Зянон Пазняк: Народ мае права на рэвалюцыю (відэа)


Як БНФ напалохаў камуністаў Нацыянальнаю гвардыяй, ці варта было Каліноўскаму ахвяраваць сабою ды як змены прыйдуць у Беларусь? Старшыня КХП БНФ Зянон Пазняк выступіў у Варшаве з адкрытаю лекцыяй з нагоды гадавіны незалежнасці Беларусі.

Ніводная ахвяра за Незалежнасць не была дарэмнаю

{movie}Ніводная ахвяра за Незалежнасць не была дарэмнаю. Выступ Пазняка|right|12204{/movie}

Свой выступ Зянон Пазняк распачаў з віншаванняў – дзень, калі Беларусь дамаглася незалежнасці палітык назваў гістарычным. «Да гэтага мы ішлі 200 гадоў», – падкрэсліў Зянон Пазняк.

«Усе гэтыя 200 гадоў ішло змаганне і былі важныя этапы. Мы не проста ў 1991 годзе выкарысталі магчымасць і дамагліся Незалежнасці – яна была падрыхтаваная ўсёй хадою нашай гісторыі, – сказаў лідар КХП БНФ. – Часам вы можаце пачуць, што Кастусь Каліноўскі загінуў дарма, бо пасля ягонае паўстанне было задушанае і 30 тыс. асобаў былі рэпрэсаваныя. А каб ён не ладзіў паўстання – яны б жылі. Гэта ў корані няправільна. Барацьба не можа быць без ахвяраў. Мы 150 гадоў жывём гераічнымі ўчынкамі каліноўцаў».

Зянон Пазняк таксама падкрэсліў важнасць утварэння БНР, што сталася чарговым крокам да сапраўднай незалежнасці.

Камуністы і адраджэнская Нацыянальная гвардыя

{movie}Камуністы і адраджэнская Нацыянальная гвардыя. Выступ Пазняка|right|12203{/movie}

Палітык распавёў пра акалічнасці таго, як Беларусь сталася суверэннаю краінаю ў 1991 годзе і якім чынам дэпутаты БНФ змусілі камуністычную большасць Вярхоўнага савету БССР прыняць Дэкларацыю аб незалежнасці. Ён падкрэсліў, што адным з самых галоўных аргументаў у тыя дні было народнае меркаванне ды падтрымка тых, хто прыйшоў да будынку ВС. «Калі б не падтрымка тых 30 тыс. чалавек, нам было б вельмі цяжка перамагчы камуністаў», – падкрэсліў выступоўца.

«Тактыка была такая: мы мусілі іх адразу псіхічна знішчыць, растаптаць. Каб яны перасталі думаць, каб яны толькі баяліся, – распавядае Зянон Пазняк. – Калі камуністы артачыліся, выходзілі нашыя дэпутаты і казалі, што ствараецца Нацыянальная гвардыя, ужо сабрана 300 чалавек. Калі вы не будзеце сябе паводзіць так і гэтак, мы паклічам народ з вуліцы і вырашым гэтае пытанне. І сапраўды Нацыянальная гвардыя стваралася. Гэта быў не блеф – сабралі каля тысячы асобаў. Нацыянальная гвардыя была створаная у першы ж дзень на плошчы. Тысяча асобаў былі гатовыя, і, калі б была патрэба, мы б іх задзейнічалі. Але гэтага не трэба было рабіць».

Ад культуры – да рэвалюцыі

{movie}Ад культуры – да рэвалюцыі. Выступ Пазняка|right|12205{/movie}

Падчас свайго выступу Зянон Пазняк падкрэсліў, што ў сённяшніх умовах у Беларусі немагчыма дэмакратычным шляхам змяніць уладу. «Можна змяніць толькі радыкальным метадам. Адзіным радыкальным метадам, які будзе легітымны – гэта рэвалюцыя. Калі ўвесь народ вырашыць гэтае пытанне, і ён не будзе адказваць – ён мае канстытуцыйнае права на гэта. Нават калі ён за ногі павесіць дыктатара. Ніхто не адказваў за Дучэ – а яго павесілі. Народ паводле Канстытуцыі мае права на рэвалюцыю, мае права ліквідаваць дыктатара», – заявіў палітык.

Усе іншыя «радыкальныя метады» змены ўлады Пазняк назваў крыміналам, «які можа прывесці яшчэ да горшага». Аднак палітык мяркуе, што ў найбліжэйшым часе гэткага не адбудзецца.

«Што рабіць беларусам? Трэба працаваць на будучыню. Свядомыя людзі, актыўныя, што думаюць пра будучыню Бацькаўшчыны, пра народ – павінны падтрымліваць сваймі дзеяннямі нацыянальную культуру, сваіх людзей, ствараць культурніцкія арганізацыі, вывучаць сваю мову, ствараць грамадзянскую супольнасць. І так можа быць доўгі час, але гэта ў сітуацыі, калі няма рэвалюцыі – праца на будучыню», – падкрэсліў Зянон Пазняк.

На ягоную думку, калі адбудуцца змены ў краіне, менавіта асобы з грамадзянскай супольнасці адыграюць важную ролю. «Бо калі іх не будзе, а рэвалюцыя адбудзецца,то проста адна дыктатура зменіць другую», – дадаў палітык.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў