Медыі: жанчына, якую падазраюць у забойстве чатырох дзяцей у Воршы, памерла ў лякарні


36-гадовая жыхарка Воршы Ірына Куранкова, якая падазраецца ў забойстве сваіх чацвярых дзяцей, памерла ў лякарні. Пра гэта паведамляюць выданні orsha.eu і «Медиазона».

Афіцыйнай інфармацыі на гэта конт няма.

Нагадаем, што ўвечары 14 лютага ў Воршы былі знойдзеныя целы чатырох малалетніх дзяцей у веку ад 1 да 8 гадоў са слядамі гвалтоўнай смерці. Падазрэнне ўпала на іхную маці, жанчыну затрымалі. Па факце забойства заведзеная крымінальная справа згодна з ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Забойства дзвюх або больш асобаў, здзейсненае ў адносінах да малалетніх»).

Паведамлялася, што 36-гадовая жанчына мела шасцярых дзяцей і жыла на вуліцы Завадскага. Пасля таго як ейнага мужа забралі ў ЛПП, органы сацыяльнай апекі запусцілі працэс забірання дзяцей з сям’і. Каб не дапусціць гэтага, жанчына задушыла чатырох дзяцей, а сабе парэзала вены, жадаючы скончыць жыццё самагубствам, распавядаў раней звязаны з сілавікамі Telegram-канал. Але адразу яна не памерла.

Паводле выдання «Медиазона», першай пра здарэнне даведалася бабуля. «Усе суседзі распавядаюць, што яна адчыніла дзверы сваім ключом. Прыйшла, бо не магла датэлефанавацца. І ўбачыла там Ірыну ў крыві, таму што тая спрабавала вены парэзаць. І дзяцей. Кажуць, яны ў шэраг ляжалі», – распавяла журналістам крыніца, блізкая да сямʼі.

Hавiны
Задушыўшы дзяцей, жанчына спрабавала скончыць жыццё самагубствам
2024.02.15 14:29

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў