Пірацкую версію фільму «Купала» выдалілі з YouTube. Легальна яго так і не паказалі беларусам


Чарнавы мантаж фільму «Купала» выклалі ў сацсеткі ў верасні 2020 года. У лістападзе яго фінальную версію паказалі ў Маскве. Калі яе пабачаць беларусы, не вядома.

Кадр з фільму «Купала».
Фота: «Беларусьфільм» / mpfest.ru

На YouTube заблакавалі доступ да відэа чарнавога мантажу фільму «Купала» пасля скаргі «Беларусьфільму». Стужку па-пірацку выклалі ў сеціва ў верасні 2020 года. Гэтую версію фільму ўсё яшчэ можна знайсці ў іншых каналах – але толькі нелегальна і толькі «чарнавік».

Фільм ужо гатовы. Яго паказвалі ў Расеі 14 лістапада 2020 года на фестывалі «Московская премьера», дзе ён атрымаў прыз «Падзея кінематаграфічнага года».

Беларускую прэм’еру планавалі яшчэ на канец 2019 года, але ўсё яшчэ не зладзілі. Рэжысёр фільму Уладзімір Янкоўскі казаў у 2019-м, што фільм выслалі Аляксандру Лукашэнку: «Як толькі «Купалу» паглядзіць ён, будзе прагляд для грамадскасці».

Пазней Янкоўскі казаў, што чарнавік, які ўцёк у сеціва, гэта «не той фільм, які ён рабіў, гэты матэрыял наогул не кіно»: выклалі адзін з першых мантажоў без звядзення гуку, без графікі і без постпрадакшну.

Меркаванні
Бязлітасны тэлеграм-бунт. Чаму я не буду глядзець «Купалу» ў інтэрнэце
2020.09.09 14:52

«Купалу» пачалі здымаць на «Беларусьфільме» ў 2018 годзе. Гістарычная драма расказвае пра лёс народнага паэта Янкі Купалы, вакол якога адбываюцца трагічныя і драматычныя падзеі ХХ стагоддзя. Галоўныя ролі выканалі Мікалай Шэстак, Вераніка Пляшкевіч, Алена Гіронак, Ганна Палупанава, Аляксандр Абрамовіч і сам Уладзімір Янкоўскі.

Тым часам на «Белсаце» можна легальна паглядзець дакументальныя фільмы пра загадкавую смерць Янкі Купалы і пра таямніцы яго каханай, а таксама відэаспектакль паводле «Тутэйшых» Купалы.

АА belsat.eu

Стужка навінаў