«Каб палітычныя пытанні не падымаліся нават паміж роднымі». Як улады змагаюцца з іншадумствам пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам


У Беларусі са жніўня мінулага года суддзі вынеслі сотні пастановаў грамадзянам, якіх прызналі вінаватымі ў экстрэмізме. За праявы экстрэмізму разглядаюцца не толькі адміністратыўныя, але і крымінальныя справы. Пад гэты тэрмін яшчэ летась улады дапоўнілі заканадаўства. Прычым, часам нягледзячы на абсурднасць, гэтыя справы і прысуды адпавядаюць існаму заканадаўству, адзначаюць у размове з «Белсатам» адвакаты і юрысты.

Ілюстрацыя: мастак Дэ Лёс

У Беларусі экспертная дзяржаўная камісія ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ці адсутнасці ў ёй прыкметаў праяваў экстрэмізму ўзнікла ў жніўні ў 2014 годзе. Адначасова кіраўнікі аблвыканкамаў стварылі такія ж камісіі з чыноўнікаў, працаўнікоў КДБ, Мытнага камітэту ў кожнай вобласці. Прадстаўнікі камісіі ініцыююць разгляд і ў выпадку прызнання экстрэмісцкім рэсурс ці матэрыял заносяць у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Цяпер Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў мае 151 старонку. З гэтага амаль палову складаюць разгледжаныя справы за апошні год.

Акрамя гэтага, у траўні сёлета Лукашэнка падпісаў Закон аб змене законаў у пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму. Паводле гэтага дакументу, павялічылі паўнамоцтвы МУС і КДБ, якіх забавязалі выяўляць экстрэмізм у дзеяннях грамадзянаў.

«Экстрэмізмам сёння для чыноўнікаў – слова, тэрмін ці нагода для арышту любога без выключэння чалавека. Яны самыя не разумеюць, што такое экстрэмізм, бо ён ніяк не суадносіцца з існаю сітуацыяй. Але людзі ў выніку безабаронныя. Нават калі наняць адваката, гэта не дапаможа. У нас і адвакаты не абароненыя. Але варта абскарджваць такія прысуды. А пасля выхаду на свабоду фіксаваць такія парушэнні. Гэта ж чыняць канкрэтныя асобы», – лічыць юрыст, які размаўляў з карэспандэнтам «Белсату», але просіць не называць свайго імя.

Прававы дэфолт у Беларусі

У выніку, адзначае юрыст, грамадзяне аказаліся безабароннымі. Становішча з правамі чалавека і выкананнем заканадаўства ў гэтай сферы выклікае заклапочанасць. Яшчэ нейкі час таму праваабаронцы ахарактарызавалі існую сітуацыю як прававы дэфолт.

Артыкулы
«Нават смяротнае пакаранне». Юрыст Зікрацкі распавёў, што пагражае сілавікам і праз 15 гадоў
2021.08.27 10:27

«Яны сёння здольныя наагул на ўсё. Могуць і 70, і 80, і нават 100 содняў арышту прызначыць чалавеку практычна без абвінавачання ды нейкай віны. Сёння праблема ў тым, што пракуратура не вядзе нагляду, суды ўжываюць нормы закону так, як захочуць. Канечне, гэта абсалютнае парушэнне – асуджаць людзей на дзясяткі содняў арышту ды прызнаваць вінаватымі ні за што. Немагчыма паводле закону ўтрымліваць без перапынку ў арышце людзей, і яшчэ гледзячы за што», – кажа суразмоўца.

І сапраўды, сёння суды выносяць дзясяткі содняў арышту паводле адміністратыўных справаў. Гэтак, напрыклад, арыштавалі Сяргея Крупеніча і ягоную жонку Настассю Крупеніч-Кандрацьеву агулам на 71 дзень паводле адміністратыўнага «правапарушэння». Сілавікі склалі на сужэнцаў пяць пратаколаў паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, што змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»). Міліцыянты ўгледзелі, што муж і жонка перасылалі ў прыватных паведамленнях адно адному інфармацыю з «экстрэмісцкіх каналаў».

Hавiны
За «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы мужу і жонцы пяты раз запар прысудзілі адміністратыўны арышт
2021.09.13 21:15

«Калі браць канкрэтны гэты выпадак, то з гледзішча фармальнага ды існага заканадаўства гэта законна. Бо шторазу, калі перасылаецца паведамленне з экстрэмісцкага каналу іншай асобе, нават калі гэта сваяк, то гэта распаўсюд, за гэта прадугледжаная адказнасць. Калі ж казаць у цэлым, то відавочна, што калі пэўныя каналы, медыі, выданні адносяцца да экстрэмісцкіх, то гэта, зразумела, парушэнне свабоды выказвання думак. Бо ніякага экстрэмізму ў выказваннях няма. У сучаснай Беларусі да экстрэмізму адносяць усё, што не адпавядае палітыцы дзяржавы. Таму ў сітуацыі з асуджэннем сям’і мы бачым парушэнне свабоды выказвання думак», – патлумачыў у размове з «Белсатам» Сяргей Зікрацкі, юрыст, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях.

Іншадумства прыраўнялі да экстрэмізму

Юрыст звяртае ўвагу на тое, што адказнасць за правапарушэнні мае быць адэкватная. Але ў Беларусі сёння, кажа Сяргей Зікрацкі, заканадаўства вельмі жорстка ставіцца да ўсіх выяваў ды праяваў выказвання думак і пратэсту. Апошнія змены ў заканадаўстве павялічылі тэрміны за распаўсюд экстрэмізму і за ўдзел у масавых акцыях. Таксама значна распаўсюдзілі адказнасць за тое, што называюць экстрэмісцкаю дзейнасцю. Гэта яскравае пацверджанне неадэкватнай адказнасці за праступак.

«Дзяржава вельмі зацікаўленая ў тым, каб спыніць усе магчымыя формы пратэсту, каб грамадзянам было страшна выказваць сваю думку. Пры гэтым дзяржава вельмі баіцца нават таго, што адбываецца ў кухні, у сем’ях, каб гэтыя пытанні не падымаліся нават паміж самымі роднымі і блізкімі, а проста народ маўчаў. Дзяржава спадзяецца, што адказнасць і пераслед спыняць пратэставы настрой у грамадстве», – адзначае Сяргей Зікрацкі.

Юрысты ў Беларусі сёння кажуць, што ўжо нават і не выпадае здзіўляцца такім фактам, як прысуд за колер валасоў і шкарпэтак або пакаранне за прыватнае ліставанне. Склалася сітуацыя, калі людзі ў пагонах перасталі выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі ў абароне правоў і інтарэсаў грамадзянаў. Гэта павінна быць на першым месцы. Але на першым месцы – словы Лукашэнкі, які адзначыў, што часам бывае не да законаў.

Аб’ектыў
Прэса – гэта экстрэмізм
2021.08.13 22:53

СК belsat.eu

Стужка навінаў