Кіраўніка польскай амбасады ў Беларусі не пусцілі на суд Анджэя Пачобута


Генеральны сакратар кіроўнай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць» (PiS) Кшыштаф Сабалеўскі заявіў PAP, што Польшча робіць усё магчымае ў дыпламатычным плане ў справе палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута. Суд над ім пачаўся сёння, 16 студзеня.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

«У дыпламатычным плане мы робім усё магчымае – паверанага ў справах Польшчы ў залю суду не пусцілі. Адпаведныя заявы, лісты і петыцыі на адрас беларускіх уладаў накіраваныя, а таксама гэтая справа паднімаецца на міжнародным форуме», – заявіў Кшыштаф Сабалеўскі.

Таксама Кшыштаф Сабалеўскі дадаў, што адзіныя сродкі ціску, якія засталіся ў Польшчы, – узмацненне санкцый, у тым ліку супраць Беларусі. Аднак, паводле ягоных словаў, санкцыі ўжо «не робяць вялікага ўражання на Лукашэнку і беларускі рэжым». «Калі недзе ёсць рэжым, то з рэжымам часам складана размаўляць інакш, як сілай. На жаль, гэта праўда», – сказаў ён.

МЗС Польшчы таксама выступіла з заявай і заклікала ўлады Беларусі вызваліць Анджэя Пачобута і зняць з яго і Анжалікі Борыс палітычна матываваныя абвінавачанні.

«Міністэрства замежных спраў з расчараваннем успрыняло інфармацыю аб пачатку ў Беларусі судовага працэсу над Анджэем Пачобутам. Абвінавачанні супраць яго лжывыя і палітычна матываваныя», – сказана ў заяве.

Арышт і суд над Анджэем Пачобутам МЗС называе «чарговым прыкладам выкарыстання сістэмы правасуддзя як інструмента з парушэннем усіх дэмакратычных прынцыпаў, а таксама адзін з элементаў антыпольскай кампаніі».

Таксама МЗС заклікаў вызваліць Алеся Бяляцкага і ўсіх іншых асоб, «якія дзейнічаюць дзеля будавання дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі. Мы чакаем спынення рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і пачатку працэсу дэмакратызацыі краіны сумесна з усімі палітычнымі коламі. Суверэнная і дэмакратычная Беларусь можа зноў стаць партнёрам і адказным чальцом міжнароднай супольнасці», – заявіў прэс-сакратар МЗС Лукаш Ясіна.

Журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута пачалі судзіць 16 студзеня ў Гарадзенскім абласным судзе, працэс зрабілі закрытым. На працэс спачатку пусцілі бліжэйшых сваякоў палітвязня і некалькіх актывістаў, але пасля вынясення суддзёй адпаведнага рашэння ўсіх іх выставілі ў калідор.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Горадні. Яго абвінавачваюць па ч. 3 арт. 130 («Здзяйсненне групай асобаў наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне варожасці і розні») і ч. 3 арт. 361 за нібыта заклікі да санкцый.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў