Камісія для вяртання ў Беларусь адмовілася разглядаць зварот рэдактаркі сайту «Белсату» і патлумачыла чаму


Камісія па разгляду зваротаў беларусаў, якія з’ехалі з краіны па палітычных прычынах, даслала афіцыйны адказ рэдактарцы сайту «Белсату» Вользе Ярохінай, але разглядаць зварот па сутнасці адмовілася.

Рэдактарка сайту «Белсату» Вольга Ярохіна ў сваім звароце прасіла патлумачыць, ці распачатыя супраць яе на тэрыторыі Беларусі крымінальныя або адміністратыўныя справы. Ліст Ярохінай аказаўся першым і Генпракуратура публічна адрэагавала на яго: у ведамстве паабяцалі даць адказ.

Зварот у камісію па вяртанні. Скрыншот: «Белсат»

Аднак з афіцыйнага адказу, які Ярохіна атрымала 16 лютага, вынікае, што яе зварот не быў прыняты да разгляду, бо не адпавядае патрабаванням. Як адзначаецца ў дакуменце, у звароце трэба патлумачыць, з якой прычыны грамадзянін зʼехаў з краіны, а таксама распавесці пра абставіны, «у сувязі з якімі, як мяркуе грамадзянін, яго могуць прыцягнуць да адміністратыўнай і (або) крымінальнай адказнасці». Такім чынам, пакуль грамадзянін сам на сябе не данясе, ягоны зварот нават разглядацца не будзе.

Акрамя таго, у звароце чалавек мусіць паабяцаць выконваць Канстытуцыю па вяртанні, паважаць дзяржаўныя сімвалы, а пры наяўнасці правапарушэння – «шчыра раскаяцца», «кампенсаваць шкоду» і выказаць гатовасць прынесці публічныя прабачэнні.

Фрагмент адказу камісіі для вяртання на зварот Вольгі Ярохінай. Скрыншот: «Белсат»

Імаверна, аналагічным чынам адмаўляюць у разглядзе зваротаў і іншым беларусам, што напісалі ў камісію. 11 лютага намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук заявіў, што ў камісію «паступіла дастатковая колькасць зваротаў, але фактычна ўсе яны не адпавядаюць тым крытэрыям, якія прапісаны ва ўказе». Стук адзначыў, што ў заяве неабходна патлумачыць, якія прэтэнзіі да чалавека могуць быць у сілавікоў, і сувязі з чым чалавек вырашыў, што ў дачыненні да яго ёсць дадзеныя аб здзяйсненні правапарушэнняў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў