«Гібрыдная атака» працягваецца. Ці чакаць новага міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю?


Літва і Польшча бароняцца ад Беларусі высокаю агароджай з калючым дротам. Латвія таксама пачала яе будаваць. Пры гэтым колькасць нелегальных мігрантаў, якія хочуць трапіць з тэрыторыі РБ у Еўразвяз, з пачатку восені нарастае. На літоўска-беларускай мяжы штодня фіксуецца каля сотні і больш спробаў незаконнага пераходу. Разбіраемся, ці чакаць новага міграцыйнага крызісу і ці дапамогуць агароджы на мяжы спыніць мігрантаў.

Плот на польска-беларускай мяжы недалёка ад Ялоўкі. 6 ліпеня 2022 года.
Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Лічбы затрыманых мігрантаў, якія спрабуюць незаконна прарвацца з Беларусі на тэрыторыю Еўразвязу, паводле афіцыйных звестак Дзяржаўнай памежнай службы Літвы (VSAT),  штодня розныя. Гэтак, за содні 15 верасня зафіксавана 64 спробы пераходу літоўска-беларускай мяжы (14 верасня спынілі 108 мігрантаў), 37 спробаў – на беларуска-польскай мяжы.

VSAT падлічыла, што з пачатку 2022 года спыніла на мяжы 6775 нелегальных мігрантаў, са жніўня 2021 года іх колькасць дасягнула амаль 15 000.

Дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы Пятрас Аўштравічус у каментары «Белсату» сцвярджае, што гібрыдная вайна Беларусі супраць Еўразвязу працягваецца, і ўспрымаць яе трэба «вельмі і вельмі сур’ёзна».

«Менск застаецца недружалюбнай краінай, і ён удзельнічае ў гібрыднай атацы, якую арганізавала Масква. Кожныя содні, кожную ноч мы чуем пра 80–120 спробаў незаконнага перасячэння нашай мяжы.

І мы бачым, што беларускія памежнікі ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, калі псуюць ці разрываюць агароджу, яны маюць дзеля гэтага інструменты… Гібрыдная атака працягваецца. І да гэтага трэба ставіцца вельмі і вельмі сурʼёзна», – кажа Пятрас Аўштравічус.

Аляксандр Класкоўскі: Міграцыйны крызіс вельмі верагодны

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі таксама схіляецца да таго, што функцыя Лукашэнкі ў падтрыманні напружанасці на межах з суседнімі краінамі зводзіцца з пачаткам вайны ва Украіне да ролі «памагатага Пуціна». Эксперт лічыць, што магчымасць новага міграцыйнага крызісу вялікая.

«Я думаю, што новы міграцыйны крызіс вельмі верагодны. Таму што калі летась, магчыма, гэта была больш ініцыятыва ўладаў Беларусі, што хацелі адпомсціць тым жа літоўцам, якія прытулілі ў сябе Святлану Ціханоўскую, і тым жа палякам, што падтрымалі палітычных праціўнікаў Лукашэнкі, то пасля 24 лютага новы міграцыйны крызіс можа быць больш ініцыятывай Крамля. А беларускі рэжым тут толькі як памагаты», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

На думку эксперта, Уладзімір Пуцін можа выкарыстоўваць міграцыйны крызіс як адзін з інструментаў ціску на Еўропу – разам з газавым шантажом. Калі ўсе цяжкасці абрынуцца на Еўропу і дасягнуць крытычнай масы, то, паводле задумы Крамля, улады еўрапейскіх краінаў пад ціскам сваіх жа грамадзянаў будуць вымушаныя паслабляць санкцыі і саступаць Пуціну і ягоным намерам перадзяліць свет і адваяваць сферу ўплыву імперыі.

 Улады Беларусі выконваюць тут пастаўленую задачу – узмацняюць ціск на Еўразвяз.

«На пасылках у Крамля»

З нажніцамі ўздоўж мяжы могуць, вядома, хадзіць і расейскія вайскоўцы, але, як мяркуе эксперт, гэта ўжо «занадта складаная камбінацыя».

Польскія памежнікі і паліцыя на мяжы з Беларуссю.
Фота: Podlaska Policja / Twitter

«Цяпер склалася такая сітуацыя, калі Крэмль можа маніпуляваць і ўладамі Беларусі, і беларускімі вайскоўцамі, і памежнікамі. То бок калі Масква рэалізуе нейкія свае задумы, то на прыкладзе агрэсіі супраць Украіны, мы бачым што яны выкарыстоўваюць беларускую інфраструктуру як сваю. Беларускія вайскоўцы таксама задзеяныя – абслугоўваюць аэрадромы і г. д. Таму мне здаецца, што ў вайсковым плане тут ужо даўно беларускі рэжым на пасылках, груба кажучы, у Крамля», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Ён таксама заўважае, што высокія платы з калючым дротам, якія пабудавалі на мяжы з Беларуссю Літва і Польшча, не могуць быць панацэяй, нягледзячы на вялікія грошы, укладзеныя ў іх будаўніцтва. Пад імі робяць падкопы, іх наўмысна разбураюць ці абыходзяць, спрабуючы пераправіцца ў Еўразвяз там, дзе агароджы няма, – праз рэкі і азёры.

«Тут ніякіх патрулёў літоўцам ці палякам не хопіць, каб своечасова ўсе гэтыя спробы нейтралізаваць. Таму сцены панацэяй не будуць усё адно», – лічыць Аляксандр Класкоўскі.

Беларусь за дротам

Агульная працягласць фізічнага барʼеру паміж Беларуссю і суседнімі краінамі Еўразвязу складае на сёння каля 590 км, да 2024 года (калі пабудуе Латвія) можа складаць 861 км. Але толькі Латвія адгародзіць сваю мяжу цалкам.

  • Польшча – Беларусь: працягласць барʼеру – 186,25 км, вышыня – 5,5 м. Агульная працягласць польска-беларускай мяжы – каля 398 км.
  • Літва – Беларусь: працягласць агароджы – 502 км. Агульная працягласць мяжы Літвы з Беларуссю – 679 км.
  • Латвія – Беларусь: меркаваная працягласць сцяны – 173 км. Агульная працягласць мяжы з Беларуссю – каля 173 км.

Курдыстан і спецаперацыя Пуціна

Фактарам павелічэння колькасці мігрантаў на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу можа быць і сітуацыя з сірыйскімі уцекачамі-курдамі ў Іраку, якая з пачаткам вайны ва Украіне значна пагоршылася. Як сцвярджае аўтар рэпартажу з іракскага Курдыстану, апублікаванага ў «Newsweek Polska», міжнародныя арганізацыі працягваюць скарачаць выдаткі на дапамогу ўцекачам з Сірыі, бо прызначаюць вялікія сродкі найперш на падтрыманне ўцекачоў з Украіны.

Мігранты ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. Лістапад 2021 года.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

Паводле ААН, толькі ў Курдыстане ў сямі лагерах жыве больш за 95 тысяч уцекачоў. У сітуацыі галечы і безнадзейнасці яны гатовыя выкарыстаць кожную шчыліну, каб прарвацца ў Еўразвяз і палепшыць сваё жыццё. Маніпуляваць імі і ўцягваць у «спецаперацыю Крамля» становіцца ўсё лягчэй.

Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу на тое, што для сірыйскіх уцекачоў было б больш лагічна прарывацца ў Еўразвяз праз яго паўднёвыя межы.

«Але ж мы бачым інфармацыю, што тыя нелегалы, якіх затрымліваць польскія ці літоўскія памежнікі, прыбываюць у Беларусь праз Расею. І гэта яшчэ адзін такі ўскосны штрых, які можа гаварыць пра тое, што гэта ёсць спецаперацыяй Крамля. Яны самі ствараюць гэтыя маршруты і магчымасць для ўцекачоў менавіта такім шляхам – праз Беларусь – спрабаваць прабрацца ў Еўразвяз», – падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі пачаўся вясной 2021 года, калі памежныя службы Польшчы, Літвы і Латвіі пачалі фіксаваць нечуваны наплыў нелегальных мігрантаў з Іраку, Сірыі, Афганістану, афрыканскіх краінаў. Толькі на мяжы з Польшчай за 2021 год быў затрыманы 871 мігрант. Улады краінаў Еўразвязу абвінавацілі ў арганізацыі патоку нелегальных мігрантаў Менск і назвалі гэта «гібрыднай агрэсіяй», пабачыўшы ў дзеяннях беларускага боку «руку Масквы». У Літве і Польшчы ўвялі надзвычайнае становішча, а на беларускі рэжым наклалі санкцыі. Ужо на пачатку 2022 года на польска-беларускай мяжы пачалося будаўніцтва плоту. Ён быў збудаваны ў чэрвені 2022 года.

Hавiны
Улады Беларусі перадумалі. Пашыраны спіс выключэнняў з забароны на ўвоз грузаў з ЕЗ
2022.09.16 13:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў