Байдэн: Пуцін адказны за смерць Навальнага


Уладзімір Пуцін вінаваты ў смерці Аляксея Навальнага. Пра гэта падчас экстраннай заявы 16 лютага з нагоды смерці расейскага апазіцыянера заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Паводле яго, дакладна невядома, што канкрэтна здарылася з Аляксеем Навальным, але няма сумневу ў тым, што адказнасць за гэта нясуць расейскія ўлады. Джо Байдэн адзначыў, што Навальны змагаўся супраць «карупцыі, гвалту і ўсіх кепскіх рэчаў, што ўтварыў Пуцін», і за гэта быў атручаны, арыштаваны і зняволены ў вязніцу. Але нават там ён заставаўся «магутным голасам свабоды».

«Улады Расеі будуць распавядаць іншую гісторыю. Але не памыляйцеся: Пуцін адказны за смерць Навальнага», – сказаў ён.

На думку прэзідэнта ЗША, Навальны ў адрозненні ад Пуціна быў «смелым, прынцыповым, быў апантаны Расеяй, дзе пануе закон».

Байдэн заклікаў хутчэй вылучыць дапамогу Украіне

Байдэн адзначыў, што гэтая смерць нагадвае пра тое, што стаіць на коне цяпер. У прыватнасці, ён заклікаў амерыканскіх кангрэсменаў дапамагчы Украіне, каб яна «магла надалей абараняць сябе» супраць вайсковых злачынстваў, бо «гісторыя глядзіць».

«Жаданне падтрымаць Украіну не будзе забытым. Яно будзе запісанае на старонках гісторыі», – сказаў прэзідэнт ЗША, нагадаўшы, што амерыканскія заканадаўцы ніяк не могуць зацвердзіць дапамогу Украіне. Паводле яго, «гадзіннік цікае», і гэта трэба зрабіць зараз.

Байдэн таксама асудзіў словы Доналда Трампа, які заявіў, што дазволіць Расеі напасці на краіны NATO.

«Пакуль я прэзідэнт, Амерыка будзе стаяць поруч са сваімі саюзнікамі ў NATO, як і яны стаялі поруч з намі. Пуцін і ўвесь свет павінны ведаць, што калі хтосьці атакуе нас, нашыя саюзнікі ў NATO падтрымаюць нас. І калі Пуцін нападзе на саюзнікаў у NATO, Злучаныя Штаты будуць абараняць кожную цалю тэрыторыі NATO», – заявіў ён.

Пры гэтым, каментуючы сваю ж заяву трохгадовай даўніны пра тое, што ў выпадку смерці Навальнага, Крэмль чакаюць сур’ёзныя наступствы, Байдэн сказаў, што Расея ўжо сутыкнулася з гэтымі наступствамі за вайну ва Украіне ў выглядзе санкцыяў і стратах 350 тысячаў расейскіх вайскоўцаў.

«Мы разглядаем усе магчымыя варыянты», – адказаў прэзідэнт ЗША на пытанне, ці плануюцца нейкія новыя санкцыі.

Фота
Дзясяткі разоў арыштаваны, але нязломны. Якім было жыццё палітыка Аляксея Навальнага
2024.02.16 20:11

Пра тое, што Аляксей Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што «медыкі разбіраюцца» з тым, што адбылося, і ўдакладніў, што прэзідэнту ўжо паведамілі пра смерць Навальнага.

Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады. На апошнім відэа за дзень да смерці Навальны выглядаў бадзёрым.

Жонка памерлага палітвязня Юлія Навальная на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі заявіла, што «і гэты рэжым, і Уладзімір Пуцін павінны панесці персанальную адказнасць».

Агляд
«Пакуль трэба не здавацца». Памёр Аляксей Навальны. Якім быў шлях расейскага апазіцыянера
2024.02.16 17:33

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў