Папа Рымскі назваў пастаўкі зброі ва Украіну маральна прымальнымі для самаабароны


Папа Рымскі Францішак у чацвер заявіў, што для іншых краінаў маральна законна пастаўляць зброю ва Украіну, каб дапамагчы ёй абараніцца ад нападу Расеі, паведамляе «Reuters».

Папа Францішак на З’езде лідараў сусветных і традыцыйных рэлігіяў, які 13–15 верасня 2022 года прайшоў у Казахстане.
Фота: «Vatican News» / vaticannews.va

Размаўляючы з журналістамі на борце самалёта на зваротным шляху ў Рым пасля трохдзённай паездкі ў Казахстан, Францішак таксама заклікаў Кіеў быць адкрытым да магчымага дыялогу, нават калі ён можа «кепска пахнуць» і будзе цяжкі для ўкраінскага боку.

Вайна ва Украіне, у якую Расея ўварвалася 24 лютага, стала фонам для візіту папы ў Казахстан, дзе ён прысутнічаў на кангрэсе рэлігійных лідараў з усяго свету. На прэс-канферэнцыі ў самалёце рэпарцёр спытаў, ці было маральна правільным з боку іншых краінаў адпраўляць зброю ва Украіну.

«Гэта палітычнае рашэнне, якое можа быць маральным, маральна прымальным, калі яно прымаецца ва ўмовах маралі», – сказаў Францішак.

Ён распавёў пра прынцыпы «справядлівай вайны» Рымска-каталіцкай царквы, якія дазваляюць выкарыстоўваць смяротную зброю прапарцыйна, дзеля самаабароны ад дзяржавы-агрэсара.

«Самаабарона – гэта не толькі закон, але і праява любові да радзімы. Хто сябе не абараняе, хто нечага не абараняе, той яе не любіць. Той, хто абараняе, – яе любіць», – сказаў пантыфік.

Тлумачачы розніцу паміж тым, маральна ці амаральна пастаўляць зброю іншай краіне, Францішак сказаў:

«Гэта можа быць амаральна, калі намерам ёсць правакаванне новай вайны або продаж зброі або пазбаўленне ад зброі, якая больш не патрэбная. Матывацыя – тое, што ў значнай ступені вызначае маральнасць такога дзеяння», – сказаў ён.

Папа Рымскі таксама адказаў на пытанне, ці варта Украіне весці перамовы з краінай, якая ўварвалася ў яе і перайшла чырвоную лінію ў сваіх дзеяннях. Пантыфік сказаў, што разумее цяжкасці падобнага працэсу, калі прыходзіцца весці дыялог з тымі, хто ўварваўся, але ён лічыць, што не варта адмаўляцца ад перамоваў:

«Я б не выключаў дыялогу з любой сілай, якая ваюе, нават з агрэсарам. Часам даводзіцца весці такі дыялог. Гэта кепска пахне, але гэта трэба рабіць. Гэта заўсёды крок наперад, з працягнутай рукой, заўсёды. Бо ў адваротным выпадку мы зачыняем адзіныя разумныя дзверы для міру», – сказаў Францішак.

У сваю чаргу, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч выказаў шкадаванне аб тым, што сустракаў папу не ў Беларусі і што «магчымасць сустрэчы з папам існуе пакуль што выключна па-за межамі нашай краіны». Біскуп пракаментаваў «Vatican News» свой удзел у сустрэчы з Францішкам у Казахстане.

«Мы жывём з надзеяй і молімся, каб калісьці ўзнікла магчымасць прывітаць пантыфіка ў Беларусі, але для нас вялікая радасць, калі ён наведвае краіны былога Савецкага Саюзу, бо гэта тэрыторыя, дзе, на жаль, Касцёл больш за ўсё пакутаваў ад атэістычнай сістэмы», – адзначыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Біскуп лічыць словы пантыфіка, сказаныя ў Казахстане, па-сапраўднаму злабадзённымі і актуальнымі ў сённяшнім кантэксце. «Тое, што сказаў папа, мае не толькі Божы і евангельскі сэнс, умацоўваючы нас у веры, але і адпавядае сённяшняй сітуацыі. Ён звяртаў увагу на настолькі патрэбныя сёння ў свеце мір і згоду, на прылады, дзякуючы якім мы можам дасягнуць іх. Вельмі хочацца верыць, што гэтыя словы прынясуць жаданы плён», – адзначыў беларускі іерарх.

Прадстаўнікі каталіцкага епіскапату: старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ, біскуп Аляксандр Яшэўскі, 14 верасня 2022 года, у свята Узвышэння Святога Крыжа, у Нур-Султане ўзялі ўдзел у імшы разам з папам Францішкам.

Аб’ектыў
Папа Рымскі ў Казахстане не ўзняў тэму здушэння сілавікамі пратэстаў на пачатку 2022 года
2022.09.14 23:41

Антон Тачняк  belsat.eu

Стужка навінаў