На «БДУ-фэсце» затрымалі «Містэра ФМА» і студэнтку з бел-чырвона-белай налепкай на ноўтбуку


Асацыяцыя «БДУ 97» паведаміла пра затрыманне студэнта Роберта Казака на акцыі прафкаму BSU Fest, што праходзіла 15 траўня ў менскім парку Янкі Купалы.

Цяпер вядома толькі, што студэнт у ізалятары на Акрэсціна, прычыны затрымання невядомыя.

Абноўлена, 12.25: Студэнцкі канал Law Verum паведамляе, што на фэсце затрымалі таксама студэнтку Юрыдычнага факультэту БДУ і старшыню Студэнцкай рады па якасці адукацыі Віялету Людчык. У яе, як сцвярджаюць, падчас дагляду на ўваходзе на фэст пабачылі бел-чырвона-белую налепку на ноўтбуку, не прапусцілі і павезлі ў Цэнтральны РУУС. Цяпер яна ў ізалятары на Акрэсціна, у чым вінавацяць – невядома.

Студэнт БДУ Роберт Казак на акцыі пратэсту. Менск, плошча Незалежнасці, 14 жніўня 2020 году.
Фота: robert_kazak / Instagram

Роберт Казак – студэнт Факультэту міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, пераможца конкурсу «Містэр ФМА-2021». У сацсетках публікаваў фота з шэрагу акцыяў пратэсту лета і восені 2020 году, быў у ліку затрыманых 5 верасня.

BSU Fest – акцыя прафсаюзнага камітэту, якую анансавалі як «фэст актыўнага ладу жыцця». На фэсце заўважалі групу байцоў АМАП.

АА belsat.eu

Стужка навінаў