40 % беларусаў не маюць грашовых ашчаджэнняў. Банкаўскім укладам давяраюць менш, чым «заначкам»


Даволі шмат грамадзянаў давяраюць інвестыцыям у пакупку нерухомасці, але цяпер такім шляхам няшмат людзей ашчаджаюць грошы.

Беларускія капейкі.
Фота: Белсат

«Банкаўскі веснік» Нацыянальнага банку Беларусі апублікаваў вынікі апытання беларусаў аб стратэгіях ашчаджэння, праведзенага ў студзені 2022 года. Пыталі і пра тое, як беларусы захоўваюць грошы, і пра тое, якім сродкам давяраюць. Колькасці апытаных і спосабу апытання не называюць, але спасылаюцца на даследаванне Палескага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Найчасцей беларусы захоўваюць грошы проста на банкаўскіх картках або ў наяўных: 29,9 % апытаных – у беларускіх рублях, 28 % – у валюце. На банкаўскіх дэпазітах пад адсоткі захоўваюць рублі 7,3 %, валюту – 6,3 %.

Спосабы ашчаджэння, якія выбіраюць беларусы. Апытанне ў студзені 2022 года. Выява: nbrb.by

Праз пакупку тавараў доўгага выкарыстання ашчаджае грошы 5,6 % апытаных, праз пакупку нерухомасці – 4,2 %, у крыптавалюце – 2,9 %, шляхам інвестыцыяў і бізнес і ў каштоўных металах – па 2 %, у каштоўных паперах – 1,9 %, праз гульні на фінансавых рынках – 1,8 %.

Пры тым з пачатку года агульная сума дэпазітаў у беларускіх рублях павялічылася больш як на 724 млн, за ліпень тэрміновыя рублёвыя ўклады выраслі на 95 млн і дасягнулі рэкордных 5,8 млрд рублёў. Аб’ём валютных укладаў – 4,59 млрд долараў, што на амаль 500 млн менш, чым было на пачатку года, і на 2,4 млрд менш, чым было паўтара года таму.

Нічога з пералічанага не выкарыстоўваюць 39,9 %, пры тым 16,2 % лічаць гэта найбольш надзейным спосабам ашчаджэння грошай – не ашчаджаць. Каля 25 % кажуць, што проста не могуць зберагаць грошы, а 9 % – што не могуць дазволіць укладацца ў тавары доўгага спажывання.

Найбольш надзейнымі спосабамі ашчаджэння лічаць валюту на картцы ці наяўнымі (39,7 %), беларускія рублі наяўнымі ці на картцы (39,7 %) і пакупку нерухомасці (33,2 %). Банкаўскія дэпазіты лічаць надзейнымі 21,1 % для валюты і 17 % для рублёў.

Аналітыка
Колькасць падаткаў для насельніцтва вырасла, але мэтазгоднасць гэтай захады пад пытаннем 
2022.08.12 19:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў