Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў палітычных зняволеных Віктара Каліноўскага з Берасця і Валера Лозу са Светлагорску. Таксама вызвалілі аршанцаў Максіма Шаўлінскага і Аляксея Коршуна, медсястру з Віцебску Юлію Кашавераву, Вадзіма Сычака з Бярозы ды Ігара Быкоўскіх, Яўгена Пашалюка, Яўгена Каральчука, Сяргея Рудзінскага, Аляксандра Баброва. Імёны іншых памілаваных пакуль не вядомыя.
Паведамляюць, што Віктара Каліноўскага ўжо вызвалілі. Валерый Лоза ляжаў у шпіталі з запаленнем вуха, але сёння да яго прыехалі з адміністрацыі ваўкавыскай «хіміі» і прапанавалі збірацца ды ехаць з імі ў пракуратуру, каб аформіць патрэбныя дакументы для вызвалення.
Берасцеец Віктар Каліноўскі, асуджаны да 2,5 года «хіміі», адбываў пакаранне ў Шклоўскай папраўчай установе адкрытага тыпу № 49. Яго асудзілі паводле ч. 2 арт. 339 («Зацятае хуліганства») Крымінальнага кодэксу за надпісы на некалькіх прыпынках і гандлёвым шапіку ў Берасці.
Жыхара Светлагорску Валера Лозу вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэксу). Суд прызначыў Валеру Лозу 2,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Пакаранне палітвязень адбываў у Ваўкавыску.
Паводле звестак праваабаронцаў, вызвалены таксама аршанец Максім Шаўлінскі.
33-гадовага Максіма Шаўлінскага асудзілі на два гады «хіміі» за паклёп (арт. 188 КК), мусіў выплаціць «пацярпеламу» 1000 рублёў.
Мужчыну затрымалі 24 ліпеня 2021 года. Абвінавацілі ў паклёпе на міліцыянта Вішнеўскага ў працоўным чаце гандлёвай кампаніі. За той чат таксама асудзілі на 1,5 года «хіміі» Арцёма Кандрацьева. Максім выхоўвае чацвярых дзяцей, малодшай дачцэ на момант суда не споўнілася і двух месяцаў – яна нарадзілася, калі Максіма затрымалі першы раз.
Сярод памілаваных – палітзняволеная медсястра з Віцебску Юлія Кашаверава, якую асудзілі да 1,5 года калоніі.
Палітвязня Вадзіма Сычака з Бярозы, асуджанага да 1 года «хіміі» за разбітае шкло ў аўтобусе 10 жніўня ў Бярозе (арт. 339 КК), пераводзяць на «хатнюю хімію», паведамляюць праваабаронцы.
Памілавалі і 56-гадовага Ігара Быкоўскіх. Яго асудзілі на 1,5 года «хіміі» за нібыта абразу прадстаўніка ўлады. Мужчыну затрымалі 5 траўня 2021 года. Абвінавацілі ў абразе міліцыянта ў Telegram-канале. Падрабязнасці справы невядомыя, але сцвярджаюць, што абраза была звязаная са збіваннем тым міліцыянтам цяжарнай жанчыны.
Памілавалі 31-гадовага Яўгена Пашалюка. Ён быў асуджаны на 2 гады «хіміі» за нібыта абразу суддзі (арт. 391 КК).
Яўгена затрымалі 3 ліпеня 2021 года. Вінавацілі ў тым, што непахвальна выказваўся пра берасцейскага суддзю ў Telegram. Некалькі гадоў таму Пашалюка вінавацілі ў дарожным здарэнні, прысудзілі штраф, аднак ён абскарджваў рашэнне і дайшоў нават да Вярхоўнага Суда, але рашэнне пакінулі ў моцы.
Яўген Каральчук са Століна адбываў пакаранне ў ПУАТ № 46, а Сяргей Рудзінскі ў ваўкавыскай ПУАТ № 29. Яны былі асуджаныя паводле артыкулаў, якія прадугледжваюць пакаранне за здзек з дзяржаўных сімвалаў, абразу прадстаўніка ўлады і абразу суддзі.
38-гадовы рабочы жлобінскага БМЗ Аляксандр Баброў быў асуджаны на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму за нібыта арганізацыю ці рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Разам з Бабровым тады асудзілі яшчэ двух чалавек: Ігара Поварава і Яўгена Говара, на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Пра іхнае вызваленне пакуль не паведамлялі.
Баброва затрымалі 1 лютага 2021 года. Яго абвінавацілі ў тым, што разам з іншымі рабочымі БМЗ 17 жніўня 2020 года перакрыў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі заводу на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Баброў прызнаў віну. Заводу скампенсавалі страты, 1088 рублёў і 50 капеек.
Памілаваны палітзняволены Аляксей Коршун, якога асудзілі за распальванне сацыяльнай варожасці.
Аляксей Коршун – жыхар Воршы, затрыманы 31 сакавіка. Вядома, што яго асудзілі да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за каментары ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне сацыяльнай варожасці»).
На волю выйшаў Яўген Говар – былы супрацоўнік Беларускага металургічнага заводу ў Жлобіне. Яго судзілі разам Аляксандрам Бабровым, якога таксама сёння памілавалі, па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Говар разам з іншымі працаўнікамі БМЗ перакрыў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі заводу.
Таксама на волю выйшаў памілаваны Яўген Рапін, які падчас «Маршу вызвалення палітвязняў» ударыў па камеры відэаназірання на Акрэсціна. Палітзняволенага Яўгена Рапіна асудзілі да 3 гадоў «хіміі» па арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Яўгена абвінавацілі ў тым, што ён удзельнічаў у акцыі пратэсту 4 кастрычніка і ўдарыў па камеры відэаназірання каля ізалятара на Акрэсціна. У Рапіна трое непаўналетніх дзяцей. Пакаранне ён адбываў у Мазыры.
Адзін з памілаваных расказаў «Белсату», што ўжо афармляе дакументы і сёння выпраўляецца дамоў. Вызваленне для яго было нечаканым: падняўся ранкам, пайшоў на працу на «хіміі» – і а 10:00 яму патэлефанавалі і сказалі збіраць рэчы:
«Шок! Я не зразумеў спачатку, што і куды. А як сталі тлумачыць паціху, радасць была. Я ў шоку! Пакуль не прыеду дамоў і не абдыму жонку, яшчэ не зразумею, напэўна, што ўжо ўсё. Не верыцца».
Гэты палітвязень пісаў ліст пра памілаванне «кругламу сталу» Юрыя Васкрасенскага. Але з сотні чалавек у «спісах Васкрасенскага» вызваляюць цяпер толькі 13. Мужчына, які размаўляў з «Белсатам», мяркуе, што яго вызвалілі, бо ён мае малых дзяцей. Ад ліста Васкрасенскаму ён не чакаў вызвалення, была хіба лёгкая надзея, і вязень пастанавіў паспрабаваць.
Палітвязню заставалася быць на «хіміі» больш як год, яго пакаралі за каментар у сацсетках на адрас сілавіка.
ІІ belsat.eu