Чаму Захад так павольна дапамагае Украіне? Колькі зброі неабходна для перамогі?


Цяжкой зброі, што Захад дасылае Украіне, пакуль не стае для карэннага пералому ў вайне. Дый да фронту яна даходзіць павольна. Belsat.eu разбіраўся, чаму так адбываецца і якіх зменаў у гэтым пытанні варта чакаць.

Пастаўляць узбраенне ды амуніцыю ва Украіну краіны Захаду пачалі ўжо ў першыя дні поўнамаштабнай вайны, але спачатку гэта была пераважна стралковая зброя і пераносныя зенітна-ракетныя ды супрацьтанкавыя комплексы. Перадаваць Украіне цяжкое ўзбраенне заходнія палітыкі спачатку баяліся: яны меркавалі, што гэта можа ўцягнуць іншыя краіны ў вайну з Расеяй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мікалаеўская вобласць, Украіна. 15 чэрвеня 2022 года.
Фота: Reuters / Forum

Аднак цягам часу на Захадзе пачалі дзейнічаць больш смела. 26 красавіка ў нямецкім Рамштайне адбылася канферэнцыя прадстаўнікоў абаронных ведамстваў 40 краінаў свету, падчас якой яны дамовіліся каардынаваць вайсковую дапамогу Украіне для барацьбы з расейскай агрэсіяй. А 9 траўня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб ленд-лізе.

Цяпер краіны Захаду накіроўваюць Украіне дальнабойную артылерыю, браняваную тэхніку, верталёты, зенітныя комплексы і супрацькарабельныя ракеты. Аднак хуткасці і аб’ёмаў заходняй дапамогі пакуль не стае, каб зліквідаваць значную перавагу Расеі ў агнявой моцы.

Брытанскае выданне «The Independent» са спасылкаю на даклад выведкі піша, што расейская армія на Данбасе колькасцю гарматаў і РСЗА пераўзыходзіць Украіну ў 20 разоў, а колькасцю боепрыпасаў – у 40 разоў. ЗСУ саступаюць расейскай арміі не толькі колькасцю артылерыі, але і дальнабойнасцю РСЗА. Пры гэтым Расея захоўвае велізарную перавагу ў паветры.

Пра недахоп цяжкога ўзбраення кажуць і ўкраінскія афіцыйныя асобы. Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны 12 чэрвеня заявіў, што Расея мае дзесяціразовую перавагу ў артылерыі. Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі распавёў у інтэрв’ю «The Guardian», што цяпер на адну ўкраінскую гармату прыпадае 10-15 расейскіх, а ўласныя боепрыпасы амаль выдаткаваныя. Таму ўсё цяпер залежыць ад таго, што дасць Захад, падкрэсліў Скібіцкі.

Значная перавага Расеі ў агнявой моцы цягне за сабой вялікія страты ўкраінскага войска. Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў паведаміў 9 чэрвеня, што Украіна штодзень губляе на фронце каля 100 асобаў забітымі і да 500 параненымі. Дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк заявіў, што кожны дзень гінуць каля 100-200 украінскіх вайскоўцаў. Агульныя страты ўкраінскага войска з пачатку вайны сягаюць ужо 10 тысяч асобаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы страляюць з рэактыўнай сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град». Луганская вобласць, Украіна. 12 чэрвеня 2022 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

У гэтай сітуацыі афіцыйны Кіеў наракае, што Украіна пакуль атрымала ад Захаду толькі 10 % зброі з запытанай колькасці.

«Колькі б намаганняў ні прыкладала Украіна, але без дапамогі Захаду мы не зможам выйграць вайны. Ад таго, што заяўляла Украіна, з таго, што нам трэба, мы атрымалі толькі 10 %», – паведаміла намесніца міністра абароны Ганна Маляр.

Міхайла Падаляк 14 чэрвеня заявіў, што для таго, каб дасягнуць парытэту ў зброі і перамагчы ў вайне, Украіне патрэбныя 1000 гаўбіцаў калібру 155-мм, 300 рэактыўных сістэмаў залпавага агню, 500 танкаў, 2000 адзінак бранятэхнікі і 1000 беспілотнікаў.

Чаму заходнія пастаўкі ідуць павольна

Павольныя тэмпы паставак тлумачыцца як аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі прычынамі.

Краіны Захаду, як і раней, хочуць пазбегнуць эскалацыі канфлікту і ўцягвання ў наўпроставае сутыкненне з Расеяй. Таму яны працягваюць асцярожныя паводзіны і ў асобных выпадках запавольваюць пастаўкі, калі мяркуюць, што гэта можа справакаваць непрадказальную рэакцыю Крамля.

Напрыклад, яшчэ ў сярэдзіне красавіка ўлады Украіны публічна папрасілі ЗША перадаць ім высокадакладныя ракетныя сістэмы залпавага агню HIMARS, здольныя знішчаць цэлі на адлегласці каля 300 км. Паводле экспертаў, такія сістэмы маглі б змяніць расклад сілаў на фронце. Але Вашынгтон ухваліў пастаўкі HIMARS толькі на пачатку чэрвеня, прычым са шматлікімі абмежаваннямі.

Па-першае, улады ЗША запатрабавалі ад Украіны гарантыяў, што HIMARS не будуць выкарыстоўвацца супраць цэляў на расейскай тэрыторыі. Па-другое, амерыканцы перадаюць украінцам боепрыпасы, здольныя біць толькі на 80 км. Гэта самая дальнабойная зброя, якую маюць цяпер украінцы, але гэта значна меней за максімальную дальнасць HIMARS (300 км). Па-трэцяе, пакуль ЗША ўхвалілі перадачу толькі чатырох РСЗА – гэтага яўна недастаткова, каб змяніць расклад сілаў на фронце. Аднак і гэтыя чатыры HIMARS яшчэ не ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, бо ўкраінскім вайскоўцам быў патрэбен час, каб навучыцца імі карыстацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецкая вобласць, Украіна. 14 чэрвеня 2022 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

Услед за ЗША ўхваліла пастаўкі найноўшых дальнабойных РСЗА M270 Вялікая Брытанія. Але яны на фронце таксама яшчэ не з’явіліся.

Нямецкая нерашучасць

Найбольш яскравы прыклад асцярожнай палітыкі ў плане паставак узбраення – Нямеччына.

З аднаго боку, гэтая краіна мае шчыльныя эканамічныя сувязі з Расеяй, адмаўляцца ад якіх вельмі няпроста. Тым больш што Нямеччына, у адрозненне ад краінаў Балтыі ці Польшчы, не адчувае сябе патэнцыйнай мэтай пуцінскай агрэсіі ў будучыні. З іншага боку, на нямецкі істэблішмент працягвае ўплываць пачуццё гістарычнай віны за Другую сусветную вайну, якое стала часткай нямецкай ідэнтычнасці і вызначала пацыфісцкую замежную палітыку краіны апошнія 70 гадоў.

У Берліне пачалі казаць пра пастаўкі цяжкой зброі Украіне напрыканцы красавіка, але дэ-факта Украіна дагэтуль яшчэ нічога не атрымала. Заявы палітыкаў часта разыходзяцца са справай. Канцлер Оляф Шольц 1 чэрвеня заявіў, што Украіне перададуць сучасную сістэму супрацьпаветранай абароны «IRIS-T». Але потым міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак удакладніла, што на гэта могуць пайсці месяцы. Паводле медыяў, раней за лістапад ці снежань Украіна дакладна не атрымае гэтай сістэмы.

Яшчэ ў пачатку траўня ў Берліне казалі пра магчымасць паставак ва Украіну БМП «Marder», якія прасілі ў Кіеве. Але ўрад Нямеччыны спачатку заблакаваў гэтыя пастаўкі, а потым наогул перадаў бронетранспарцёры Грэцыі. Што да нямецкіх танкаў «Leopard», то Берлін выступіў супраць таго, каб нават Іспанія перадавала гэтую тэхніку Украіне. Паводле выдання «Bild», у нямецкім урадзе баяцца, што Украіна можа зрабіцца занадта самаўпэўненай і перанясе вайну на тэрыторыю Расеі, а ў Берліне не хацелі б, каб нямецкія танкі зноў апынуліся на расейскіх землях.

Як піша «Welt am Sonntag», вясной урад Нямеччыны наогул звёў да мінімуму вайсковае падтрыманне Украіны. Нават з пастаўкамі амуніцыі ўзнікаюць праблемы: у Мінабароны Нямеччыны паабяцалі паставіць ва Украіну 5 тысяч касак яшчэ да пачатку вайны, але ЗСУ дагэтуль нічога не атрымала.

На стадыі рэалізацыі пакуль толькі два пытанні. Цяпер украінскія вайскоўцы ў Нямеччыне вучацца карыстацца самаходнымі гаўбіцам «Panzerhaubitze 2000» – 7 адзінак гэтай зброі абяцаюць даставіць ва Украіну найбліжэйшым часам. Таксама ў ліпені ці жніўні немцы могуць перадаць ЗСУ 30 зенітных самаходных сістэмаў «Gepard». Акрамя таго, Мінабароны Нямеччыны паабяцала скіраваць украінцам тры РСЗА «MARS-3».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запарожжа, Украіна. 12 чэрвеня 2022 года.
Фота: Celestino Arce Lavin / Zuma Press / Forum

За сваю пазіцыю адносна паставак зброі кіраўніцтва Нямеччыны рэгулярна зазнае крытыку як унутры краіны, так і за мяжой. А ва Украіне няздзейсненыя абяцанні афіцыйнага Берліну ўжо сталіся нагодай для іранічных жартаў.

Дапамога Нямеччыны выглядае яшчэ больш сціплаю з увагі на тое, што суседняя Польшча ўжо перадала Украіне зброі амаль на $ 2 млрд. Паводле прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, Украіне было накіравана больш за 240 танкаў (ідзецца пра мадэрнізаваную версію савецкага Т-72) і 100 адзінак бранятэхнікі. Да таго ж 7 чэрвеня стала вядома, што Польшча паставіць ЗСУ 56 самаходных гаўбіцаў «Krab», здольных біць на адлегласць 40 км.

Еўропа не была гатовая да вайны

Аднак недастатковыя маштабы паставак тлумачацца таксама і аб’ектыўнымі прычынамі. Насамрэч, Нямеччына, як і бальшыня краінаў Еўропы, мае даволі абмежаваныя магчымасці ў плане вайсковай тэхнікі і ўзбраення. Пасля распаду СССР Еўропа ашчаджала на абарончых выдатках, да вялікай вайны ніхто не рыхтаваўся. Галоўны рэдактар праекту «Defense Express» Алег Каткоў заўважыў, што насамрэч войска Нямеччыны мае нават менш танкаў і самаходных артылерыйскіх сістэмаў, чым украінскае войска.

Тысяча 155-м гаўбіцаў, што, паводле Падаляка, патрэбныя Украіне для перамогі ў вайне, – гэта недасягальная лічба для ўзброеных сілаў нават буйных краінаў Захаду (акрамя ЗША). Напрыклад, Францыя перадала Украіне 6 155-мм самаходных артылерыйскіх сістэмаў «CAESAR» і цяпер абмяркоўваецца пытанне пра пастаўкі яшчэ 6 адзінак. Для франтавой вайны, што цяпер ідзе паміж Украінай і Расеяй, гэта няшмат. Але ўсяго перад пачаткам канфлікту армія Францыі мела 76 «CAESAR». То бок, пастаўкі ва Украіну могуць закрануць 16 % усіх французскіх самаходных артылерыйскіх сістэмаў такога тыпу. Канада перадала Украіне каля 10 % сваіх гаўбіцаў M-777 – 4 з 37.

То бок, у параўнанні з арсеналамі бальшыні заходніх краінаў, Украіне і так перадалі дастаткова шмат зброі. Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў нядаўна прызнаў, што Украіна атрымала ад партнёраў, набыла і вырабіла столькі зброі, што «яе хапіла б для пераможнай абароны ад любога войска ў Еўропе». «Але не ад Расеі», – дадаў ён.

Акрамя таго, пастаўкі зброі на фронт зацягваюцца праз лагістычныя праблемы і неабходнасць засваення ўкраінскімі вайскоўцамі новай тэхнікі.

Абяцанні ЗША і NATO

Газета «The Financial Times» прааналізавала інфармацыю з адкрытых крыніцаў і прыйшла да высновы, што ўсяго з пачатку вайны Украіна атрымала ад заходніх хаўруснікаў больш за 270 танкаў, больш за 250 гаўбіцаў і каля 50 РСЗА.

Колькі зброі паставілі ва Украіну і колькі яна прасіла насамрэч. Дадзеныя на 16 чэрвеня 2022 года. Інфаграфіка: vot-tak.tv

Галоўным донарам вайсковай дапамогі Украіне застаюцца ЗША. Толькі Злучаныя Штаты маюць дастатковы ваенна-прамысловы патэнцыял, каб у поўнай ступені забяспечыць патрэбы Украіны ў сучасным цяжкім узбраенні. Яшчэ да сярэдзіны траўня яны паспелі перадаць ЗСУ каля 90 155-мм гаўбіцаў М777, а таксама 155-мм самаходных артылерыйскіх сістэмаў M109 – гэтая артылерыя дзейнічае на фронце з траўня.

Міністр абароны ЗША Лойд Остын 13 чэрвеня заявіў, што Злучаныя Штаты гатовыя «даць Украіне ўсё, каб дапамагчы Украіне дасягнуць поспеху». Менавіта Остын старшыняваў на паседжанні Кантактнай групы падтрымання Украіны, якое адбылося 15 чэрвеня ў Бруселі (фармат «Рамштайн»).

Кантактная група якраз абмяркоўвала наступныя пастаўкі цяжкога ўзбраення ва Украіну. Але больш важныя пастановы на гэты конт мусяць быць прынятыя на саміце NATO 29–30 чэрвеня. Паводле генеральнага сакратара NATO Енса Стольтэнбэрга, плануецца ўзгадніць усебаковы пакет дапамогі Украіне і праграму пераходу з абсталявання савецкіх часоў на сучасную тэхніку Альянсу. Стольтэнбэрг адзначыў, што Украіна мусіць атрымліваць больш цяжкога ўзбраення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецкая вобласць, Украіна. 12 чэрвеня 2022 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

15 чэрвеня Вашынгтон таксама абвясціў пра перадачу Украіне новага пакету дапамогі на $ 1 млрд, куды ў тым ліку ўвойдуць 18 гаўбіцаў М777 і 36 тысяч снарадаў да іх. У Кіеве падзякавалі за гэтую дапамогу, але дарадца офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч адзначыў, што «рэальна нам трэба разы ў 2-3 больш».

Аналітыка
Вайна на знясіленне замест бліцкрыгу. Галоўныя вынікі 100 дзён вайны
2022.06.03 08:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў