Сын Алены Гнаўк: Нават у турме яны не зламалі маю маці


Алена Гнаўк, пенсіянерка з вёскі Ткачы Пружанскага раёну, стала вядомая падчас пратэстаў 2020 года. Жанчына не спыняла барацьбы нават тады, калі пратэст сціх, і вынікам сталі дзясяткі адміністратыўных справаў і чатыры крымінальныя. Сёння спадарыні Алене спаўняецца 65 гадоў, і свой юбілей яна адзначае ў РНПЦ псіхічнага здароўя, што ў Навінках, куды яе перавялі з менскага СІЗА № 1.

Алена Гнаўк з катом Васілёчкам.
Фота: Белсат

Сын Алены Пятроўны Кірыл у размове з «Белсатам» кажа, што цяпер інфармацыі аб маці амаль няма.

– Інфармацыі ўжо няма тыдні два-тры, як яна трапіла ў менскі СІЗА № 1, цяпер у Навінках месяц будзе заставацца, лісты не даходзяць, нічога не даходзіць, нават адвакат яе пакуль не можа наведаць. Дазволілі ўсяго адну перадачу на месяц. Ніякія следчыя дзеянні цяпер не вядуцца, – кажа Кірыл.

Але сын палітзняволенай упэўнены, што ягоную маці не зламаюць, ён толькі хвалюецца за здароўе Алены Пятроўны.

– Маці, яна змагар па жыцці, з вельмі моцным стрыжнем, яе не зламаць нават у турме, бо яна ў поўным парадку і дапамагае іншым людзям, якія сядзяць з ёю. Не маркоціцца і маральны дух падымае, яна ўпартая і заўсёды стаіць на сваім, так заўсёды было. Спадзяюся, там з ёй усё добра, і здароўе яе не падводзіць, у яе з узростам ціск, бывае, павышаецца, я за гэта хвалююся, – адзначае Кірыл.

У Андрэя Шарэнды за кратамі жонка – Паліна Шарэнда-Панасюк 21 сакавіка сустрэне ў няволі ўжо другі свой дзень народзінаў. На актывіста таксама завялі адразу некалькі крымінальных справаў, цяпер ён за мяжою і кажа, што мы не мусім забывацца пра нашых герояў-палітвязняў.

– Ведаю Алену Гнаўк як мужнага і годнага чалавека, я бачыў яе ў першых шэрагах на дэманстрацыях, на шэсцях у жніўні – лістападзе 2020 года падчас беларускай Рэвалюцыі годнасці, яна не прапускала ніводнай нядзельнай акцыі, на якія прыязджала са сваёй вёскі, якая за 100 кіламетраў ад Берасця. Яны была адной з тых, хто выходзіў да самага таго моманту, калі акцыі пратэсту былі брутальна задушаныя. Некалі разоў было такое: я сядзеў у берасцейскім ІЧУ, і туды прывозілі Алену Пятроўну, і праз сцены адчувалася энергія, якая ішла ад яе. Нават за кратамі яна не спыняла барацьбы – за правы свае і іншых. Яна засталася моцнай і падчас суда, гэта не яе судзілі – гэта яна судзіла. І тое, што Алена Гнаўк зноў за кратамі, значыць адно – яна вельмі небяспечная для гэтага рэжыму. Лукашэнка казаў, што ён з жанчынамі не ваюе, але прыклад Алены Пятроўны, прыклад маёй жонкі Паліны Шарэнды-Панасюк паказвае, што ён зноў хлусіць. І я веру, хутка нашыя жанчыны будуць на волі, – кажа грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда.

Гісторыі
Алена Гнаўк: Калі б мне сказалі, Алена, калі ты выйдзеш, цябе заб’юць, я б усё роўна выйшла
2020.12.22 07:57

Нагадаем, што ў няволі Алена Гнаўк з 11 студзеня, яе затрымалі паводле адміністратыўнай справы, а пазней перавялі ў СІЗА № 6 Баранавічаў ужо ў крымінальнай, а потым этапавалі ў менскі следчы ізалятар № 1. На 65-гадовую жанчыну, якая не згадзілася пакорліва маўчаць, завялі ўжо чатыры крымінальныя справы. У дзвюх з іх яе асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі». Але Алена Гнаўк працягнула актыўную дзейнасць, яна пісала звароты да ўладаў і здымала відэа. Напрыклад, жанчына распавяла пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.

Цяперашнія ўлады ацанілі гэта як распаўсюд «загадзя хлуслівых звестак аб прававым становішчы замежных грамадзянаў у Рэспубліцы Беларусь, што было скіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам». І завялі на Гнаук дзве крымінальныя справы: дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК) і паклёп на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК).

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў