Кіраўнік БПЦ у Вялікдзень заявіў пра «нарастанне напружання ва ўсіх сферах чалавечага жыцця»


Мітрапаліт Веньямін у велікодным пасланні заявіў пра «нарастанне напружання ва ўсіх сферах чалавечага жыцця» і пажадаў міру «на землях брацкай Украіны». Ён таксама пажадаў, каб «Гасподзь захаваў мір у нашай краіне». Віншаванне экзарха апублікаванае на сайце Беларускай праваслаўнай царквы.

Велікоднае набажэнства ў Менскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Менск, Беларусь. 16 красавіка 2023 года.
Фота: БелТА

Кіраўнік БПЦ канстатаваў, што «сёння выразна адчуваецца нарастанне напружання ва ўсіх сферах чалавечага жыцця». Пры гэтым уваскрашэнне Хрыстова, паводле яго, – «маяк у бурным моры», што паказвае трывалы падмурак веры і радасці.

«У гэтыя святыя дні жадаю, каб мір Божы панаваў у кожнай душы і кожнай сям’і, каб Гасподзь захаваў мір у нашай краіне і дапамог людзям добрай волі аднавіць яго на землях брацкай Украіны», – заявіў мітрапаліт Веньямін.

Hавiны
Мітрапаліт Менскі Веньямін пакараў святара за малітву аб абаронцах Украіны
2023.01.06 19:26

Тым часам Аляксандр Лукашэнка, як і тыдзень таму, ізноў загаварыў пра спагаду, аднак не згадаў міласэрнасць.

«Мы здзяйсняем добрыя справы, клапоцімся аб блізкіх, дапамагаем тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы і спагадзе», – гаворыцца ў ягоным велікодным віншаванні.

Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі пануе адзінства і грамадская згода.

«Спрадвечнае імкненне беларусаў да стварэння, глыбокая павага да святыняў, гатовасць захоўваць сваю веру з’яўляюцца трывалай асновай нашага адзінства і грамадскай згоды», – заявіў палітык.

Тыдзень таму ў віншаванні на Вялікдзень ён казаў: «Гэты цудоўны час нагадвае аб вечных маральных арыенцірах: узаемнай павазе, шанаванні старэйшых, міласэрнасці, спагадзе, бескарыслівым клопаце аб блізкіх, шчырай любові да роднай зямлі».

Акрамя таго, як паведамляе БелТА, Лукашэнка павіншаваў з Вялікаднем кіраўніка РПЦ Кірылу: «Праваслаўе, знаходзячыся на пярэднім краі абароны традыцыйных маральных каштоўнасцяў, дае ўсім вернікам духоўны компас і сэнс жыцця. Няхай Вашае малітоўнае слова служыць вялікай патрыятычнай сілай, умацоўвае адзінства нашых брацкіх народаў».

Hавiны
Папа Рымскі ў Велікодным пасланні звярнуўся да расейцаў
2023.04.09 17:51

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў