Намеснік старшыні БАЖ: Дзейнічаюць бандфарміраванні, якія не ўлічваюць ні законаў, ні права


Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў. Скрыншот жывога эфіру

У жывым эфіры «Белсату» намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў абмеркаваў з вядоўцамі сённяшнія затрыманні журналістаў сілавікамі і што ўвогуле адбываецца з незалежнымі СМІ ў Беларусі.

Ён паведаміў, што Беларускай асацыяцыі журналістаў вядома пра ператрусы і затрыманні супрацоўнікаў медыя, і асацыяцыя па-ранейшаму патрабуе перапыніць ціск на прэсу.

«Тыя, хто быў затрыманы ў выніку гэтых следчых дзеянняў, хутчэй за ўсё будуць прызнаныя палітвязнямі таму, што, безумоўна, той ціск і пераслед які ажыццяўляецца ўладамі, ён накіраваны на спыненне грамадскай дзейнасці журналістаў, на спыненне распаўсюду своечасовай і праўдзівай інфармацыі. Таму гэта павінна спыніцца», – падкрэсліў Агееў.

Паколькі БАЖ з’яўляецца сябрам Міжнароднай асацыяцыі журналістаў і Еўрапейскай асацыяцыі журналістаў, калегі за мяжой праінфармаваныя пра падзеі ў Беларусі.

«Мы знаходзімся ў кантакце. І гэта не адзіныя міжнародныя арганізацыі, якія сочаць за сітуацыяй з пераследам журналістаў. Мы інфармуем па ўсіх затрыманнях спецпрацэдуры Арганізацыі Абʼяднаных Нацый. Як толькі мы правяраем інфармацыю пра затрыманні, мы інфармуем у рассылцы прадстаўнікоў мандатаў. Таму, безумоўна, распаўсюд інфармацыі ідзе«, – паведаміў намеснік старшыні БАЖ.

Ён адзначыў, што цяпер функцыянаванне незалежных СМІ стала вялікай праблемай:

«Патрэбна мужнасць і самаадданасць працы. Тыя, хто застаўся ў Беларусі і «працуе ў полі», знаходзяцца ў вельмі складаным становішчы. Такой прастой парады даць, сказаць рабіце гэта і будзе добра, вельмі складана. Гэтая складанасць яшчэ і ў тым, што абараніць правы ў Беларусі зараз фактычна немагчыма. Інстытутаў ці органаў улады, якія б маглі эфектыўна бараніць парушаныя правы, у Беларусі зараз не існуе.

Гэта фактычна, як у зоне баявых дзеянняў, дзе дзейнічаюць бандфарміраванні, якія не ўлічваюць ні законаў, ні права, а робяць што заўгодна».

Ён звярнуў увагу, што нягледзячы на ціск уладаў, медыя працягваюць ствараць кантэнт, дзякуючы прафесіяналізму журналістаў. На думку Агеева, такі ціск, закрыццё офісаў і перахоп каналаў распаўсюду не павялічыць аўдыторыю прапаганды, бо яна мае вельмі нізкую якасць.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў