У Арменіі з пачатку 2024 года затрымалі чацвярых беларусаў, абвешчаных у міждзяржаўны вышук


У Арменіі за два з паловай месяцы 2024 года былі затрыманыя чатыры грамадзяніны Беларусі, абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук у краінах СНД. Усе яны цяпер знаходзяцца ў ізалятары гораду Ванадзор, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на юрыста Хельсінкскай асацыяцыі Арменіі Араіка Папік’яна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: total.kz

«За паўтара месца з пачатку году чатыры затрыманні. Гэта, мне падаецца, вельмі шмат, улічваючы, што за ўвесь 2023 год быў толькі адзін выпадак, і той быў не паводле артыкулу аб ухіленні ад службы ў войску», – кажа Араік Папік’ян.

Юрыст Араік Папік’ян прадстаўляе інтарэсы грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава, якога затрымалі на мяжы Арменіі сёлета 2 лютага на запыт Беларусі паводле абвінавачання ва ўхіленні ад службы ў войску.

Паводле юрыста, аднак, не ўсіх чацвярых абвінавачваюць ва ўхіленні ад службы ў войску.

«Я ведаю дэталі не пра ўсе выпадкі. Двух хлопцаў затрымалі 2 – 3 дні таму. Яшчэ аднаго затрымалі і арыштавалі адразу пасля Яраслава. Усе яны знаходзяцца ў тым жа ізалятары, што і Яраслаў», – дадаў Папік’ян.

Яраслаў Новікаў з 5 лютага знаходзіцца ў ізалятары гораду Ванадзор.

«Сёння я сустрэўся з Яраславам, і мы планавалі нашыя далейшыя дзеянні – па апеляцыі і гутарцы з супрацоўнікамі міграцыйнай службы. Сваю падтрымку Яраславу выказала і беларуская дыяспара, якая знаходзіцца ў Арменіі. Яны таксама напішуць ліст падтрымкі ў міграцыйную службу» – паведаміў Араік Папік’ян.

Hавiны
Беларус, якога затрымалі ў Арменіі па запыце беларускіх уладаў, папрасіў палітычны прытулак
2024.02.07 20:04

Цяпер адвакат рыхтуе апеляцыю на другое рашэнне суду аб працягненні арышту Яраслава Новікава, ухваленае 7 сакавіка. Першае аналагічнае рашэнне ад 4 лютага Апеляцыйны суд Арменіі прызнаў законным.

Грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава затрымалі 2 лютага ў Арменіі пры перасячэнні мяжы з Грузіяй, калі высветлілася, што ўлады Беларусі абвясцілі яго ў міждзяржаўны вышук у СНД праз абвінавачанне ва ўхіленні ад службы ў войску.

Яраслаў Новікаў планаваў пераехаць з Грузіі ў Балгарыю, але не атрымаў візы. Яму параілі атрымаць неабходную візу на радзіме, але Новікаў туды не паехаў праз рызыку быць арыштаваным. Ён адправіўся падаць дакументы на візу ў суседнюю Арменію.

Суд Арменіі 4 лютага ўзяў Яраслава Новікава пад варту на 40 дзён для далейшай перадачы ўладам Беларусі пасля атрымання адпаведных дакументаў з Менску.

У часе знаходжання ў ізалятары беларус падаў у міграцыйную службы Арменіі заяву на атрыманне статусу ўцекача і палітычнага прытулку. Місія дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі раней накіравала ў міграцыйную службу Арменіі ліст падтрымкі Новікава.

Вядома пра некалькі выпадкаў затрымання грамадзянаў Беларусі ў Арменіі ў 2022 і 2023 гадах. Усе затрыманні адбываліся на мяжы, калі беларусы спрабавалі «абнуліць» тэрмін знаходжання ў Грузіі, часова выехаўшы ў Арменію.

У студзені 2023 году Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла, што Арменія перадала затрыманага на сваёй тэрыторыі грамадзяніна Беларусі, які, паводле версіі следчых, ухіляўся ад службы ў войску, хоць пачаткова яго вінавацілі ў эканамічным злачынстве.

Разбор
Адкуль могуць дэпартаваць і экстрадаваць у Беларусь на палітычны запыт, а дзе бяспечна
2024.02.04 14:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў