Лукашэнка вельмі хоча выпускаць самалёты разам з Расеяй

Днямі адразу некалькі інтэрнэт-выданняў падвялі  вынікі вытворчасці пасажырскіх самалётаў у Расеі за 2023 год. «Што нам да гэтых самалётаў?» – спытае беларускі глядач. У авіяпарку «Белавіі» ёсць амерыканскія «боінгі» і бразільскія «эмбраэры», ніякіх расейскіх самалётаў там няма. А я раскажу, чаму нам, беларусам, гэта мае быць цікава.

«Суперджэт Іл-114».
Фота: Kirill Borisenko / commons.wikimedia.org

Перш за ўсё ў выніку санкцыяў і Беларусь, і Расея не могуць больш купляць заходніх самалётаў. «Белавія» ўжо заяўляла, што чаго б ні хацелася, але ўжо ў гэтым годзе трэба было б перасесці на расейскія. Па-другое, Аляксандр Лукашэнка вельмі хоча выпускаць самалёты разам з Расеяй – ён пра гэта казаў і абяцаў, што на тэрыторыі нашай краіны будзе створаная авіяцыйная вытворчасць. Так што давайце скажам шчыра: поспехі расейскага самалётабудавання нам неабыякавыя. Але, каб ацаніць прагрэс у гэтай справе, трэба спачатку высветліць, якія паказнікі можна лічыць поспехам або няўдачаю.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе Расея засталася без магчымасці набываць не толькі гатовыя самалёты, але нават запчасткі да іх. Крамлёўскія вярхі тады прыдумалі прыгожую байку для насельніцтва, якую мы не раз чулі і ад беларускіх чыноўнікаў: «санкцыі нам на карысць», мы ўсё імпартазамясцім – і будзе лепей, чымся было. Не будзем больш купляць буржуйскіх «боінгаў» і плаціць вялікія грошы амерыкосам, а проста заўтра зробім свае ўласныя самалёты і будзем імі лётаць. Гучыць як казка. Але спецыялісты, якія добра разбіраюцца ў тэме, адразу пакруцілі пальцам ля скроні. Вытворчасць самалётаў, мякка кажучы, крыху складанейшая за вытворчасць сыру пармезан. І калі ў Расеі не здолелі пакуль якасна замясціць пармезану, то з самалётамі будзе, бадай, яшчэ цяжэй.

Але большасць абывацеляў так глыбока ў тэме не разбіраецца. Паказалі ў тэлебачанні, што заменім чужыя самалёты на свае, – значыць, заменім. Ну а чыноўнікі ўжо на абяцаннях не эканомілі. Адразу пасля нападу на Украіну напісалі паперку і назвалі яе комплекснаю праграмаю развіцця авіяцыйнай галіны да 2030 года – адкрываем і глядзім.

Цягам васьмі гадоў, з 2022 да 2030-га, будуць выпушчаныя 609 вялікіх пасажырскіх самалётаў: 142 «Суперджэты», 270 найноўшых МС-21, 70 Іл-114 і 115 Ту-214. Здаецца, не так і шмат – 76 самалётаў за год. Дзеля параўнання, той жа «Airbus» за адзін 2023 год пабудаваў 735 самалётаў. Але расейская прамысловасць толькі ўстае з каленяў, таму такія рэкорды ёй не пад сілу – і на 2023 год запланавалі 25 паветраных караблёў, прычым 20 з іх невялічкія, усяго на 20 пасажыраў. І ведаеце, колькі з іх удалося збудаваць? НУЛЬ! НІ-ВОД-НА-ГА. Ну, нічога, гэты год будзе больш удалы: на 2024-ы запланавалі 69 самалётаў. Год толькі пачаўся, а ўжо кепскія навіны: чыноўнікі рапартуюць, што сутыкнуліся з цяжкасцямі, і першыя імпартазамешчаныя «Суперджэты» і распрацаваныя яшчэ ў Савецкім Саюзе Іл-114 не ўдасца пабудаваць да 2026 года, а МС-21 – да 2025-га. Прычым адносна МС-21 давялося прызнацца ў тым, што нават фінальны вобраз гэтага самалёта яшчэ не да канца сфармаваны.

Я вам патлумачу, што крыецца за гэтаю фармулёўкаю.

Самалёт МС-21.
Фота: Denis Fedorko / russianplanes.net / commons.wikimedia.org 

МС-21 расшыфроўваецца як магістральны самалёт ХХІ стагоддзя. Гэта расейскі аналаг самых папулярных у свеце мадэляў «Boeing 737» і «Airbus А320». Паводле плану, гэтым лайнерам можна будзе перавезці 211 пасажыраў на адлегласць 5000 кіламетраў. Ствараць яго пачалі яшчэ ў 2007 годзе, і ўжо праз дзесяць гадоў, у 2017-м, МС-21 узняўся ў неба. Але з адным нюансам – палова дэталяў была замежная: рухавікі амерыканскія, крылы амерыканска-японскія, кабіна амерыканская. Цяпер, з увагі на санкцыі, гэта ўсё замяняюць на расейскае – і вось тут і з’явілася гэтая фармулёўка пра «несфармаваны фінальны вобраз». За фармулёўкаю крыюцца вялікія праблемы. Расейскія дэталі саступаюць у якасці заходнім, а некаторых яшчэ нават не пачалі праектаваць.

У выніку МС-21 або не зможа ляцець так далёка, як планавалі, або везці столькіх пасажыраў, як абяцалі. Замест 211 асобаў удаецца перавезці толькі 135, і не на 5000 кіламетраў, а на 3500. Пры такіх паказніках губляецца сэнс існавання гэтага лайнера. Але гэта не ўсе кепскія навіны. Да гэтага дадалася яшчэ адна праблема: спачатку кошт распрацоўвання МС-21 вызначылі як два мільярды долараў, але ў выніку выйшла пяць мільярдаў. Кошт аднаго самалёта атрымаўся вышэйшы за значна лепшы «Boeing» ці «Airbus».

Сітуацыя з «Суперджэтам» яшчэ горшая, бо там замежных дэталяў было ажно 70 %. Астатнія расейскія самалёты – гэта або састарэлыя канструкцыі яшчэ савецкага праекту, якія хочуць уваскрэсіць з мёртвых, або яшчэ на стадыі распрацоўвання і пакуль існуюць толькі на паперы, як той жа самалёт «Ладага», што абяцаюць рабіць у Беларусі. Дырэктар «Белавіі» Ігар Чаргінец хваліўся раней, што першыя расейскія «Суперджэт» і МС-21 ён хоча атрымаць ужо ў гэтым годзе. Наўрад, спадару Ігару. Пакуль прыйдзецца лятаць тым, што ёсць. Прычыны гэтага правалу найлепш пракаментаваў выданню «Сирена» авіяцыйны журналіст Андрэй Мяншэнін: «Асноўная прычына – гэта татальная карупцыя, адсутнасць высокакваліфікаваных кадраў і высокадакладнага абсталявання, а таксама недастатковае фінансаванне, бо ўсе сродкі накіраваныя на вайну».

Хоць асабіста я з апошнім не вельмі згодны – на самалёты вылучылі каля дзесяці мільярдаў долараў. Пытанне ў тым, колькі з іх дайшло да адрасата. А на завяршэнне ўсякім чыноўнікам-імпартазамяшчальнікам, ура-патрыётам ды іншым фантазёрам хачу сказаць: рабіць канкурэнтаздольныя сучасныя пасажырскія самалёты – гэта не бруднымі салдацкімі ботамі ў чужую краіну залазіць. Ні за адзін дзень, ні нават за дзесяць гадоў не ўдасца. Гэта ўвогуле не кожнаму дадзена.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў