«Гэта мой першы досвед пратэставай фатаграфіі». Дзесяць найлепшых здымкаў Надзеі Бужан – фіналісткі «World Press Photo»


Здымак, які адзначылі ў конкурсе. Менск, Беларусь. 22 ліпеня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Ніва

Фатографка «Нашай Нівы» Надзея Бужан заняла другое месца ў намінацыі «Spot news» у конкурсе «World Press Photo». На здымку жонка Паўла Севярынца – Вольга – марна чакае выхаду свайго каханага з Акрэсціна. Адмыслова для «Белсату» аўтарка распавяла пра свае найлепшыя здымкі 2020 года.

На мітынг для падтрымання Святланы Ціханоўскай прыйшлі каля 20 тысячаў чалавек. Берасце, Беларусь. 2 жніўня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Нiва

— Я памятаю тыя вар’яцкія дні, калі Святлана Ціханоўская разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікаю Цапкалай ездзілі па Беларусі і збіралі аншлагі на сваіх сустрэчах. Часам за дзень трыа абʼязджала некалькі гарадоў – шалёны рытм. Я ездзіла за імі і дакументавала сустрэчы. У той дзень у Берасці было супергорача. Людзі сталі збірацца на пляцоўцы за некалькі гадзінаў да пачатку сустрэчы. У прызначаны час вядоўца абвясціў, што Ціханоўская спазняецца, бо машыну затрымала ДАІ. Я запомніла санцапёк і як людзі трацілі прытомнасць, але цярпліва чакалі трыа, — згадвае Надзея.

Затрыманні на плошчы ля філармоніі. Менск, Беларусь. 19 чэрвеня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Нiва

— Лета 2020 года – гэта мой першы досвед здымак пратэставай фатаграфіі. А гэты кадр – першы, з яго і пачаўся досвед. Памятаю, што перад затрыманнямі АМАП пачаў сціскаць натоўп людзей з двух бакоў. Тых, хто хацеў сысці, сілавікі выпускалі, а я разам з калегамі апынулася ўнутры кальца міліцыі. Да мяне падышоў чалавек у цывільным і спытаў:

«Вы журналіст? Можаце быць тут, галоўнае – не перашкаджайце нашым байцам. Не хвалюйцеся, працуйце, вы ж журналіст». І што? Праз пару хвілінаў пасля ягонага «не турбуйцеся, працуйце спакойна» пачалі затрымліваць маіх калегаў.

Суботні жаночы марш супраць гвалту. Дзяўчыны паказваюць знак вікторыі ў момант, калі іх акружылі сілавікі. Менск, Беларусь. 12 верасня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Нiва

— Усё адбывалася вельмі хутка. Калі я прыйшла на месца збору, жанчын, якія мірна выказвалі сваю пазіцыю, ужо акружылі сілавікі. Пад’ехалі некалькі мікрааўтобусаў і аўтазак, пачаліся затрыманні, — прыгадвае фатографка.

Закаханыя на фоне вялізнага бел-чырвона-белага сцяга на праспекце ля плошчы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Нiва

— Першы і самы масавы мірны марш не згодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Па розных падліках на вуліцах у той дзень былі ад 200 да 400 тысяч асобаў. Гэты здымак я зрабіла пад канец маршу, калі людзі дайшлі да фінальнага пункту.

Жанчына стаіць на каленях перад сілавікамі падчас традыцыйнага нядзельнага маршу. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Нiва

— Людзі паступова сцягваліся ў цэнтр і збіраліся невялікімі групамі. Так атрымалася, што ў той дзень сілавікі хацелі падзяліць натоўп і выставілі ачапленне з двух бакоў праспекту. Так я і частка пратэстоўцаў апынуліся заціснутыя паміж сілавікамі. Вайскоўцы пачалі паціху адціскаць людзей.

Чаго чакаць ад такіх дзеянняў? Няясна.

І тут адна з жанчын апускаецца на калені перад ачапленнем. Вядома, я зрабіла здымак. Троху пазней сілавікі далі магчымасць людзям далучыцца да вялікай калоны, якая маршам прайшлася па горадзе.

Масавыя затрыманні ў месцы, дзе павінен быў адбыцца мітынг на падтрыманне Святланы Ціханоўскай. Слуцк, Беларусь. 4 жніўня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Нiва

— Праходзяць апошнія перад выбарамі сустрэчы з кандыдатамі. У Слуцку ў месцы правядзення мітынгу раптам пастанавілі рамантаваць дах будынку, садзіць кветкі, правяраць каналізацыю. У апошні момант улады не дазволілі Ціханоўскай правесці мітынг. Тое, што акцыя адбываецца незаконна, людзі даведаліся ўжо на месцы. А за несанкцыянаваны збор людзей пачаў затрымліваць АМАП.

Пацалунак дзеўчын з бел-чырвона-белым сцягам ля сцяны з сілавікоў падчас традыцыйнага мірнага нядзельнага маршу. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Нiва

— Гэта быў трэці масавы марш беларусаў. Звычайна марш заканчваўся, натоўп упёрся ў ачапленне з сілавікоў ля Палацу незалежнасці. Каля кардону ўтваралася своеасаблівая тусоўка: людзі размаўлялі паміж сабою, падыходзілі да сілавікоў, размаўлялі з імі. Калі я падышла да шчытоў, пачалася залева. Парасон не асабліва ратаваў, але было цёпла. Дождж быў вельмі моцны, перыядычна даводзілася выціраць з камеры ваду. І тут маю ўвагу прыцягнулі дзяўчаты з бел-чырвона-белым сцягам, якія стаялі ля ачаплення. Яны спрабавалі схавацца ад дажджу пад парасонам, што было цалкам бессэнсоўна. Таму ў нейкі момант дзве наскрозь прамоклыя дзяўчыны выйшлі наперад і пачалі цалавацца. Вядома, я не магла на адрэагаваць на гэты эпатажны ўчынак. З імі была сяброўка, якая здымала ўсё на тэлефон.

Думаю, дзяўчынкі куражыліся. Але гэта быў вельмі прыгожы кураж. Пацалунак дзеўчын на фоне ачаплення сілавікоў пад нацыянальным сцягам, кроплі дажджу сцякаюць па валасах, тварах і вопратцы…. Гэта быў адзін з самых візуальна запамінальных момантаў у той дзень.

Затрыманыя ў першыя дні пратэстаў выходзяць з ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Нiва

— Людзі распавядалі страшныя гісторыі пра ўмовы на Акрэсціна. Іх збівалі, не давалі піць і псіхалагічна ціснулі. Жудасна, што частку людзей з ізалятару вывозілі хуткімі адразу ў рэанімацыю.

Затрыманні падчас мірнага жаночага маршу супраць гвалту. Менск, Беларусь. 12 верасня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Нiва

– Сілавікі адціснулі жанчын да летняй тэрасы аднаго з менскіх бараў, тыя фактычна апынуліся ў пастцы: іх прыціснулі да сцяны і парэнчаў. Сілавікі па чарзе выводзілі з шарэнгі дзяўчат у аўтазак. Хтосьці з іх зразумеў, што апошні шанец на ратунак – паспрабаваць пералезці праз парэнчы ды ўцячы праз іншы ўваход. На здымку дзяўчыны дапамагаюць адна адной забрацца на тэрасу ў момант, калі сілавікі сцягваюць іх назад.

Мужчына з бел-чырвона-белым сцягам стаіць перад вадамётам, які сапсаваўся падчас спробы разгону ўдзельнікаў мірнага нядзельнага маршу. Менск, Беларусь. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша Нiва

– Чарговы нядзельны марш. Кастрычнік – час, калі сілавікі спрабуюць ужо больш радыкальнымі спосабамі перашкодзіць збору пратэстоўцаў і такім чынам здушыць пачатак маршу. Шмат спецтэхнікі, мікрааўтобусы з АМАПам традыцыйна чакаюць пратэстоўцаў у цэнтры гораду. Здавалася, што гэтым разам людзі дакладна не выйдуць, бо пабаяцца жорсткіх затрыманняў. Але не. Я зразумела, што памыляюся, калі ўбачыла, як з бліжэйшых двароў і паркаў пачынаюць цячы раўчукі з людзей, зліваючыся ў раку. Марш зноў адбыўся, — кажа Надзея.

ЮШ, belsat.eu

Стужка навінаў