«Нецікавыя спісы Васкрасенкага». Як у Беларусі вызвалялі палітвязняў


Палітычныя вязні з’явіліся ў сучаснай Беларусі неўзабаве пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Першым палітвязнем часам называюць паэта Славаміра Адамовіча, якога ў 1996 годзе зняволілі за верш «Убей президента!». Большую частку палітзняволеных вызвалялі раней за прысуджаны тэрмін, але не заўсёды праз фармальнае памілаванне.

Як вызваляюць палітычных вязняў

Людзей на загад Аляксандра Лукашэнкі вызвалялі не толькі паводле законаў. Адзін з самых ранніх прыкладаў, што захаваўся ў архівах, такі. 3 ліпеня 2001 года Лукашэнка бег на роліках па менскім праспекце Скарыны (цяпер – Незалежнасці), у яго кінуў памідор былы дэпутат Менгарсавету Сяргей Лапцеў. Лапцева адразу затрымалі, даставілі ў пастарунак, на наступны дзень асудзілі на 7 дзён арышту за «дробнае хуліганства». Аднак праз гадзіну міліцыянт паведаміў арыштаванаму, што той вольны дзякуючы тэлефанаванню Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка на лыжаролерным забегу. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2001 года.
Фота: ТАСС

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка расказвае «Белсату»: у гісторыі Беларусі бывалі розныя выпадкі вызвалення палітвязняў, не толькі праз памілаванне.

У 2007 годзе вызвалялі шмат каго з палітвязняў дзеля паляпшэння стасункаў з Захадам, у тым ліку Паўла Севярынца і Мікалая Аўтуховіча. Ад іх не прасілі пісаць хадайніцтваў аб памілаванні. Ужылі іншыя прававыя інструменты. У 2008 годзе вызвалілі кандыдата на прэзідэнцтва на выбарах-2006 Аляксандра Казуліна. Ён не прызнаваў віны і не прасіў памілавання, аднак Лукашэнка, насуперак правілам, усё адно выдаў указ пра ягонае памілаванне. У 2011 годзе палітвязняў, затрыманых за Плошчу-2010, вызвалялі і з хадайніцтвамі, і без.

Аляксандр Казулін, 2006 год.
Фота: svoboda.org

Спісы на вызваленне, якія былы палітвязень, а цяпер пралукашэнкаўскі палітолаг Юрый Васкрасенскі падаваў Лукашэнку, Сапелка называе нецікавымі: бачна, што там змяшаныя тыя, хто трапляе і не трапляе пад крытэры на памілаванне, хто трапляе і не трапляе пад крытэры праваабаронцаў адносна палітычнага пераследу.

Аднак спіс палітычных вязняў, які публікуюць недзяржаўныя праваабарончыя арганізацыі, наўпрост супадаў са спісамі вызваленых пасля выбараў-2006 і выбараў-2010, адзначае Сапелка.

Правілаў вызвалення палітзняволеных няма

Вызваліць чалавека з няволі ці з-пад следства могуць з розных прычынаў. У Крымінальным кодэксе ёсць цэлы раздзел пра вызваленне ад крымінальнай адказнасці і пакарання праз памілаванне ды з іншых прычынаў: страта грамадскай небяспекі, змякчэнне пакарання хвораму, замірэнне з пацярпелым, умоўна-датэрміновае вызваленне і гэтак далей.

Права памілаваць фактычна любога вязня ў Беларусі мае кіраўнік дзяржавы: ёсць адмысловае палажэнне пра парадак працэдуры. Пад памілаваннем там разумеюць як вызваленне ад пакарання, так і замену пакарання на больш мяккае ці ўмоўнае, у тым ліку замену смяротнага пакарання на пажыццёвае зняволенне.

Памілаванне фармальна мусіць ужывацца толькі да тых, хто напісаў асабістае хадайніцтва і адносна каго прысуд набыў законную моц, або тых, хто прызнаў віну і спрыяў раскрыццю свайго злачынства, кампенсаваў шкоду і перадаў дзяржаве інструмент злачынства.

Турма па вуліцы Валадарскага, Менск.
Фота: Белсат

Пад памілаванне трапляюць не толькі палітычныя вязні. Асобных правілаў для палітзняволеных не існуе: улады Беларусі і асабіста Лукашэнка паслядоўна адмаўляюць тое, што ў Беларусі наагул ёсць палітычныя зняволеныя.

З гэтым пагаджаюцца далёка не ўсе, у тым ліку ў самой судовай сістэме. Напрыклад, на судзе 9 верасня суддзя Юлія Блізнюк адкрыта казала, што вядзе палітычны працэс, калі ёй хтосьці патэлефанаваў падчас суду. Ініцыятыва былых сілавікоў «ByPol» сцвярджае на падставе злітых перамоваў дзейных сілавікоў, што з палітычных матываў караюць нават без прычыны: калі ў час палітычна матываванага ператрусу нічога не знайшлі, садзяць пад арышт за «непадпарадкаванне» ці «пікетаванне».

Артыкулы
У бацькоў палітуцекача Шарэнды правялі ператрусы. Казалі, сыну трэба прасіць памілавання
2021.09.14 23:33

Хто такі палітычны вязень

Звычайна палітвязнямі ў Беларусі называюць тых, каго такімі прызнаў шэраг праваабарончых арганізацыяў. Поўны спіс публікуюць праваабарончы цэнтр «Вясна» ды іншыя ўстановы, на сёння ў ім больш за шэсць сотняў чалавек.

Аднак гэты спіс папаўняецца не аж так хутка, як адбываюцца затрыманні: праваабаронцы аналізуюць кожную справу на адпаведнасць крытэрам азначэння «палітычны вязень».

Напрыклад, палітвязнямі цяпер не прызналі затрыманых у красавіку старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту і адваката Юрася Зянковіча. Пра іхную справу вядома замала, асноўная інфармацыя пра «план ліквідацыі прэзідэнта» ішла толькі з дзяржаўнай прэсы. Проста «не верым» не аргумент.

Рыгор Кастусёў, Аляксандр Фядута і Юрась Зянковіч – прынамсі на момант публікацыі яны не прызнаныя палітвязнямі.
Фота: Рыгор Кастусёў / Facebook; Александр Федута / прыватны архіў; Юрась Зянковіч / Facebook

Для занясення зняволенага ў спіс трэба, каб пераслед быў з прычыны палітычных ці рэлігійных перакананняў, негвалтоўнай дзейнасці ў абароне правоў чалавека або негвалтоўнага выказвання меркаванняў, паводле прыкметы полу, паходжання ці колеру скуры, мовы ці рэлігіі, гендарнай ідэнтычнасці ці маёмаснага становішча. Улічваюць, ці былі парушэнні права на справядлівы суд, ці была фальсіфікацыя доказаў, ці было пакаранне відавочна непрапарцыйным або выбіральным адносна іншых асобаў.

Пры тым у выпадку гвалтоўных дзеянняў робяць выключэнне: палітвязнямі прызнаюць і тых, хто бараніўся ад непрапарцыйнага гвалту сілавікоў. Але палітычнымі зняволенымі не прызнаюць тых, хто рабіў злачынствы супраць асобы ці маёмасці на падставе нянавісці або заклікаў да гвалту паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай ці іншай прыкмеце.

Такім чынам, зняволеных у палітычных справах цяпер істотна больш за прызнаных палітвязнямі: праваабаронцы проста не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам, бо самі спраўджваюць інфармацыю.

Артыкулы
Сталі вядомыя прозвішчы ўсіх 13 памілаваных палітвязняў
2021.09.16 14:05

АА belsat.eu

Стужка навінаў