НАУ абваліла каціроўкі беларускіх еўрааблігацыяў. І спыняцца не плануе

Цэны дзяржаўных еўрааблігацыяў Беларусі моцна знізіліся ў сакавіку. Прычынаю можа быць актыўнасць на гэтым полі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), мяркуе фінансавы аналітык кампаніі «Duff & Phelps» Максім Адаскевіч.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску», з сакавіка каціроўкі ўсіх выпускаў беларускіх еўрабондаў рэзка пайшлі долу. Асабліва жорстка праселі паперы з пагашэннем у 2030–2031 гадах.

За 12 сакавіка на Франкфурцкай біржы еўрааблігацыі Беларусі з пагашэннем у лютым 2030 года апусціліся да 94,3 % ад наміналу, у лютым 2031-га – да 92,5 %. У канцы лютага гэтыя выпускі прадаваліся па 97,9 % і 98,4 % ад наміналу.

«У найбліжэйшыя год-два мы пабачым сапраўдны эканамічны крызіс». Як улады вядуць Беларусь да калапсу

Што за еўрааблігацыі?

Пытанні ў НАУ ўзніклі да еўрааблігацыяў, якія Міністэрства фінансаў Беларусі размясціла 24 чэрвеня 2020 года. Былі зробленыя два выпускі каштоўных папераў на агульную суму $ 1,25 млрд:

• Беларусь-2026 на $ 500 млн з пагашэннем у лютым 2026 года пад стаўку 5,875 %. Еўрааблігацыі размешчаныя па цане 98,799 % ад намінальнага кошту;

• Беларусь-2031 на $ 750 млн з пагашэннем у лютым 2031 года пад стаўку 6,378 % гадавых.

Аблігацыі размешчаныя па цане 100,0 % ад намінальнага кошту. Грошы паступілі ў бюджэт 24 чэрвеня мінулага года.

Паўплываў НАУ?

У каментары belsat.eu фінансавы аналітык кампаніі «Duff & Phelps» Максім Адаскевіч звязаў падзенне каціровак беларускіх еўрааблігацыяў з дзейнасцю Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

У лютым кіраўнік НАУ Павел Латушка звярнуўся да інвестфондаў з Вялікай Брытаніі, Францыі, Швейцарыі, ЗША і іншых краінаў, якія перад выбарамі 2020 года купілі беларускія еўрабонды на $ 1,2 млрд.

Лісты былі накіраваныя ўсім 27 інвестфондам, якія трымаюць беларускія бонды, тром інвестбанкам («Societe Generale», «Citibank» і «Raiffeisen»), якія размяшчалі аблігацыі, і Міжнароднаму валютнаму фонду (МВФ).

Назло санкцыям інвестклімат адмарожу!

У НАУ заяўляюць, што «грошы з продажу еўрабондаў пайшлі не на рэфінансаванне замежнага доўгу, як гэта было заяўлена ў праспекце эмісіі, а на рэпрэсіі супраць беларускага народу».

У выніку ў сакавіку тры інвестыцыйныя фонды Даніі («BankInvest», «Jyske Invest» і «Sparinvest») заявілі аб продажы дзяржаблігацыяў Беларусі праз палітычную сітуацыю ў краіне. 11 сакавіка пра гэта ж заявіў фонд «Nordea Asset Management», які мае ў беларускіх еўрааблігацыях € 30 млн.

А затым і аўстрыйскі «Raiffeisen Bank» паведаміў, што гатовы на перамовы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі адносна дзяржаблігацыяў Беларусі, выпушчаных перад выбарамі. Перамовы запланаваныя на гэты тыдзень.

«Я думаю, што тут даволі істотны менавіта продаж еўрабондаў, які справакавала НАУ. У нас не такія вялікія выпускі, і нашыя аблігацыі не такія ліквідныя, і продаж аблігацыяў двума-трыма фондамі, якія трымаюць некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў у нашых аблігацыях, даволі істотны. Гэта ўплывае на каціроўкі», – заявіў Максім Адаскевіч.

Што гэта значыць

З іншага боку, дадаў аналітык, на сітуацыю ў Беларусі ў блізкай перспектыве гэтае падзенне каціровак паўплывае нямоцна.

«Гэта не значыць, што нейкія грошы сыходзяць з Беларусі. Проста адзін іншаземны інвестар перапрадае іншаму. Грошы па гэтых аблігацыях ужо даўно да нас прыйшлі, і адабраць іх магчыма толькі тады, калі Беларусь перастане выконваць свае абавязкі – выплочваць працэнты», – адзначыў Максім Адаскевіч.

Рэжыму катастрафічна не стае грошай. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Тым не менш, на ягоную думку, калі ўлады Беларусі захочуць зноў выпусціць еўрааблігацыі на сусветным рынку, то «пасля гэтых усіх гісторыяў гэта будзе зрабіць вельмі цяжка».

«І раней верагоднасць гэтага была б вельмі малая. А актыўнасць НАУ зрабіла гэта амаль немагчымым», – падкрэсліў эксперт.

Увесну міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы «Fitch» i «S&P» будуць планава пераглядаць рэйтынгі Беларусі. Максім Адаскевіч кажа, што яны праз свой кансерватызм моцна апусцяць крэдытныя рэйтынгі краіны. Але любое паніжэнне рэйтынгаў можа паўплываць на рашэнні замежных фондаў адносна беларускіх еўрабондаў.

«Любое паніжэнне рэйтынгу адбіваецца негатыўна. І я думаю, што тут выключэнняў быць не можа», – падкрэсліў фінансавы аналітык.

У НАУ распавялі пра далейшыя планы

У Народным антыкрызісным упраўленні «Белсату» паведамілі, што «задаволеныя бягучымі вынікамі кампаніі» і асобна падзякавалі дыяспары беларусаў у Даніі, якія «прарабілі вялікую працу».

«Пакуль што еўрабонды прададзеныя іншым трымальнікам, але мы верым, што ў хуткім часе даўгавыя абавязкі будуць прадстаўленыя пазычальніку для датэрміновага пагашэння. Тым фондам, якія ўбачылі магчымасць куплі беларускіх еўрааблігацыяў у тых, хто вырашыў іх прадаць у межах кампаніі НАУ, мы хочам сказаць, што гэта не самае ўдалае рашэнне: для іх гэта пагражае фінансавымі і рэпутацыйнымі стратамі», – паведамілі ў Народным антыкрызісным упраўленні.

Вонкавыя пазыкі Беларусі за 2020 год выраслі на амаль $ 1,5 млрд

У НАУ адзначылі, што праца ў гэтым кірунку працягваецца.

«Мы не стамляемся тлумачыць інвестарам, каму і на што яны далі грошы. Яшчэ адна наша мэта – прызнанне нелегітымнасці Лукашэнкі на ўзроўні Міжнароднага валютнага фонду, каб рэжым больш не мог фінансаваць рэпрэсіі за кошт вонкавых запазычанняў», – заявілі ў НАУ.

Таксама ўпраўленне працягвае змагацца за тое, каб прыкладам дацкіх інвестфондаў скарысталіся іншыя ўладальнікі беларускіх еўрабондаў і нарвежская кампанія «Yara», «якая працягвае верыць у тое, што можна прымусіць стаўленікаў Лукашэнкі не парушаць правоў шахцёраў».

У Народным антыкрызісным упраўленні падкрэслілі, што «Беларусі і беларусам трэба інвестыцыі і фінансавая падтрымка, але для развіцця дзяржавы, эканомікі грамадства, а не для аплаты асабістай раскошы Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго сілавога апарата, а таксама будаўніцтва турмаў, СІЗА, задушвання правоў і свабодаў грамадзянаў».

МГ belsat.eu

Hавiны