Беларускі «бязвіз» для грамадзянаў Літвы, Латвіі і Польшчы. Адкрытасць і добрасуседства ці крыніца даходаў?


Беларусь і на 2024 год падоўжыла дзеянне «бязвізу» для грамадзянаў Літвы, Латвіі і Польшчы. Паводле Памежнага камітэту, ён вельмі папулярны сярод жыхароў суседніх краінаў – ім скарысталіся сотні тысячаў грамадзянаў. Але ж беларускі «бязвіз» не бясплатны: палічылі, колькі Беларусь можа зарабіць толькі на абавязковых выдатках. 

Памежнік на заставе «Асарэвічы»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежнік на заставе «Асарэвічы», Беларусь. 15 снежня 2023 года.
Фота: Proregion24.by

Бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін да 90 дзён у каляндарным годзе быў уведзены для грамадзян Літвы і Латвіі, а таксама асобаў, якія маюць статус неграмадзяніна Латвіі, з 15 красавіка 2022 года, а з 1 ліпеня 2022 года – для грамадзян Польшчы. У снежні 2022 года бязвізавы парадак уезду быў падоўжаны на 2023 год, а ў снежні 2023 года – і на 2024-ы.

Паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, бязвізавы рэжым уводзілі «у пацверджанне адкрытасці нашай краіны, нацэленасці на добрасуседства і ўмацаванне міжнацыянальных сувязяў». Але на «бязвізе» беларуская дзяржава ўжо зарабіла мільёны еўра. І прыбыткі з замежніка яшчэ павялічацца.

Што трэба для ўезду ў Беларусь па «бязвізе» – і колькі гэта каштуе

Патрабаванні да дакументаў для перасячэння мяжы без візы распісаныя тут на сайце Памежнага камітэту. Пры сабе трэба мець дзейны пашпарт ці іншы дакумент для выезду за мяжу і медычную страхоўку, а калі ехаць на машыне – «зялёную картку» страхавання, чэк аплаты мясцовага збору і кантрольную марку аплаты паслугаў дэзынфекцыі.

Медычная страхоўка ў залежнасці ад тэрміну абыдзецца ў сумы ад € 2 за 1–2 дні да € 170 за год. Патрабаванні апісаныя тут на сайце Міністэрства замежных справаў. Галоўнае патрабаванне – каб гэта была страхоўка ад «Белдзяржстраху» або «Белэксімгаранта».

«Зялёная картка» ў Беларусі для легкавых машынаў пакуль каштуе ад € 17 за 15 дзён да € 84 за год; для матацыклаў – ад € 2 да € 24; для грузавікоў – ад € 9 да € 96. Але разам з працягам дзеяння безвізу ўлады прынялі рашэнне і пра падвышэнне цэнаў на страхоўку. Ад 13 лютага яна для легкавікоў будзе каштаваць ад € 25 да € 274 (цана пры афармленні на год вырасла больш як утрая), для матацыклаў – ад € 3 да € 33, для грузавікоў – ад € 66 да € 723 (мінімальная цана вырасла ў больш як сем разоў). Патрэбная страхоўка менавіта ад беларускай страхавой кампаніі, замежныя не падыходзяць.

Мясцовы збор за перасячэнне мяжы складае 1 базавую велічыню (цяпер гэта 40 рублёў або каля € 11,61) з транспартнага сродку незалежна ад колькасці пасажыраў. Плату бяруць з машынаў з чатырма і больш коламі масай не больш за 5 тонаў. Збор не бяруць з грузавікоў і аўтобусаў, а таксама з тых, хто едзе на пахаванне блізкага родзіча ці санаторнае лекаванне або мае інваліднасць пэўнай ступені. Адметна, што збор уводзілі дзеля «кансалідацыі даходаў бюджэту дзеля барацьбы з COVID-19».

Дэзынфекцыя машыны стала абавязковай з сярэдзіны верасня 2023 года. Тады з легкавой машыны бралі 2 рублі (цяпер гэта каля € 0,58), з аўтобуса – 30 рублёў (€ 8,71), з грузавіка – 95 рублёў (€ 27,58), а матацыклы мылі бясплатна. З таго часу аб падвышэнні цэнаў не паведамлялі. Неабходнасць дэзынфекцыі тлумачылі пагрозай завозу вірусаў, небяспечных для сельскай гаспадаркі.

Часовая рэгістрацыя ў Беларусі бясплатная, яе можна аформіць праз інтэрнэт, інструкцыя тут. Грамадзяне Латвіі і Літвы вызваленыя ад абавязку рэгістравацца цягам 30 дзён з уезду, а грамадзяне Польшчы маюць рэгістравацца цягам 10 дзён.

Да таго ж, кіроўца машыны наўрад ці абміне платныя дарогі (іх мапа тут). Машынам масай да 3,5 тоны, зарэгістраваным не ў Беларусі, Расеі, Арменіі, Казахстане і Кыргызстане, трэба купляць электронную віньетку за € 18 на 15 дзён, € 28 на 30 дзён, € 96 на каляндарны год.

Колькі на гэтым зарабілі ў Беларусі

Памежны камітэт Беларусі сцвярджае, што ад увядзення цяперашніх правілаў безвізавага ўезду ў 2022 годзе і па 15 студзеня 2024 года гэтым правам скарысталіся амаль 807 тысяч чалавек: амаль паўмільёна грамадзянаў Літвы, амаль чвэрць мільёна грамадзянаў і неграмадзянаў Латвіі, звыш 65 тысяч грамадзянаў Польшчы. Толькі за першую палову студзеня 2024 года ў Беларусь па «бязвізе» прыехалі 3415 грамадзянаў Літвы, 1242 грамадзяніна і 288 неграмадзянаў Латвіі, 1360 грамадзянаў Польшчы.

Падобна, гаворка ідзе толькі пра «наземны бязвіз», без уліку тых, хто атрымаў права на 30 бязвізавых дзён па прылёце ў аэрапорты – калі раптам грамадзяне Еўразвязу прылятуць у Менск праз трэція краіны (наўпроставых рэйсаў паміж Еўразвязам і Беларуссю няма, рэйсы з Расеі не даюць «бязвізу»).

Такім чынам, Беларусь атрымала ад васьмі сотняў тысячаў «бязвізавых гасцей» ніяк не менш за 1,6 мільёна еўра толькі за страхоўкі, калі браць па мінімуму і лічыць, што ўсе ўязджалі на 1–2 дні і бралі страхоўку за € 2. Колькі выплацілі па страхавых выпадках, невядома.

Адзін кіроўца легкавой машыны мае заплаціць на дадатак да асабістай медычнай страхоўкі яшчэ як мінімум € 29,19 (хутка стане мінімум € 37,19) на страхоўку машыны і зборы, а калі ехаць надоўга, то і больш. З улікам платных дарог выйдзе, што каб з’ездзіць на выходныя ў Горадню на сваёй машыне паляку, літоўцу ці латышу трэба заплаціць як мінімум € 49,19 (плюс яшчэ € 8 пасля падаражэння «зялёнай карткі»).

Колькі машынаў уехала ў Беларусь па «бязвізе», не паведамляюць. Але калі ўявіць, што ў 2024 годзе бязвізам скарыстаецца столькі ж чалавек, як у 2023-м (паводле лічбаў памежнікаў, гэта звыш 411 тысяч чалавек з 1 студзеня па 26 снежня), і калі ўявіць, што на сваёй машыне паедзе кожны трэці і што едуць па адным разе на 1–2 дні, то аплатаў за «бязвіз» на год набярэцца на не менш як € 9 млн.

Турыстам таксама можа спатрэбіцца жытло. На момант публікацыі самы танны гатэль у раёне Горадні – турыстычны комплекс «Пышкі» пад Горадняй, дзе аднамясцовы нумар будзе каштаваць 60 рублёў (€ 17,42) за адну ноч. Калі ўсе 411 тысяч «бязвізавых» чалавек будуць жыць у гатэлях па такой мінімальнай цане і правядуць у гатэлях толькі адну ноч, гэта яшчэ звыш 716 тысяч еўра.

Праўда, турыстаў можа стаць і менш. Літву насцярожваюць частыя паездкі яе грамадзянаў у Беларусь і улады плануюць скараціць плынь паездак, бо бачаць у гэтым пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Інфаграфіка
Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Мапа
2023.10.27 15:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў