Па каго прыйшлі. Кароткі гід па арганізацыях, у якіх былі ператрусы


У час «зачысткі» 14 і 15 ліпеня сілавікі прыйшлі ці не да ўсіх праваабарончых арганізацыяў Беларусі. Але не толькі да іх: і да пісьменнікаў, і да эканамістаў…

Мінулы ператрус у офісе БАЖу. Менск, Беларусь. 16 лютага 2021 году.
Фота: АД / Белсат

«Белсат» сцісла расказвае пра кожную арганізацыю, у якой прайшоў ператрус або чальцоў якой затрымлівалі ці дапытвалі.

Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) – правацэнтрысцкая палітычная партыя, утвораная ў 1995 годзе праз злучэнне Грамадзянскай партыі і Аб’яднанай дэмакратычнай партыі. У 2006 годзе тагачасны старшыня арганізацыі Анатоль Лябедзька (у яго 14 ліпеня быў ператрус, як і ў офісе партыі) саступіў некалькі галасоў пры выбары адзінага кандыдата ад апазіцыі, у 2010 годзе кандыдатам на прэзідэнцтва ад партыі быў Яраслаў Раманчук (у якога таксама быў ператрус), у 2016 годзе ў Палату прадстаўнікоў ад АГП прайшла Ганна Канапацкая, якая на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ўжо балатавалася як беспартыйная, а старшыня партыі Мікалай Казлоў і сябра партыі Уладзімір Няпомняшчых (за кратамі са снежня-2020) збіралі подпісы, але не здавалі іх у ЦВК). У кааліцыі з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй і рухам «За Свабоду».

Аналітыка
Што будзе з палітычнымі партыямі ў Беларусі? Ад БНФ да партыі Бабарыкі і партыяў Васкрасенскага
2021.06.30 08:37

«Адвакацыя» – полацкі цэнтр інфармацыйна-прававога падтрымання неабароненых групаў. Займаецца праблемамі грамадзянаў з чыноўнікамі, працаўладкаваннем, дыскрымінацыяй. Напрыклад, нядаўна «Адвакацыя» займалася праблемай парэнчаў у доме для інвалідаў і вяртаннем скасаванага аўтобуснага прыпынку. Праз суд дамаглася рэгістрацыі ў 2019 годзе.

«Акт» – грамадзянскае асветніцкае аб’яднанне, зарэгістраванае ў 2002 годзе, аб’ядноўвае два дзясяткі беларускіх і ўкраінскіх трэнераў, ладзіць экспертную падтрымку і адукацыйныя мерапрыемствы для грамадзянскай супольнасці. Займаецца тэмамі ад дзяржаўнай сацыяльнай замовы да прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі. Сілавікі прыйшлі ў «Акт» 15 ліпеня.

Артыкулы
Затрыманых праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў прызналі палітвязнямі
2021.07.15 16:43

«Бацькаўшчына» – згуртаванне беларусаў свету, заснаванае ў 1991 годзе. Займаецца інфармаваннем пра ініцыятывы і жыццё беларусаў за мяжой, удзельнічае ў акцыях і імпрэзах, выдае кнігі і бюлетэні, дапамагае беларусам замежжа падтрымліваць кантакт з метраполіяй і не губляць ідэнтычнасці. Сярод іншага, ладзіла з’езды беларусаў свету, распрацоўвала прапановы правак у заканадаўства Беларусі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў – заснаванае ў 1995 годзе прафесійнае аб’яднанне, якое ўваходзіць у Міжнародную федэрацыю журналістаў як асацыяваны чалец. Займаецца абаронай правоў журналістаў, займаецца прафесійнай адукацыяй і асветніцтвам, ладзіць маніторынгі парушэння заканадаўства і стану незалежных медыяў.

Hавiны
Мінюст вынес папярэджанне БАЖ
2021.07.15 18:20

Беларускі Хельсінкскі камітэт – заснаваная ў 1995 годзе праваабарончая ўстанова (сярод заснавальнікаў – Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Святлана Алексіевіч і іншыя вядомыя дзеячы культуры і навукі). Сочыць за парушэннем правоў чалавека, надае прававую падтрымку, ладзіць адукацыйныя семінары і трэнінгі, выдае адмысловую літаратуру.

БНФ «Адраджэнне» – грамадска-палітычны рух, заснаваны ў 1988 годзе. На яго аснове ў 1993 годзе ўтварылася Партыя БНФ, а «Адраджэнне» засталася грамадскім аб’яднаннем, якое робіць аналізы і даследаванні, ладзіць грамадскія абмеркаванні, талаку для дагляду помнікаў гісторыі і культуры, але таксама ўдзельнічае ў палітычных кампаніях (не канкуруе з Партыяй БНФ).

Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна».
Фота: уласны архіў героя

«Вясна» – самы вядомы праваабарончы цэнтр Беларусі, які дзейнічае з 1996 года. Затрыманыя старшыня, намеснік старшыні і шэраг вядомых праваабаронцаў як у сталіцы, так і ў іншых гарадах. Падрабязна пра гісторыю і дзейнасць «Вясны» мы расказвалі тут. 14 ліпеня затрымалі старшыню і яшчэ 7 праваабаронцаў арганізацыі.

Артыкулы
Што такое «Вясна»? Кароткая гісторыя праваабарончага цэнтру, на які напала дзяржава
2021.07.14 15:55

«Гавары праўду»– грамадская арганізацыя, якая зʼявілася падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, на якіх выстаўляла кандыдатам Уладзіміра Някляева. У 2015-м ад «Гавары праўду» на прэзідэнцкіх выбарах балатавалася Таццяна Караткевіч. У 2020-м – Андрэй Дзмітрыеў. Апроч удзелу ў прэзідэнцкіх гонках актывісты «Гавары праўду» дапамагалі лакальным супольнасцям вырашаць праблемы з добраўпарадкаваннем дарог і двароў. Сёлета Дзмітрыеў абвесціў намер стварыць палітычную партыю на базе «Гавары праўду» (рабочая назва – «Наша партыя»). Да арганізацыі сілавікі прыйшлі ў офіс 15 ліпеня.

«Гендарныя перспектывы» – грамадская арганізацыя, якую група жанчын утварыла ў 2010 годзе дзеля спрыяння фактычнай роўнасці мужчынаў і жанчын, выкаранення дыскрымінацыі паводле полу, перадухілення гендарнага і бытавога гвалту. Дапамагае пацярпелым ад гвалту, праводзіць навучальныя імпрэзы, настойвае на прыняцці закону супраць хатняга гвалту.

Hавiны
Пасля аблавы на НДА перастала працаваць гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту
2021.07.15 17:22

«Грамадзянскі форум» – створаная ў 1996 годзе арганізацыя, якая да 2000 года была моладзевай арганізацыяй АГП, адкалолася пасля адмовы партыі байкатаваць выбары. Цяпер ладзіць семінары, канферэнцыі і курсы з мэтай прыцягнуць моладзь да грамадзянскай актыўнасці і распаўсюдзіць ліберальныя каштоўнасці. Выстаўляе кандыдатаў на выбарах і назірае за галасаваннем.

«Імёны» – інтэрнэт-часопіс і пляцоўка для ахвяраванняў на дабрачыннасць. Расказвае аб праблемах людзей з цяжкімі хваробамі, дзяцей-сіротаў, былых зняволеных, ахвяраў хатняга гвалту, людзей з залежнасцямі… Прынцыповая пазіцыя часопісу – збіраць грошы не на індывідуальную дапамогу, а на пераадоленне сістэмных праблемаў. Як сцвярджае часопіс, за пяць гадоў працы чытачы пералічылі на сацыяльныя праекты 7 мільёнаў рублёў.

«Лабараторыя Novak» – заснаваны ў 1992 годзе даследчы цэнтр, які займаецца рознымі відамі сацыялагічных і маркетынгавых даследаванняў і экспертызаў, ад вулічных апытанняў і апытанняў экспертаў да аналізу каналаў збыту прадукцыі ці высылкі «таемнага пакупніка».

«​Новыя твары» – беларускае моладзевае грамадскае аб’яднанне. Прыходзілі дамоў да кіраўніцы і намесніка, забралі статут, пячатку, чэкі за пераводы з-за мяжы, якія не датычацца дзейнасці арганізацыі, канфіскавалі камп’ютар. Таксама прадстаўнікі ГУБАЗіКу прыходзілі ў офіс, але там нікога з нас не было.

Артыкулы
Таццяна Гацура-Яворская: «Грамадскі сектар будуць зараўноўваць у асфальт, але ў пэўны момант штосьці зломіцца ўнутры сістэмы»
2021.07.15 14:59

«Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыяў» – заснаваная ў 2011 годзе ўстанова, якая ладзіць адукацыйныя курсы, экалагічныя акцыі і праграмы падтрымання мясцовых ініцыятываў, арыентуецца найперш на моладзь і жанчын.

«Пост» – заснаваны ў 1997 годзе адукацыйны цэнтр, які арыентуецца на нефармальную адукацыю. Часта ладзіў «ларпы» – адукацыйныя ролевыя гульні ўжывую. Быў ператрус у старшыні праўлення Сафіі Емяльянавай.

ПЭН-цэнтр – заснаванае ў 1989 годзе аб’яднанне прафесійных літаратараў (назва паходзіць ад трыа «паэты, эсэісты і навелісты»), якое ладзіць доўгі шэраг літаратурных прэміяў і фестываляў, рэзідэнцыю маладога літаратара ў Вільні, перакладніцкую майстэрню і школу крэатыўнага пісьма. Уваходзіць у Міжнародны ПЭН-клуб. Старшыня – Святлана Алексіевіч. Ператрус праходзіў па юрыдычным адрасе, дзе фізічна нікога не было, бо офіс з прычыны пандэміі працуе дыстанцыйна.

Hавiны
«Ад удзелу ў злачынстве да акту тэрарызму». У ПЭН-цэнтр таксама прыходзілі сілавікі
2021.07.15 13:58

Рух «За свабоду» – аб’яднанне, якое нярэдка дзейнічае як незарэгістраваная партыя. Рух заснаваны ў 2006 годзе кандыдатам на прэзідэнцтва Аляксандрам Мілінкевічам падчас паслявыбарчых пратэстаў (зарэгістраваны як грамадскае аб’яднанне з чацвёртай спробы ў 2008 годзе). Ладзіў кампаніі за свабодныя выбары, у абарону правоў чалавека, супраць будаўніцтва БелАЭС. Старшыня руху Юрась Губарэвіч падчас выбараў-2020 ладзіў пікеты збору подпісаў, але подпісаў не здаваў. Уваходзіць у кааліцыю з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй.

Юрась Губарэвіч.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Hавiны
За што хочуць закрыць рух «За свабоду»? Падстава дзіўная, а суд ужо ў панядзелак
2021.07.15 18:59

Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП) – створаная аж у 1932 годзе арганізацыя літаратараў, ад якой у 2005 годзе адкалолася група праўладных пісьменнікаў, якая заснавала Саюз пісьменнікаў Беларусі. У СБП уваходзілі ці не ўсе вядомыя беларускія пісьменнікі, ад Купалы да Барадуліна, на сёння Саюз налічвае амаль паўтысячы чальцоў. Выдае літаратурныя часопісы і дапамагае з публікацыяй кніг, ладзіць літаратурныя фестывалі і прэміі, сустрэчы з літаратарамі, школу маладога пісьменніка. Быў ператрус у кіраўніка арганізацыі Барыса Пятровіча.

Свабодны прафсаюз беларускі – прафесійны звяз, утвораны са страйкамаў у 2001 годзе, называе сябе канкурэнтам праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Аб’ядноўвае людзей розных прафесіяў, ад настаўнікаў да айцішнікаў. Затрыманы кіраўнік полацкай філіі Мікалай Шарах.

Артыкулы
Валанцёры прыпынілі дзяжурства на Акрэсціна
2021.07.15 12:01

Таварыства беларускай мовы – заснаваная ў 1989 годзе арганізацыя абароны моўных правоў. Ладзіць грамадзянскія кампаніі і адукацыйныя імпрэзы, выдае перыёдыку, дае моныя кансультацыі дзяржаўным і прыватным установам. Палітычнай дзейнасцю амаль не займаецца, аднак у мінулым скліканні Палаты прадстаўнікоў дэпутаткай была цяперашняя старшыня ТБМ Алена Анісім. Ператрус прайшоў 15 ліпеня.

Таварыства беларускай школы – утвораная ў Заходняй Беларусі ў 1921 годзе і забароненая ў 1936-м, адноўленая ў Рэспубліцы Беларусь у 1996-м культурна-асветная арганізацыя. Вядзе маніторынг стану адукацыі ў Беларусі, распрацоўвае альтэрнатыўныя адукацыйныя канцэпцыі і праграмы, выступае за пашырэнне беларускай мовы ў адукацыі. Быў ператрус у сябры арганізацыі Тамары Мацкевіч.

«Трэці сектар» – гарадзенскі цэнтр інфармацыйнага падтрымання грамадзянскіх ініцыятываў, створаны ў 1997 годзе. Надае не толькі інфармацыйную, але і адукацыйную, і арганізацыйную дапамогу, самастойна ладзіў школу маладога журналіста і школу мясцовых супольнасцяў, «Універсітэт залатога веку» для сталых людзей, фестывалі нефармальнай адукацыі і моладзевай журналістыкі, выдаваў інтэрнэт-газету «Твой стыль», якая перарасла ў выданне Hrodna.life.

Аб’ектыў
Дзяржава спрабуе даціскаць: ператрусы і затрыманні 15 ліпеня
2021.07.15 22:53

«Тэрыторыя правоў» – пляцоўка ў менскім Уруччы, якая адкрылася ў 2018 годзе і прапаноўвае памяшканне для праваабарончых і адукацыйных імпрэзаў, а таксама кансультацыйна-інфармацыйная ўстанова, якая займаецца папулярызацыяй прававой культуры.

Фонд імя Льва Сапегі – заснаванае ў 1992 годзе асветніцкае аб’янанне юрыстаў, эканамістаў, сацыёлагаў, культурных дзеячаў і журналістаў. Ладзіць конкурсы грамадзянскіх ініцыятываў, публікуе даследаванні і брашуры, найбольш актыўна займаецца тэмай мясцовага самакіравання.

«Angel’s Band» – утворанае ў 2018 годзе аб’яднанне «бізнес-анёлаў» – венчурных інвестараў, якія даюць фінансавую і экспертную падтрымку маладым і рызыкоўным праектам (цяпер найчасцей – звязаным з IT). Была затрыманая дырэктарка Ніна Лабковіч.

Hавiны
Навошта айцішніку бел-чырвона-белы сцяг. Стартап-канферэнцыю правялі ў статусе «пагрозы рэжыму»
2021.04.30 12:47

BEROC – цэнтр эканамічных даследаванняў, які пачаў дзейнасць у 2008 годзе як супольны праект Стакгольмскага інстытуту пераходных эканомік і Эканамічнага адукацыйнага і даследчага кансорцыуму. Ладзіць шматлікія акадэмічныя і дастасоўныя даследаванні, пераважна звязаныя з эканомікай, а таксама адукацыйныя праграмы ў галіне эканамічных даследаванняў, удзельнічае ў арганізацыі Кастрычніцкага эканамічнага форуму.

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC.
Фота: Белсат

«Human Constanta» – зарэгістраваная ў 2016 годзе праваабарончая арганізацыя, якая займаецца найперш абаронай правоў замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, антыдыскрымінацыяй і інклюзіўнасцю, абаронай лічбавых правоў і свабодаў, ладзіць адукацыйныя праграмы і канферэнцыі. Быў ператрус у сябры арганізацыі, праваабаронцы Кірыла Кафанава.

«Lawtrend» – цэнтр прававой трансфармацыі, зарэгістраваны ў 2008 годзе. Займаецца юрыдычнымі кансультацыямі і дапамогай у судах, аналітыкай і маніторынгам сітуацыі са свабодай асацыяцыяў, свабодай інфармацыі і правам на справядлівы суд, робіць трэнінгі, семінары і канферэнцыі, ладзіць і выдае навуковыя даследаванні

SYMPA / BIPART – школа маладых менеджараў публічнага адміністравання (дзейнічае з 2007 года) і даследчы цэнтр рэформы публічнага адміністравання (з 2012-га). У SYMPA выкладаюць эканамісты, палітолагі, сацыёлагі і спецыялісты ў публічным адміністраванні як з Беларусі, так і з суседніх краінаў, а таксама Грузіі і Швецыі. Сярод іншага вядзе даследчы праект «Кошт ураду». У дырэктаркі Наталлі Рабавай апячатаная кватэра (а 29 чэрвеня затрымалі экспертку цэнтру Таццяну Кузіну).

Артыкулы
«Кульмінацыя рэпрэсіяў». Што значыць пагром праваабаронцаў і чаго чакаць далей, тлумачаць Стрыжак і Усаў
2021.07.14 17:38

АА belsat.eu

Стужка навінаў