых падаткаў», – адзначыў юрыст.

Што рабіць з гэтым?

Каб вырашыць пытанне стратнасці беларускіх прадпрыемстваў, у НАУ раяцца пазбаўляцца перадусім ад няпрофільных актываў: санаторыяў, калгасаў і гэтак далей. Таксама варта вызначыцца з формай гаспадарання.

«Калі захоўваць дзяржаўнае кіраванне, то грамадзяне павінны мець рэальныя рычагі ўплыву на выдаткоўванне грошай прадпрыемствам, чаго зараз няма. Або прадпрыемствы, перадусім тыя, якія гадамі ці нават дзесяцігоддзямі забіраюць бюджэтныя грошы, павінны быць ацэненыя і выстаўленыя на аўкцыён, дзе прададзеныя паводле рынкавых коштаў. А гэтыя грошы маюць пайсці ў бюджэт», – падкрэсліў Міхаіл Кірылюк.

Паводле яго, заходнія санкцыі дакладна не пойдуць на карысць такім беларускім прадпрыемствам, бо «нікога яшчэ санкцыі не аздаравілі, не палепшылі».

«Але адзіны сродак іх спыніць – выканаць патрабаванні адносна таго, чым гэтыя санкцыі былі выкліканыя: пачаць выконваць беларускае заканадаўства, выпускаць палітзняволеных і праводзіць новыя сумленныя выбары», – падкрэсліў юрыст.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў