Хто і за што трапіў пад новыя санкцыі ЗША і Канады: гандляры беларускай зброяй, забойцы Ашурка…


Абнаўленне санкцыйнага спісу Канады прадказальнае: суддзі і начальнікі калоніяў. Злучаныя Штаты ж дадалі ў санкцыйныя спісы людзей і кампаніі, якія звязаныя з вайскова-прамысловым комплексам. Расказваем, хто і за што трапіў пад санкцыі.

Канада: суддзі і сілавікі

Канада 15 сакавіка ўхваліла санкцыі супраць 21 асобы, звязанай з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, што працягваецца з фальсіфікаваных выбараў-2020. Пра санкцыі абвясцілі падчас візіту ў Канаду абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай.

У канадскім санкцыйным спісе з’явіліся суддзі: Святлана Бандарэнка (Вярхоўны Суд), Андрэй Тарасевіч (Глыбоцкі раён), Ганна Асіпенка (Бабруйск і Бабруйскі раён), Валянціна Зянкевіч (Менскі гарадскі суд), Зінаіда Балабалава (Наваполацк), Галіна Кніжонак (Мазырскі раён), Ганна Лявусік (Ленінскі раён Горадні), Генадзь Кудласевіч (Іванаўскі раён), Іна Паўлоўская (Баранавіцкі раён і Баранавічы), Дзмітрый Бубенчык (Гомельскі раён).

Суддзя Святлана Бандарэнка.
Фота: Nashaniva.com

Бандарэнка вынесла не менш за 28 палітычных прысудаў, у тым ліку пакарала журналіста Сяргея Сацука 8 гадамі калоніі (яго цяпер перавялі ў турму), а былога вайскоўца Дзмітрыя Гуліна за відэазварот да вайскоўцаў – 14 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. Зянкевіч вынесла не менш за 20 палітычных выракаў, у тым ліку асудзіла на 14 гадоў калоніі абвінавачанага ў здрадзе дзяржаве Уладзіміра Трыфонава, прысудзіла 12 гадоў калоніі кіраўніцам TUT.by: дырэктарцы Людміле Чэкінай і галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай.

На рахунку Кніжонак не менш за восем палітычных прысудаў, у тым ліку 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму для Уладзіміра Андрэйчука за «гвалт супраць міліцыянта». Бубенчык вынес не менш за 12 палітычных прысудаў, у тым ліку 10 гадоў калоніі Аляксандры Каско, затрыманай па вяртанні з Польшчы за інтэрв’ю «экстрэмістам». У Лявусік не менш за сем палітычных прысудаў, у тым ліку 4 гады калоніі лекару Аляксандру Цялегу за «знявагу» сілавікоў і суддзяў.

У Паўлоўскай не менш за 25 палітычных прысудаў, але на параўнальна невялікія паводле сённяшніх мерак тэрміны: найбуйнейшыя – 3 гады калоніі або 4 гады «хатняй хіміі». У Кудласевіча прынамсі тры палітычныя прысуды, Тарасевіч адправіў за краты не менш як двух палітвязняў, Асіпенка і Балабалава «штампавалі» адміністратыўныя штрафы і арышты з палітычных прычынаў.

Канада ўнесла ў санкцыйныя спісы таксама начальнікаў калоніяў: Руслан Машадзіеў (ПК № 1 у Наваполацку), Сяргей Карчэўскі (начальнік рэжымнай часткі ПК № 17 у Шклове), Сяргей Маслюкоў (выхаваўчая калонія ў Бабруйску), Яўген Бубіч (ПК № 2 у Бабруйску), Юрый Васілевіч (ПК № 14 у Навасадах), Аляксандр Карніенка (былы начальнік ПК № 17 у Шклове), Андрэй Пальчык (былы начальнік ПК № 1 у Наваполацку).

Наваполацкая калонія – адна з самых жорсткіх у Беларусі. Менавіта там катуюць палітвязня Віктара Бабарыку. Былыя зняволеныя называлі Пальчыка галоўным адказным за бесчалавечныя ўмовы ў ёй.

У Шклоўскай калоніі № 17 быў забіты палітвязень Вітольд Ашуракказалі, што зняволеных там збіваў асабіста Карчэўскі, у ліку меркаваных забойцаў называлі таксама Карніенку.

Артыкулы
Расследавальнікі і «Кіберпартызаны» назвалі вінаватых у смерці Вітольда Ашурка
2022.01.27 18:04

Бубіча называлі адказным за бясчынствы супраць палітвязняў у бабруйскай калоніі. У Навасадах сярод іншых катуюць палітвязня Змітра Дашкевіча.

Пад санкцыі трапілі і розныя сілавікі: Раман Бізюк (старэйшы памочнік пракурора Маскоўскага раёну Менску), Аляксандр Кароль (старэйшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры ў справе нагляду за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў у крымінальных справах), Міхаіл Мурашкін (былы намеснік начальніка міліцыі Жодзінскага ГАУС Менскага раёну і былы начальнік тамтэйшай міліцыі грамадскай бяспекі), Мікалай Максімовіч (намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Менаблвыканкаму).

Кароль дапамог пасадзіць за краты шэраг палітвязняў, у тым ліку вясноўцаў і на той момант яшчэ будучага лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Бізюк дапамог адправіць за краты шмат якіх палітвязняў, у тым ліку Арцёма Лябедзьку – сына Анатоля Лябедзькі. Мурашкін аддаваў Максімовічу загады пераследаваць белсатаўцаў.

Шмат хто з гэтых людзей ужо ёсць у санкцыйных спісах іншых краінаў, але санкцыйныя спісы не цалкам сінхранізаваныя. Напрыклад, суддзя Бандарэнка – пад санкцыямі Еўразвязу, Вялікай Брытаніі і Швейцарыі (але не Злучаных Штатаў), а суддзя Зянкевіч – толькі пад санкцыямі Еўразвязу.

Агляд
Як уводзілі санкцыі адносна Беларусі: за рэпрэсіі, самалёт і вайну, але не за палітвязняў
2024.03.13 16:54

ЗША: вытворчасць зброі і гандаль зброяй

Пад санкцыі Злучаных Штатаў Амерыкі 15 красавіка трапілі яшчэ 12 кампаніяў і 10 асобаў.

Сярод кампаніяў – часткі холдынгаў «Агат» і «Геаінфармацыйныя сістэмы», а таксама іх партнёры: «Агат-Сістэм», «Агат – Сістэмы кіравання», «Тэхніка сувязі», НДІЭВМ, «Інатэх Салюшнс». «Агат» быў сярод першых, хто ў 2020 годзе трапіў пад санкцыі Еўразвязу.

Холдынг не ўтойвае, што звязаны з вайсковаю прамысловасцю, вытворчасцю дронаў і сістэмаў кіравання зброяй і войскамі, супрацоўнічае з сілавікамі і Аператыўна-аналітычным цэнтрам, IT-кампаніямі ў Беларусі, Расеі і Кітаі.

Аналітыка
«Паланэзы» для Баку, «Кайман» для Афрыкі. Што вырабляе і з кім гандлюе абаронка Беларусі
2021.03.23 16:06

Апрача таго, пад санкцыі трапіла кампанія «СтанкаГомель» (станкабудаўнічы завод імя Кірава), што супрацоўнічае з шэрагам беларускіх і расейскіх кампаніяў, у тым ліку расейскімі «Газпромам», «Роскосмосам», канцэрнам «Калашников» і вытворцам сістэмаў супрацьпаветранай абароны «Алмаз-Антей». Гэтую кампанію, «Агат» і партнёраў апісваюць як кампаніі, што прыносяць прыбытак ураду Беларусі.

Завод «Пеленг» ужо быў пад санкцыямі ЗША з 2021 года ў сувязі з вытворчасцю вайсковай тэхнікі ў партнёрстве з Расеяй. Але цяпер у санкцыйныя спісы дадалі яго кітайскага партнёра і кіраўнікоў: кампанію «Shenzhen 5G», што адказвае за супрацу «Пеленгу» з Кітаем; яе дырэктара Алега Юрчыка і дырэктара ў справе вытворчасці Аляксандра Аксенчука, намесніка гендырэктара «Пеленгу» Дзмітрыя Браіма і начальніка планава-дыспетчарскага аддзелу «Пеленгу» Сяргея Чаргейку. Акрамя таго, у санкцыйны спіс дадалі тэхнічнага дырэктара Менскага механічнага заводу імя Вавілава з холдынгу «БелОМА» Дзмітрыя Міхальцова.

Hавiны
Апублікаваная праграма ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі да 2025 года
2023.05.23 10:34

Яшчэ шэраг пунктаў у санкцыйным спісе – за «сетку шэрага продажу зброі», звязанай з Беларуссю. Кампанія «Black Shield» з Іраку прынамсі з 2015 года гандлявала зброяй, якая ўжывалася ў канфліктах па ўсім свеце. Кампанія супрацоўнічала ў тым ліку з беларускай падсанкцыйнай «Кідма тэк», якая хваліцца сістэмамі залпавага агню «Флейта» і рабатызаваным агнявым комплексам «Берсерк».

Кампанія «Black Shield» купляла ў Беларусі тэхніку для адпраўкі на Блізкі Усход, выступала пасярэднікам у продажы беларускай зброі і вайсковых тэхналогіяў на Блізкі Усход і Афрыку (як дзяржавам, так і «недзяржаўным суб’ектам»), спрыяла стварэнню кампаніяў у трэціх краінах, падтрымлівала кантакты з асобамі з сірыйскага і іранскага рэжымаў.

Рэактыўная сістэма залпавага агню (РСЗА) «Флейта» вытворчасці «Кідма тэк»
Рэактыўная сістэма залпавага агню «Флейта» вытворчасці «Кідма тэк» на парадзе ў Менску, Беларусь. 9 траўня 2020 года.
Фота: Naukatehnika.com

У санкцыйныя спісы дадалі пасярэднікаў у гэтай схеме: кіпрскія «Centuronic» і «S. Group Airlines», турэцкую кампанію «Rayya Danismanlik», славацкую кампанію «Phoenix Lines». Таксама дадалі звязаных са схемай асобаў: гендырэктара «Shenzhen 5G» Алега Юрчыка; дырэктара вытворчасці «Shenzhen 5G» Аляксандра Аксенчука; дырэктарку «Centuronic» і «Rayya Danismanlik» Таццяну Пратаповіч; кіраўнікоў «Black Shield» – ліванца Самэра Раю (Samer Rayya) і сірыйца Мухамада Маджд Дэйры (Mohamad Majd Deiry); славацкага пасярэдніка «Black Shield» і ўласніка «Phoenix Lines» Альгайтама Аль Алі (Alhaitham Al Ali); Нуру Ямур (Nora Yagmur) з Турэччыны, звязаную з «Rayya Danismanlik».

Аналітыка
Як санкцыі паўплывалі на заробкі дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі? Лічым у чызбургерах
2023.11.01 11:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў