Дэпартаваны за ўдзел у пратэстах кубінец: «Я ведаў, на што я іду, ведаў, што мне пагражае»


Рабэрта Вальдэс Касануэва.
Фота: Медиазона

Рабэрта Вальдэс Касануэва прыехаў у Беларусь 30 гадоў таму, працаваў дызайнерам, мае тут сям’ю. Праз тое, што спадар падтрымаў беларускія пратэсты, яго затрымалі, кінулі на год у ізалятар, а потым дэпартавалі, паведамляе «Медиазона». Прыводзім тэзы са шчырага аповеду Рабэрта пра сваю сітуацыю.

«Я не беларус і мог бы ставіцца да гэтага па-рознаму. Альбо я кажу, што мяне гэта не датычыць, і тады раблюся пасіўным саўдзельнікам ўсяго бяспраўя пад соўсам таго, што мая хата з краю, альбо я прымаю бок больш беларускі – і раблю ўсё дзеля таго, каб гэта вырашаць», – тлумачыць Рабэрта сваё рашэнне далучыцца да пратэстаў.

Як кажа спадар, ён захапляецца воляй людзей, якія здымалі падзеі на вуліцах на тэлефоны. А таксама вельмі хваляваўся за сваіх дзяцей, якія маглі стаць ахвярамі гвалту з боку сілавікоў, калі проста ішлі з працы ці ў краму: «Мне трэба было нешта рабіць, і я вырашыў, што буду рабіць усё, на што маю сілы. Мне толькі шкада, што я змог зрабіць так мала – не хапіла часу.

Я ведаў, на што я іду, ведаў, што мне пагражае. Гэта выбар: ты можаш шукаць сабе апраўдання, а можаш паглядзець на сябе ў люстэрка. Сябе самога ты не ў стане падмануць. Я хацеў захаваць твар, застацца сумленным з сабой, паглядзець на сябе і сказаць, што я зрабіў усё, што мог. Я не супергерой, у мяне няма суперздольнасцяў. Я просты чалавек, які не згодзен з гэтым. Я не магу змірыцца з тым, што простыя грамадзяне, якія не ёсць пагрозай для сілавых структураў, былі забітыя або скалечаныя. Гэта бяпраўе, і змірыцца з гэтым сорамна. Тут нават не важна, замежнік ты ці не – ты застаешся чалавекам. Таму мае дзеянні былі апраўданыя гэтымі думкамі».

Рабэрта адзначыў, што старэйшыя дзеці не адгаворвалі бацьку ад удзелу, а малодшы нічога не ведаў:

«Ён да гэтага часу ў шоку. Мне вельмі балюча бачыць яго ў такім стане і разумець, што я не маю сілы яму дапамагчы. Усякія бацькоўскія ўгаворы цяпер не працуюць: я разумею, што не магу сказаць майму маленькаму дзіцяці: «Не плач, бо хлопчыкі не плачуць». Гэта ўсё глупства. Я не магу сказаць: «Гэта ўсё скончылася, прайшло» – таму што не скончылася і не прайшло. І я не ведаю, колькі гэта зойме [часу]».

Спадара затрымалі летась 8 лістапада ля плошчы Свабоды, калі яшчэ не было мітынгу, у аўтазаку збілі і адвезлі спачатку ў Партызанскае РУУС, дзе хавалі ад валанцёраў у падвале, а потым на Акрэсціна.

Пасля тэатралізаванага суда Рабэрта сказалі, што анулююць від на жыхарства, але праз два тыдні аніякай канкрэтыкі не было, і гэтак некалькі месяцаў. З консулам кубінец пабачыўся месяцы праз два, а потым і з прадстаўніком ААН у сферы правоў чалавека. Аднак ён год заставаўся за кратамі без аніякай крымінальнай справы:

«Яны не ведалі, што са мной рабіць, куды мяне адправіць. Я проста сядзеў у камеры, як і ўсе астатнія. У мяне была пазнака, што я палітычны, але артыкулу ў мяне не было».

Цяпер Рабэрта ў Маскве. Яго туды адправілі самалётам як турыста. Паводле дакументаў, у яго высылка на тры гады.

«Сёння я ў Маскве на законных падставах, але я цудоўна разумею, што мне не ўдасца аформіць рабочай візы. Я не ведаю, які там менавіта будзе ў мяне штамп – аб высылцы або дэпартацыі.

Я ніколькі не шкадую аб сваім выбары. Я паступаў згодна з перакананнямі, не страціў твару і гонару. Калі надыдзе мой час, я магу пакінуць у памяць па сябе свае словы і ўчынкі. Я ведаю, што ў гэтых учынках не было нічога выбітнага, але і не было нічога ганебнага», – адзначае спадар.

Hавiны
Грамадзяніна Кубы за ўдзел у пратэсце дэпартавалі з Беларусі
2021.12.12 13:38

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў