Расейскія дэсантнікі прыгразілі кабінетным: Здымемся з пазіцыяў і пойдзем на выручку Бацю


Вайскоўцы 7-й дэсантна-штурмавой дывізіі ПДВ Расеі выступілі ў абарону свайго камандуючага. Іх аўдыёзварот апублікавала выданне «Московская прачечная».

Міхаіл Цяплінскі.
Фота: rzn.info

Паводле яго, дэсантнікі звярнуліся да Мінабароны РФ, абараняючы генерал-палкоўніка Міхаіла Цяплінскага. Нагодай для гэтага стала зняцце з пасады камандзіра 106-й паветрана-дэсантнай дывізіі ПДВ генерал-маёра Уладзіміра Селівёрстава і адхіленне ад камандавання 7 дэсантна-штурмавой дывізіі генерал-маёра Аляксандра Корнева.

«Мы, дэсантнікі, папярэджваем, што мы не будзем трываць падобных дзеянняў у дачыненні генерала Цяплінскага. А ў выпадку найменшай пагрозы ягонаму жыццю і свабодзе мы станем сцяной на абарону гонару і годнасці нашага камандуючага. Мы настаўленыя вельмі рашуча. Аж да таго, што здымемся з пазіцыяў і пойдзем на выручку нашаму Бацю. Вы, тыя, якія сядзяць у кабінетах! Дэсант сваіх не кідае! Не рабіце фатальных памылак», – гаворыцца ў аўдыёзвароце.

Разлажэнне арміі – пытанне часу

Каментуючы пагрозы дэсантнікаў, расейскі публіцыст Анатолій Несміян адзначыў, што «развал войска ідзе паводле класічнага сцэнара шматтысячагадовай гісторыі чалавецтва».

«Параза заўсёды прыводзіць да закісання, а закісанне – да росту хаатычных сюжэтаў. А ўжо калі палітычнае кіраўніцтва ў якасці базавага сцэнара сваіх дзеянняў заўсёды выбірае заплюшчаныя вочы і гульню ў хованкі з праблемамі, то разлажэнне арміі падчас вайны робіцца пытаннем часу, прычым заўсёды вельмі кароткага», – заявіў ён.

Не першая адстаўка

Гэта ўжо не першы скандал з адхіленнем расейскіх генералаў за апошнія дні. Гэтак, 12 ліпеня былы камандуючы 58-й арміяй, дэпутат Дзярждумы Андрэй Гурулёў апублікаваў аўдыёзварот камандуючага арміяй генерал-маёра Івана Папова, які днямі быў адхілены ад сваёй пасады.

«Узнікла складаная сітуацыя са старшым начальствам, калі трэба было або змаўчаць і змаладушнічаць і сказаць тое, што яны хацелі пачуць, альбо назваць рэчы сваймі імёнамі. Я ў імя ўсіх загінулых нашых сяброў абазначыў усе праблемныя пытанні, якія існуюць на сённяшні дзень у арміі», – растлумачыў ён прычыны сваёй адстаўкі.

Паводле яго, праз гэта начальства адчула ў ім нейкую пагрозу і за адзін дзень «падрыхтавала загад міністра абароны», вывелі яго з распараджэння і ад яго «пазбавіліся».

«Наша войска не маглі прабіць з фронту вайскоўцы ЗСУ, нас ударыў з тылу наш старшы начальнік, здрадліва і подла абезгаловіў войска ў самы цяжкі момант», – працытаваў Папоў нейкіх камандзіраў палкоў і дывізіяў, з якімі ён абмяркоўваў сітуацыю.

Канкрэтных прозвішчаў ён не назваў, аднак z-блогеры паведамлялі напярэдадні, што ягоная адстаўка адбылася пасля дакладу кіраўніку Генштабу Валерыю Герасімаву. Той, сцвярджалі аўтары «Grey Zone», расцаніў даклад Папова як «дэзынфармацыю і панікёрства», а калі камандуючы сказаў, што данясе вайсковыя праблемы да прэзідэнта, кіраўнік Генштабу расцаніў гэта як шантаж, пасля чаго генерал-маёр і быў адхілены ад камандавання.

Тым часам «The Wall Street Journa» піша, што пасля мяцяжу і намеру дайсці да Масквы ПВК Вагнэра пад кіраўніцтвам Яўгена Прыгожына як мінімум 13 высокапастаўленых расейскіх афіцэраў былі затрыманыя, а некаторых з іх пасля допытаў звольнілі са службы.

Hавiны
Пасля мяцяжу Прыгожына былі затрыманыя 13 высокапастаўленых расейскіх вайскоўцаў
2023.07.13 21:19

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў