Пуцін і Байдэн абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, з дапамогі жонцы Тарайкоўскага налічылі падатак


Belsat.eu падводзіць вынікі 16 чэрвеня – 312-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Байдэн з Пуціным абмеркавалі Беларусь

16 чэрвеня, у швейцарскай Жэневе адбыліся перамовы прэзідэнта ЗША Джозэфа Байдэна з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. На сустрэчы сярод іншага абмяркоўвалася Беларусь.

Сустрэча Байдэна і Пуціна ў Жэневе, 16 чэрвеня 2021 года.
Фота: kremlin.ru

Па выніках перамоваў Байдэн заявіў, што з Пуціным таксама абмяркоўвалася тэма Беларусі.

«Мы таксама абмеркавалі Беларусь (з Пуціным. – Belsat.eu). Ён не выказваў нязгоды з маімі словамі»

ЕЗ ухваліў санкцыі супраць чыноўнікаў Беларусі

Пастаянныя прадстаўнікі краінаў Еўрапейскага Звязу ўзгаднілі абмежавальныя захады ў дачыненні Беларусі ў сувязі з пасадкаю самалёта «Ryanair» і палітычным крызісам у краіне.

«Амбасадары ЕЗ толькі што ўхвалілі забароны на выдачу візаў і замарожванне актываў 78 чалавек і 7 арганізацыяў, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі і прымусовае спыненне рэйсу «Ryanair» 23 траўня», – паведаміў у Twitter брусельскі журналіст RFE/RL Рыкард Юзьвяк.

Новы скандал з Украінай

Сяргей Гарэнка, кіраўнік так званай «генеральнай пракуратуры» самаабвешчанай «ЛНР» у відэазвароце выказаў падзяку афіцыйнаму Менску за магчымасць дапытаць арыштаванага журналіста Рамана Пратасевіча. Адметна, што раней кіраўнік Следчага камітэту Беларусі Дзмітрый Гара, адказваючы на пытанне аб следчых з «ЛНР», заявіў 14 чэрвеня, што «ніякіх запытаў з-за мяжы аб правядзенні следчых дзеянняў з Раманам Пратасевічам не паступала».

На гэты зварот адрэагавалі ў Кіеве і патрабуюць тлумачэнняў. Раней Міністэрства замежных справаў Украіны прыгразіла Беларусі санкцыямі, а асабіста Лукашэнку – тым, што «будзе балюча», калі да Пратасевіча дапусцяць прадстаўнікоў «ЛНР», якую ва Украіне лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй.

Артыкулы
«ЛНР» падзякавала афіцыйнаму Менску за допыт Рамана Пратасевіча
2021.06.16 19:02

Літва расследуе плынь незаконных мігрантаў з Беларусі

Міністр унутраных справаў Літвы Агне Білатайце звярнулася ў Генеральную пракуратуру з нагоды арганізацыі незаконнага перамяшчэння людзей праз мяжу. Пра гэта паведамілі ў літоўскім МУС.

«Вось ужо некалькі тыдняў імігранты з трэціх краінаў незаконна перасякаюць мяжу, і мы бачым прыкметы таго, што гэта можна зрабіць арганізаваным чынам. Мы не можам мірыцца з такімі рэчамі, таму я звярнулася ў Генеральную пракуратуру з просьбаю пачаць расследаванне», – заявіла Агне Білатайце.

Раней міністр заявіла, што афіцыйны Менск вядзе гібрыдную вайну супраць Літвы.

Hавiны
У Літве могуць пачаць расследаванне масавай міграцыі нелегалаў праз Беларусь
2021.06.16 15:12

Улады патрабуюць маліцца

На афіцыйны Дзень Незалежнасці Беларусі дзейныя ўлады запланавалі правядзенне малітвы «За Беларусь!». Пры гэтым яны заклікаюць рэлігійныя арганізацыі краіны дапамагчы з арганізацыяй набажэнства.

Hавiны
Улады запланавалі малітву «За Беларусь!». Ад цэркваў патрабуюць «шырокага прыцягнення вернікаў»
2021.06.16 14:33

Стала вядома, калі будуць судзіць Дзядка

Як паведамілі «Белсату» бацькі Мікалая Дзядка, пачатак разгляду справы ў судзе прызначаны на 29 чэрвеня. Працэс адбудзецца ў Менскім гарадскім судзе, вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1. Пачатак а 10:00.

Палітзняволены Мікола Дзядок.

Палітвязня вінавацяць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») і арт. 295 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»).

Падчас затрымання Міколы ў лістападзе 2020 года сілавікі зладзілі ператрус жытла і знайшлі шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, якія, паводле экспертаў следства, якраз падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу.

Улады патрабуюць заплаціць падатак з дапамогі

Падатковая інспекцыя Маскоўскага раёну Менску выставіла рахунак удаве забітага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага за грошы, якія ёй пералічылі неабыякавыя беларусы. Пра гэта паведамляе «Салідарнасць».

Момант забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Скрыншот з відэа

Падатковая палічыла дабрачынную і бязвыплатную дапамогу грамадзянаў сям’і забітага 10 жніўня 2020 года пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага асабістым прыбыткам ягонай жонкі і выставіла ёй для выплаты Br 11 001,63 (каля $ 4400) падаходнага падатку. Гэтую суму грамадзянская жонка забітага Алена Герман мусіла заплаціць да 1 чэрвеня, пасля чаго штодня налічваецца пеня.

Удава лічыць несправядлівым плаціць падатак з дапамогі, якую аказалі неабыякавыя людзі. Яна падрыхтавала зварот у Менскі гарвыканкам і Менскі гарадскі Савет дэпутатаў з просьбаю вызваліць яе ад выплаты падаходнага падатку, бо гэта пагоршыць матэрыяльны стан ейнай сямʼі, у якой гадуецца чатырохгадовая дачка забітага.

Пры гэтым сям’я з прычыны адмовы ў крымінальнай справе супраць забойцы Тарайкоўскага не можа выставіць грамадзянскага пазову аб кампенсацыі шкоды ў сувязі са стратаю карміцеля.

Артыкулы
Забілі мужа і патрабуюць грошай ад удавы. Жонцы Тарайкоўскага налічылі падатак з дапамогі ад беларусаў
2021.06.16 10:27

СК belsat.eu

Стужка навінаў