Прысуд Сцяпану Латыпаву, чарговае сведчанне пра загад міліцыянтам збіваць людзей. Галоўнае за 16 жніўня


Belsat.eu падводзіць вынікі 16 жніўня – 373-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Прысуд Латыпаву

У судзе Савецкага раёну Менску днём 16 жніўня абвесцілі вырак палітвязню Сцяпану Латыпаву: 8,5 года ўкалоніі ўзмоцненага рэжыму і 8700 рублёў штрафу, піша «Вясна».

Затрыманне Сцяпана Латыпава.
Фота: Tut.by

Пракурор Уладзімір Рабаў запытаў у суда менавіта такое пакаранне. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Волк.

Латыпава назвалі вінаватым у стварэнні telegram-чату, майстэрні для вырабу пратэставай сімволікі, у супраціве міліцыянтам. Да таго ж прадпрымальніка вінавацяць ва ўвядзенні ў зман кліентаў падчас аказання паслуг хімічнай абароны раслінаў.

Сцяпан Латыпаў не прызнае віны ні ў адным з эпізодаў, якія яму інкрымінуюць. На судзе ён адмовіўся даваць паказанні, толькі расказаў пра катаванні за кратамі.

Артыкулы
Палітвязня Латыпава асудзілі на 8,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прасіў сілавікоў назвацца
2021.08.16 15:40

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня 2020 года ў двары, калі ён прасіў сілавікоў у масках прадставіцца. Удома ў яго правялі ператрус. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта планаваў атруціць сілавікоў ядахімікатамі, якія набываў для знішчэння баршчэўніка. Аднак у выніку выставілі абвінавачанне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, супраціве пры затрыманні і ў махлярстве ў асабліва буйным памеры.

На паседжанні 1 чэрвеня палітвязень заявіў пра пагрозы ягонаму бацьку і суседзям ды пра невыносныя катаванні: 51 дзень у так званай прэс-хаце – адмысловай камеры для катаванняў, дзе літаральна выбіваюць прызнальныя паказанні. Спецслужбы праслухоўвалі тэлефон Сцяпана Латыпава за тры месяцы да яго затрымання.

На знак пратэсту супраць катаванняў Латыпаў парэзаў сабе горла ў судзе, ён быў шпіталізаваны, яму зрабілі аперацыю. Але ўжо на наступны дзень яго вярнулі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Артыкулы
Сцяпан Латыпаў у апошнім слове ў судзе распавёў пра збіццё, катаванні і спробу самагубства
2021.08.12 19:28

Падпалкоўнік МУС Максімовіч летась у жніўні загадаў збіваць людзей

Яшчэ адзін запіс размовы міліцыянтаў па ўнутранай сувязі МУС апублікавалі «Кіберпартызаны». Хакеры сцвярджаюць, што атрымалі доступ да запісаў пасля ўзлому засакрэчаных сервераў Дэпартаменту забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС.

У чарговым аўдыязапісе размовы чалавек з голасам, падобным да голасу палкоўніка Мікалая Максімовіча, які ёсць намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Менаблвыканкаму, аддае загады іншаму кіраўніку РАУС, чыя асоба пакуль не ўсталяваная, жорстка збіваць і разганяць людзей з вуліцаў гораду. Раней група хакераў «Кіберпартызаны» апублікавала запіс размовы меркавана Максімовіча з кіраўніком АУС Салігорску Аляксандрам Шараварам.

Міалай Максімовіч.
Фота: karatelibelarusi/ telegram
Артыкулы
Падпалкоўнік МУС Максімовіч летась у жніўні загадаў збіваць усіх, хто можа браць удзел у пратэстах
2021.08.16 17:18

АДКБ мусіць адрэагаваць на пагрозу з Афганістану

Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы, у якую ўваходзяць Беларусь, Расея, Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан, правядзе вучэнні на таджыкска-афганскай мяжы, нягледзячы на наступ тэрарыстаў «Талібана» ў Афганістане, расказаў БелТА старшыня АДКБ Станіслаў Зась.

Паводле Зася, хоць талібы і кантралююць большую частку Афганістана і яго межы, «неабходнасці ў задзейнічанні механізмаў АДКБ няма», бо Таджыкістан сваю мяжу кантралюе. Пры тым сітуацыя «выклікае занепакоенасць». Пра гэта яму паведаміў міністр абароны Таджыкістана ў тэлефоннай размове 16 жніўня.

«У выпадку абвастрэння становішча і пагрозы бяспекі Рэспубліцы Таджыкістан для аказання дапамогі саюзніку будуць прынятыя ўсе неабходныя калектыўныя захады, прадугледжаныя статутнымі дакументамі», – дадаў Зась.

Беларусь – чалец АДКБ і тэарэтычна можа выслаць туды свае войскі.

Hавiны
АДКБ рыхтуецца да вучэнняў на таджыкска-афганскай мяжы. Ці адправяць туды беларусаў, невядома
2021.08.16 15:04

Ціманоўская выйшла на спаборніцтвы

Беларуская спартоўка Крысціна Ціманоўская ўзяла ўдзел у спаборніцтвах у польскім Шчэціне – упершыню з Алімпіяды, адкуль яе супраць волі хацелі вывезці ў Беларусь, а ў выніку эвакуявалі ў Польшчу.

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская пазірую для партрэта. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Крысціна Ціманоўская расказала польскаму тэлеканалу TVP Sport, што не трэнавалася тры тыдні, што для спрынтараў вельмі шмат. Аднак 15 жніўня яна прабегла дыстанцыі ў 100 і 200 метраў.

Яна ўзяла ўдзел у спаборніцтвах «Мемарыял Веслава Маніка» ў польскім горадзе Шчэцін. Спонсарства польскай кампаніі «PKN Orlen» дазваляе ёй працягнуць трэнаванні і ўдзельнічаць у спаборніцтвах – яна кажа, гэта выводзіць яе ў новае жыццё і новы спартовы этап.

Hавiны
Ціманоўская зноў бяжыць: атлетка ўзяла ўдзел у першых спаборніцтвах у Польшчы
2021.08.16 10:13

На аднаўленне касцёлу ў Будславе сабралі больш за мільён рублёў

Пра дасягненне сумы 1 млн рублёў у фондзе на аднаўленне Будслаўскага касцёлу раніцай 16 жніўня паведаміў Telegram-канал «Адновім Будслаў разам». Збору грошай не спыняюць.

Будслаўскі фэст, 3 ліпеня 2021 г.
Фота: Белсат

Цяпер каля храму ідуць падрыхтоўчыя працы: паставілі будаўнічы кран, рыхтуюць рыштаванні, каб працаваць на даху. Раней дапамагала нямала валанцёраў.

Hавiны
На аднаўленне касцёлу ў Будславе сабралі больш за мільён рублёў
2021.08.16 13:31

СК belsat.eu

Стужка навінаў