Ці адаб’юцца санкцыі на ахове здароўя? Меркаванне эканаміста


Падчас міжнароднай канферэнцыі «Уплыў глабальных эканамічных выклікаў на сацыяльна-працоўныя правы чалавека» міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч заявіў, што мэты сацыяльна арыентаванай дзяржавы могуць быць падарваныя вонкавым ціскам, аднак паабяцаў змагацца з гэтым. Belsat.eu запытаў эканаміста Яраслава Раманчука, ці сапраўды заходнія санкцыі пагражаюць ахове здароўя Беларусі.

З 13 да 14 верасня ў Менску праходзіла міжнародная канферэнцыя «Уплыў глабальных эканамічных выклікаў на сацыяльна-працоўныя правы чалавека», зарганізаваная Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Сярод выступоўцаў быў і міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч, які заўважыў, што беларуская сістэма медыцыны мае самую высокую даступнасць і таму патрабуе адпаведных рэсурсаў.

«Нашая візітоўка – высокія тэхналогіі: 500 тысячаў хірургічных умяшанняў, 500 трансплантацыяў органаў. Беларусы ні капейкі не трацяць на трансплантацыю і атрымоўваюць пажыццёвае суправаджэнне. 17 тысячаў кардыяхірургічных умяшанняў па ўсёй краіне, 15 тысяч трансплантацыяў буйных суставаў. 45 тысячаў штогод выяўленых анкалагічных пацыентаў, якім мы абавязаныя даваць медычную дапамогу. Гэта ўсё патрабуе рэсурсаў».

6-я гарадская клінічная больніца.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Міністр дадаў, што дзяржава цалкам узяла на сябе адказнасць у захаванні здароўя насельніцтва, аднак гэтыя мэты могуць быць падарваныя вонкавымі ўмовамі і ціскам на краіну: «Санкцыі ўплываюць на здароўе насельніцтва. Хочам мы такі шлях? Відавочна, не. Будзем змагацца? Безумоўна, так».

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук упэўнены, што словы міністра аховы здароўя найперш нясуць прапагандысцкі характар і не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю:

«Рэч у тым, што сёння ўлады выкарыстоўваюць любыя метады, каб усё дрэннае спіхнуць на санкцыі і Захад. Каб пераканаць людзей, што Лукашэнка добры, а Захад кепскі, што апазіцыя дрэнная, а ўлады добрыя, што яны клапоцяцца пра дабрабыт і здароўе, а апазіцыя хоча, каб тут усе паміралі. Таму, калі яны гавораць, што ў бюджэце, які, па сутнасці, будзе складаць 25-26 мільярдаў долараў у 2021 годзе, не змогуць знайсці капейкі на забеспячэнне працы аховы здароўя. Гэта проста шантаж і дыскрэдытацыя ўсёй сістэмы. Відавочна, заява выкліканая тым, што дыктуюць прапагандысты, а не тым, што рэальна адбываецца ў эканоміцы».

Паводле эканаміста, санкцыі цяпер маюць больш маральнае ды псіхалагічнае ўздзеянне, чымся эканамічнае, бо па-сапраўднаму яны пачнуць дзеяць толькі з 2022 года. Аднак такія заявы міністра аховы здароўя маюць даволі простае тлумачэнне.

Яраслаў Раманчук.
Фота: Белсат

«Улады разумеюць, што, калі санкцыі пачнуць па-сапраўднаму дзеяць, тады гэта адаб’ецца і на бюджэце, і на цэнах, і на заробках. Таму цяпер ідзе папераджальная інфармацыйная атака на Захад, якая ў першую чаргу разлічаная на тое, каб прамыць мазгі людзям у Беларусі», – адзначае адмысловец.

Яраслаў Раманчук падкрэслівае: расходы на медыцыну ў Беларусі складаюць каля 4,5 % ВУП, і гэтая лічба не мяняецца гадамі. Летась ВУП Беларусі склаў каля $ 60 мільярдаў, і сёлета ён не будзе меншы, бо бюджэт выконваецца з апераджэннем графіку.

«Тое, што гаворыць міністр аховы здароўя, – шантаж. Рыторыка такая: глядзіце, санкцыі нам не перашкаджаюць, мы змабілізавалі ўсе рэсурсы і ўсё адно выканалі абавязкі перад насельніцтвам Беларусі», – мяркуе эканаміст.

Таксама варта памятаць, што ў мінулым месяцы Міжнародны валютны фонд вылучыў Беларусі амаль мільярд долараў, частка ў тэорыі мусіць пайсці і на падтрыманне аховы здароўя.

«Давалі грошы быццам на тое, каб нейтралізаваць наступствы COVID-19, а тут пачынаюць скардзіцца ў ахове здароўя, што ў іх грошай няма. Значыць, гэтыя грошы забралі іншыя. І тут усё залежыць ад прыярытэтаў дзяржавы. Калі ўлады Беларусі будуць будаваць парты і інфраструктуру ў Расеі, а не клапаціцца пра здароўе беларусаў, адпаведна, і грошай на медыцыну можа не хапіць», – падсумоўвае Яраслаў Раманчук.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў