Літва і Латвія працягнулі разварочваць мігрантаў з Беларусі. Некаторыя спрабуюць прайсці зноў


У ноч на панядзелак Літва не пусціла з беларускага боку некалькі дзясяткаў мігрантаў з трэціх краінаў, якія спрабавалі перайсці мяжу нелегальна. У Латвію штодзень спрабуе нелегальна прабрацца каля 50 чалавек.

Ілюстрацыйнае фота. Мігранты, якіх польскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю. 9 жніўня 2021 года.
Фота:strazgraniczna.pl

Па стане на раніцу 16 жніўня літоўскія памежнікі не пусцілі ў Літву «некалькі дзясяткаў» мігрантаў, якія спрабавалі перайсці беларуска-літоўскую мяжу, піша літоўскае выданне Delfi.

У Літве было некалькі выпадкаў, калі адныя і тыя ж асобы некалькі разоў спрабавалі нелегальна трапіць у краіну. Літоўскія памежнікі падкрэсліваюць, што не ўжывалі зброі, фізічнага прымусу ці спецыяльных захадаў.

Hавiны
Прэзідэнт Латвіі падказаў мігрантам: «Можаце прасіць прытулку ў Беларусі»
2021.08.14 09:37

З Латвіі ў Беларусь развярнулі ўжо 395 чалавек з пачатку крызісу, расказаў латвійскаму Delfi кіраўнік Памежнай службы Гунтыс Пуяц: у сярэднім на дзень праз беларускую мяжу спрабуе нелегальна трапіць у краіну каля 50 чалавек, у мінулы чацвер спрабаваў 101.

Памежнікі Латвіі ўжываюць «захады стрымлівання»: тлумачаць на арабскай мове незаконнасць пераходу, папярэджваюць пра наступствы. Тым, хто ўсё ж трапіў у Латвію, даюць ежу і ладзяць медычны агляд – калі ўсё нармальна, іх высылаюць назад.

Пуяц адзначыў незвычайны выпадак. Аднаго мігранта з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі давялося шпіталізаваць у Латвіі. Той чалавек не мог сам паклапаціцца пра сябе, а людзей, якія пераправілі яго праз мяжу, развярнулі ў Беларусь.

Кіраўнік латвійскіх памежнікаў заяўляе, што з боку Беларусі мігрантаў «выцясняюць».

Hавiны
Даследчыкі з Нямеччыны і Расеі пацвердзілі, што за пастаўкамі мігрантаў стаяць улады Беларусі
2021.08.13 18:09

Польскія памежнікі апошнімі днямі не паведамлялі пра затрыманне ці вяртанне ў Беларусь мігрантаў з трэціх краінаў. Аднак крызіс закранае і палякаў: па стане на 14 жніўня польскі бок налічыў 871 чалавека, якія з пачатку 2021 года незаконна перайшлі мяжу з беларускага боку, тады як за цэлы 2020 год такіх было 114.

АА belsat.eu

Стужка навінаў