Пасля 15 содняў за кратамі на свабоду выйшла сацыёлаг Аксана Шэлест


Пра вызваленне кандыдаткі навук Аксаны Шэлест паведамілі ўвечары 14 снежня на Facebook-старонцы палітвязня і філосафа Уладзіміра Мацкевіча.

Сацыёлаг Аксана Шэлест была затрыманая 29 лістапада ў Менску разам з архітэктарам і ўрбаністам Кірылам Мальцавым. Іх абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі (арт. 24.3 КаАП). Аксане Шэлест прысудзілі 15 содняў адміністратыўнага арышту, Кірылу Мальцаву – 13 содняў. Дзе цяпер трымаюць Мальцава – невядома.

Аксану Шэлест затрымлівалі летась у жніўні падчас аблавы на экспертаў, калі сілавікі схапілі Уладзіміра Мацкевіча, ягонага паплечніка Уладзя Вялічку, сацыёлага Таццяну Вадалажскую. Тады Вялічку і Шэлест неўзабаве вызвалілі.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 15 снежня ў Беларусі палітычнымі вязнямі прызнаныя 1435 асобаў. Філосаф і сацыёлаг Уладзімір Мацкевіч застаецца ў няволі амаль 500 дзён.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў