Міністарка абароны ФРГ Крыстынэ Лямбрэхт падала ў адстаўку


Міністарка абароны ФРГ Крыстынэ Лямбрэхт падала прашэнне аб адстаўцы, спасылаючыся на бесперапынную крытыку ў СМІ і немагчымасць у такіх умовах працаваць на пасадзе. Апаненты лічаць, што яна марудна рэарганізавала бундэсвэр і ўвогуле не кампетэнтная. Пра гэта паведамляе DW.

Крыстынэ Лябрэхт. Скрыншот відэазвароту з сайту Міністэрства абароны ФРГ / bmvg.de

Паводле заявы, якую міністарка абароны ФРГ Крыстынэ Лямбрэхт, зрабіла ў панядзелак, 16 студзеня, яна падала адпаведнае прашэнне канцлеру ФРГ Оляфу Шольцу.

Лямбэрт лічыць, што працяглая пільная ўвага СМІ да яе асобы робіць «практычна немагчымымі дзелавое інфармаванне і дыскусіі аб вайскоўцах, бундэсверы і ўсталяванні прыярытэтаў у сферы палітыкі бяспекі ў імя інтарэсаў грамадзянаў Нямеччыны». Апроч таго, празмерная ўвага да асобы цяпер ужо экс-міністаркі, паводле яе адзнакі, абясцэньвае працу вайскоўцаў, і таму яна прыняла рашэнне сысці: «Каштоўная праца вайскоўцаў і многіх матываваных людзей у грамадскіх колах павінная заставацца на пярэднім плане. Я пастанавіла пакінуць сваю пасаду».

Паводле DW, апазіцыйныя хрысціянскія дэмакраты няспынна крытыкавалі Лямбрэхт на пасадзе міністаркі, вінавацячы яе ў некампетэнтнасці і марудлівасці ў справе пераабсталявання бундэсвэру. Не прайшлі крытыкі і міма яе неаднаразовых няўдалых публічных выступаў. Апошняй нагодай для крытыкі стала навагодняе відэавіншаванне, у якім Крыстынэ Лямбрэхт згадвала вайну ва Украіне, спрабуючы перакрычаць выбухі ад феерверкаў, на фоне якіх яна казала віншавальныя словы.

Лямбрэхт страціла папулярнасць і ў простых грамадзянаў: згодна з апытаннем, праведзеным тэлеканалам ZDF, 60 % немцаў падтрымалі б пастанову наконт ейнае адстаўкі.

Да пасады міністаркі абароны ва ўрадзе Оляфа Шольца, якую Крыстынэ Лямбрэхт заняла ў снежні 2022 года, яна з 2021 года выконвала абавязкі міністаркі ў справах сямʼі, жанчын і моладзі. Раней была міністаркаю юстыцыі ў апошнім кабінеце Ангелы Мэркель. Оляф Шольц спрабаваў публічна абараніць яе ад крытыкі, кажучы «у бундэсвэра першакласная міністарка».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў