Шэсць герояў: хто такія беларускія добраахвотнікі, якія гінуць на вайне за Украіну


16 траўня стала вядома, што на вайне ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларус-добраахвотнік Павел з пазыўным Волат. Ён быў камандзірам атраду ў складзе батальёну Кастуся Каліноўскага.

У Беларускім доме працуе рэкрутацыйны цэнтр для добраахвотнікаў, гатовых змагацца за незалежнасць Украіны. Варшава, Польшча. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Волат загінуў у баях за ўкраінскую вёску, з якой выганялі расейскіх акупантаў, атрымаў цяжкое раненне, у крытычным стане яго паспрабавалі давезці да шпіталя, але не паспелі выратаваць. Павел стаў шостым беларускім добраахвотнікам, які загінуў з пачатку вайны ва Украіне. Што пра іх вядома?

Hавiны
Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік
2022.05.16 12:13

Ілля Хрэнаў, пазыўны Ліцвін

Адлік беларускіх герояў вайны пачаўся 3 сакавіка, калі падчас баёў за Бучу пад Кіевам загінуў беларус Ілля Хрэнаў з пазыўным Ліцвін, баец беларускай роты батальёну тэрытарыяльнай абароны «Азов». Ён быў цяжка паранены, хлопцу паспелі зрабіць аперацыю, але не ўратавалі. Іллю было 27 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску ў шматдзетнай сям’і, быў самым малодшым, пятым дзіцём. Вучыўся ў тэхнікуме, пасля вучобы працаваў на МАЗе, а летам 2014 года разам з сябрам і з сотняй долараў у кішэні прыехаў у Кіеў – ваяваць за Украіну. Так ён упершыню трапіў у полк «Азов».

«Гэта мой братэрскі народ, я не мог сядзець на месцы, калі ўкраінцаў пачалі забіваць», – казаў ён.

На Данбасе беларус прабыў год, пасля перабраўся ў Кіеў, дзе доўгі час працаваў інструктарам у «Азове» – навучаў навабранцаў.

Ілля Хрэнаў з пазыўным Ліцвін. Крыніца: Зеркало

Ва Украіне хлопец пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Карынай. Яны пабраліся ў 2017-м. У гэтым жа годзе Ілля пайшоў з вайсковай службы, пазней вывучыўся на праграміста і знайшоў працу ў IT. Пасля падзеяў 2020 года дапамагаў беларусам, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў.

У 2022 годзе, у першы ж дзень вайны, Ілля зноў пайшоў у добраахвотнікі.

«Сёння Расея зноў паказала сваю сутнасць і падступна напала на Украіну. Мы ў сваю чаргу, беларусы, не застанёмся ў баку ад гэтай вайны і будзем ваяваць на баку Украіны», – казаў ён у відэазвароце 24 лютага.

На апошнім відэазапісе, які Ліцвін зрабіў сваім тэлефонам, ён кажа перад боем: «Мы ў чаканні сепараў, яны ўжо вельмі блізка, абыходзяць нас з тылу». Ён з гранатамёту падбіў «КамАЗ» каля гатэлю, аднак будынак пачалі абстрэльваць з артылерыі. Ліцвін выбег на вуліцу, а побач прыляцеў снарад.

Паплечнікі згадваюць яго як адважнага байца з добрым сэрцам: ён любіў Украіну, любіў Беларусь і лічыў сваім абавязкам абараніць братнюю краіну ды не дапусціць падобнага сцэнару на сваёй радзіме.

Артыкулы
За вашу і нашу свабоду. Якія вайсковыя падраздзяленні стварылі беларусы для абароны Украіны
2022.04.13 17:02

Аляксей Скобля, пазыўны Тур

Другім беларускім байцом, які загінуў за Украіну, стаў 31-гадовы Аляксей Скобля, пазыўны Тур.

Ён загінуў 13 сакавіка ў баях пад Кіевам, прыкрываючы адыход сваіх жаўнераў, калі атрад трапіў у засаду. Тур быў камандзірам групы батальёну Кастуся Каліноўскага.

Праз месяц Уладзімір Зяленскі ўганараваў беларуса званнем Героя Украіны. Такім чынам Аляксей стаў другім беларусам, якому прысвоілі званне Героя Украіны. Першым быў Міхаіл Жызнеўскі, якога забілі падчас пратэстаў на Майдане ў 2014 годзе.

Аляксей Скобля з пазыўным Тур.
Фота: Yan Melnikau / Facebook

Аляксей – мянчук, са звычайнай сям’і: маці – выхавальніца ў дзіцячым садку, бацька – кіроўца аўтобуса. Хлопец адвучыўся ў аўтамеханічным каледжы ў Менску, працаваў механікам, паступіў у Гарадзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, але не скончыў вучобы – у 2015 годзе паехаў ваяваць у Данбас, далучыўся да тактычнай групы «Беларусь». Свабода Беларусі звязаная са свабодай ва Украіне – так Аляксей тлумачыў свой учынак. Тур быў адным з заснавальнікаў беларускага добраахвотніцкага руху ва Украіне.

Калі актыўныя баявыя дзеянні на Данбасе завяршыліся, беларус працягнуў службу ва ўкраінскім войску. Атрымаў украінскае грамадзянства, ажаніўся. Пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну ён служыў у батальёне Кастуся Каліноўскага, удзельнічаў у абароне Кіева.

Са словаў ягоных таварышаў у службе, дзякуючы таму, што Тур прайшоў медычныя курсы, за тыдзень ён выратаваў дзесяць параненых. 15 сакавіка ў Кіеве з вайсковым ушанаваннем прайшла цырымонія развітання з Аляксеем.

Зміцер Апанасовіч, пазыўны Тэрор

У цяжкіх баях пад Ірпінём, калі беларуская група знішчыла тры варожыя БМП, быў цяжка паранены Зміцер Апанасовіч. Ён адвёў аддзяленне ва ўкрыццё, а сам не паспеў. Адзін з асколкаў трапіў у акоп, дзе быў Зміцер. Яго тэрмінова завезлі ў шпіталь, але выратаваць жыццё дактары не змаглі. 26 сакавіка Змітра не стала.

Зміцер Апанасовіч з пазыўным Тэрор. Крыніца: Наша Ніва

Яму было 32 гады, паходзіў са Смаргоні. Служыў у войску ў 38-й дэсантнай брыгадзе ў Берасці. Вельмі добра ведаў снайперскую справу. Апошнія гады Зміцер жыў у Варшаве, працаваў кіроўцам фуры. У 2020 годзе прыязджаў у Менск на пратэсты. Займаўся рукаемным боем, шмат чытаў, цікавіўся гісторыяй, прытрымліваўся паганства і верыў у тое, што воіны пасля смерці трапляюць у Вальгалу. Быў нежанаты.

Навіна пра пачатак вайны ва Украіне напаткала Змітра падчас рэйсу ў Рыгу. Ён вярнуўся і адразу ж накіраваўся добраахвотнікам у Кіеў.

Зміцер Рубашэўскі, пазыўны Ганс

Зміцер загінуў 12 красавіка падчас выканання баявога задання на Луганшчыне. Выглядае, што перад сваёй смерцю ён знішчыў камандзіра расейскай батальённай тактычнай групы. Стрэльнуў у расейскага салдата, думаў, што той ужо мёртвы, а ён быў толькі паранены.

Ганс ваяваў у 24-й асобнай механізаванай брыгадзе імя князя Данілы Галіцкага. Яму было 30 гадоў, паходзіў з Берасця, а ва Украіну прыехаў ваяваць у 2015 годзе. Там жа пабраўся шлюбам, гадаваў сына. Ягоныя пабрацімы кажуць, што Зміцер быў сціплым чалавекам, але выдатным байцом: у штурмавой роце добраахвотнікаў быў адным з найлепшых, яго паставілі камандзірам узводу.

Зміцер Рубашэўскі (злева) з пазыўным Ганс.
Фота: Cialežnikau Antos / Facebook

Рубашэўскі практычна жыў вайной, пакуль у яго не з’явілася сям’я. Ён адзначыўся ў шматлікіх баях падчас вайны на ўсходзе Украіны ў 2015 годзе. Быў узнагароджаны званнем Народнага Героя Украіны за абарону шахты Бутаўка. Зміцер быў тройчы паранены, у траўні 2019 года ў баях страціў вока.

Зміцер Рубашэўскі казаў, што адзін з ягоных прапрадзедаў удзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. А адной з прычынаў свайго ўдзелу ў вайне супраць Расеі Ганс называў нелюбоў да імперыяў і камунізму.

Гісторыі
«Расейцы мэтанакіравана ішлі забіваць». Добраахвотнік батальёну Кастуся Каліноўскага пра бой пад Бучай
2022.04.10 14:19

Канстанцін Дзюбайла, пазыўны Фенікс

34-гадовы беларускі добраахвотнік Канстанцін Дзюбайла з пазыўным Фенікс загінуў у канцы красавіка ў баях на Данбасе. Адбылося гэта падчас артабстрэлу ў баі паміж Мар’інкай і Дакучаеўскім Данецкай вобласці. У той час ён служыў у 46-м асобным батальёне спецыяльнага прызначэння «Донбас – Україна».

Яго пахавалі 28 красавіка ў Крывым Розе. Там у яго засталася жонка.

Канстанцін Дзюбайла з пазыўным Фенікс. Крыніца: dnepr.info

Канстанцін родам з Магілёва. Пазней пераехаў ва Украіну, жыў у Крывым Розе. У Збройныя сілы запісаўся добраахвотнікам з пачаткам вайны на Данбасе ў 2014 годзе. Спачатку быў у шэрагах «Правага сектару», потым падпісаў кантракт з ЗСУ. Некалькі разоў ішоў з войска, але потым усё адно вяртаўся. Меў падзяку ад прэзідэнта Украіны.

Канстанцін казаў, што ваюе не толькі за Украіну, але і за змяншэнне ўплыву Расеі ў свеце, у тым ліку ў Беларусі.

Павел, пазыўны Волат

Павел атрымаў удома патрыятычнае выхаванне, сваю тэрміновую службу праходзіў у частцы 3214 ва Уруччы. Падчас тэрміновай службы Волат быў здзіўлены прарасейскімі настроямі ў беларускім войску. Пасля тэрміновай службы Павел усяго год пражыў цывільным жыццём, а потым паехаў ваяваць на Данбас на баку Украіны, далучыўся да 1-й штурмавой роты «Правага сектару». У сакавіку 2018 года Волат падпісаў кантракт са Збройнымі сіламі Украіны. Займаўся выведкай і дыверсійнай дзейнасцю.

Камандзір роты, ваяр батальёну Кастуся Каліноўскага Павел з пазыўным Волат.
Фота: Батальён Кастуся Каліноўскага / Telegram

Пабрацімы Волата кажуць, што Павел «быў сапраўдным воінам-легендай: ён шмат разоў быў паранены, але кожны раз падманваў смерць – і вяртаўся ў шыхт».

«Калі ў Беларусі пачнецца такі канфлікт, я вярнуся і паспрабую хоць нешта зрабіць», – казаў ён.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў