Як падаць заяву для гуманітарнага віду на жыхарства ў Польшчы? Ёсць «падводны камень» і шляхі абыходу


З 9 ліпеня Польшча спрасціла працэдуру атрымання часовага віду на жыхарства для беларусаў з гуманітарнымі візамі. Аднак ёсць нюанс: праз тэхнічныя праблемы падаць заяву няпроста.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аддзел справаў іншаземцаў Мазавецкага ваяводства ў Варшаве.
Фота: Wlodzimierz Wasyluk / Forum

Са жніўня 2020 года да канца 2021 года Польшча прыняла 23 тысячы рэпрэсаваных беларусаў, а з верасня 2020 года да траўня 2022 года Польшча выдала беларусам 340 тысяч шэнгенскіх візаў – на 30 тысяч больш за ўсе іншыя краіны шэнгенскай зоны, разам узятыя. З пачаткам вайны ва Украіне ў Польшчу паехала новая хваля беларускіх уцекачоў: хто ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, хто ад вайны ў краіне, дзе быў папярэдні прытулак.

Як легалізавацца ў самой Польшчы

Варыянтаў шмат: праз працу, навучанне, валанцёрства… Неўзабаве з’явіцца варыянт для тых, хто трапіў у Польшчу і не можа вярнуцца ў Беларусь з палітычных прычынаў: з 1 жніўня Польшча можа пачаць выдаваць гуманітарныя візы проста ў Варшаве, з верасня – у Беластоку, Любліне і Познані. Як дакладна гэта будзе адбывацца, пакуль невядома.

Грамадзяне Беларусі, якія ўжо маюць польскую гуманітарную візу (з пазнакай «D 21») і застаюцца ў Польшчы, могуць атрымаць часовы «гуманітарны» від на жыхарства («pobyt czasowy») паводле спрошчанай працэдуры, адразу на тры гады і без аплаты гербавага збору.

Як атрымаць «гуманітарны» від на жыхарства

Падаваць дакументы на від на жыхарства трэба праз аддзелы грамадзянскіх справаў і справаў іншаземцаў у ваяводскіх управах (польскія «аблвыканкамы»). У Мазавецкім, Малапольскім і Велькапольскім ваяводствах яны завуцца проста аддзеламі справаў іншаземцаў.

У розных ваяводствах розныя правілы: дзесьці трэба проста прыйсці асабіста, дзесьці напісаць на электронную пошту ці патэлефанаваць на адпаведны нумар, дзесьці – спачатку зарэгістравацца ў электроннай чарзе. На сайтах аддзелаў справаў іншаземцаў трэба шукаць пункт «Замежнікі» («Cudzoziemcy») або «Легалізацыя жыхарства замежнікаў» («Legalizacja pobytu cudzoziemców»), а там – «Часовы від на жыхарства» («Pobyt czasowy»). Калі няма пункту пра гуманітарныя падставы, абірайце «Іншыя абставіны» («Inne okoliczności»). Некаторыя сайты ваяводстваў маюць толькі польскамоўную версію, але з польскай на беларускую і расейскую някепска перакладае сэрвіс «Google Translate».

Спасылкі на старонкі адпаведных аддзелаў тут, але не ўсе яны актуальныя. Для Куяўска-Паморскага ваяводства дзейная старонка тут (запіс у чаргу тут), Любельскага – тут, Лодзьскага – тут (запіс у чаргу тут), Мазавецкага – тут, Апольскага – тут, Велькапольскага – тут.

Спіс дакументаў для «гуманітарнага» віду на жыхарства не акрэслены дакладна ў інструкцыях: на сайтах ваяводстваў ёсць інструкцыі на іншыя віды ВНЖ (напрыклад, тут на сайце Мазавецкага ваяводства). Знаёмыя з працэдурай кажуць, што для «гуманітарнага» ВНЖ патрэбныя толькі запоўненая анкета, тры свежыя фота 45×35 мм і ксеракопіі ўсіх запоўненых старонак пашпарта (а даведкі пра даход, страхоўку і месца жыхарства не патрэбныя).

Рыхтуйцеся, анкета вялікая

У заяўцы на від на жыхарства вас папросяць пазначыць не толькі імя і нумар PESEL, а яшчэ шмат дэталяў: ад імя бацькі і імя маці да росту і колеру вачэй, наяўнасці татуяванняў, а таксама даты і падставы ўсіх папярэдніх візітаў у Польшчу і ўсе візіты ў іншыя краіны за апошнія пяць гадоў…

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская нацыянальная віза.
Фота: Белсат

У мяне не працуе!

Польскія дзяржаўныя інтэрнэт-сэрвісы далёка не заўсёды працуюць як належыць: многія сайты тэхнічна састарэлі, шмат дзе праблемы з арганізацыяй электронных чэргаў. Таксама як у «выканкам», бывае няпроста запісацца ў паліклініку.

Запіс у чаргу на ВНЖ працуе не паўсюль: напрыклад, у Куяўска-Паморскім, Любельскім, Лодзьскім, Мазавецкім і Велькапольскім ваяводствах «няма датаў», на якія можна запісацца, а ў Апольскім «сістэма часова адключаная». Людзі, якія праходзілі такія працэдуры, кажуць, што «квіткі» можна тыднямі «лавіць» на сайтах, але ўрэшце атрымаць запіс на нейкую дату.

У выпадках, калі запіс у чаргу не працуе, трэба спрабаваць стэлефанавацца з адпаведным аддзелам справаў замежнікаў або асабіста ісці па дапамогу ў адпаведны аддзел.

Яшчэ адзін лайфхак: напісаць на электронную пошту ліст – маўляў, што рабіць, не магу да вас запісацца. Часам гэта спрацоўвае, вам могуць прапанаваць нават канкрэтную дату візіту – такі вось індывідуальны падыход.

Яшчэ варыянт – выслаць дакументы папяровай поштай. Абавязкова дасылайце з паведамленнем аб дастаўцы (list polecony priorytetowy).

А да так званых пасярэднікаў звяртацца не раім. Аніводзін з іх не дае гарантыі на паспяховае атрыманне дакументаў, а вось каля 900 злотых вы заплаціце.

Паспрабавалі самі

Праверылі, як падаць дакументы на «гуманітарны» ВНЖ на ўласным досведзе ў Варшаве (гэта Мазавецкае ваяводства) без удзелу пасярэднікаў.

Запісацца на падачу дакументаў праз адпаведную старонку inpol.mazowieckie.pl немагчыма: «няма датаў». Ходзяць чуткі, што квіткі нібыта з’яўляюцца ў пэўны час, як то шостая вечара, гадзіна ночы ці шостая раніцы, але ў гэты час у нас таксама не з’явілася слотаў для запісу – мы правяралі шмат дзён запар.

Кабінет прыёму заяваў у аддзеле справаў іншаземцаў Мазавецкага ваяводства ў Варшаве.
Фота: Белсат

Прыйшлі без запісу спытаць, што рабіць. У аддзеле на вуліцы Маршалкоўскай спецыялісты кажуць запісвацца праз інтэрнэт і адсылаюць да акенца «інфармацыя» на ўваходзе, але ў тым акенцы няма працаўніка – яго замяняе ахоўнік, які кансультуе наведнікаў. Ахоўнік дае папяровую інструкцыю (ёсць на польскай, англійскай, расейскай, украінскай мовах), што адсылае да згаданага вышэй сайту inpol.mazowieckie.pl, альтэрнатыўнай старонкі kolejka-wsc.mazowieckie.pl або папяровай пошты.

Сайт inpol.mazowieckie.pl не заўсёды загружаецца належным чынам і часам не дае нават захаваць запоўненай формы. На гэта спецыялісты раяць зайсці на сайт не з тэлефона, а са стацыянарнага камп’ютара (або наадварот). Далёка не з першай спробы сайт усё ж дае запоўніць форму заяўкі, але не дае запісацца ў чаргу. Пры гэтым на падачу дакументаў – чэргі. То бок хтосьці рэальна змог запісацца онлайн.

Інструкцыя аб падачы заяваў, якую выдаюць у аддзеле справаў замежнікаў Мазавецкага ваяводства.
Фота: Белсат

Урэшце (таксама далёка не з першага разу) спрацоўвае «альтэрнатыўная» спасылка, пазначаная на адваротным баку інструкцыі: kolejka-wsc.mazowieckie.pl. Там можна запісацца не ў чаргу Х, а ў чаргу А «сёння на сёння» ці «сёння на заўтра» (другі варыянт часам не працуе: «няма датаў»). Час падачы заяваў – першая палова дня ў будныя дні, таму калі працуеце, будзьце гатовыя прасіць адгул.

Чарга А адрозніваецца ад чаргі Х тым, што там толькі прымаюць гатовы камплект дакументаў і не даюць ніякіх кансультацыяў. Тэрмін разгляду праз гэтую чаргу даўжэйшы. Калі нешта наблыталі ці не падалі, працэдура зацягнецца.

Абвесткі ў чарзе А ў аддзеле іншаземцаў.
Фота: Белсат

Запіс праз тэлефон ці электронную пошту ў варшаўскі «аблвыканкам» фармальна немагчымы. Але мы ведаем тых, у каго менавіта праз электронную пошту атрымалася заняць чаргу.

Служба падтрымання першага сайту inpol.mazowieckie.pl не адказала нам на электронны ліст. Адказ прыйшоў ад сакратарыяту аддзелу справаў іншаземцаў Мазавецкага ваяводства. Там параілі запісвацца праз сайт inpol.mazowieckie.pl: тлумачаць, што квіткі на ім з’яўляюцца а васямнаццатай гадзіне і хутка разбіраюцца, бо колькасць месцаў у чарзе абмежаваная праз пандэмію каронавіруса. Раяць таксама адсылаць дакументы папяровай поштай. Пра другі сайт (kolejka-wsc.mazowieckie.pl) не згадваюць, але адносна працы аддзелу справаў іншаземцаў раяць таксама пісаць праз форму на сайце ваяводства.

На пазначаным на сайце тэлефоне працуе шматмоўны аўтаадказнік, які таксама падказвае: калі не працуе запіс у электроннай чарзе, заяву разам з камплектам дакументаў (чатыры фота, копіі старонак пашпарта ды іншыя дакументы, калі такія патрэбныя) трэба выслаць папяровай поштай на адрас 00-624 Warszawa, ul. Marszałkowska 3 / 5, Wydział Spraw Cudzoziemców.

Парады
Перадайце беларусам у Польшчы: гэты бот адкажа на галоўныя пытанні пра легалізацыю, медыцыну, транспарт
2022.07.02 15:12

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў