Былы супрацоўнік СБУ пра назіранне сілавікоў за сілавікамі: «Праслухоўваць можна ўсё і ўсіх»


Ініцыятыва ByPol сумесна з кіберпартызанамі працягвае выкрываць злачынствы праўладных сілавікоў. Гэтым разам героямі расследавання стала адно з самых сакрэтных падраздзяленняў – Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышукавай дзейнасці МУС, які, як аказалася, сочыць за самімі сілавікамі. Пра тое, наколькі гэта звыклая практыка для спецслужбаў у праграме «Студыя Белсат» распавёў генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.

Па словах Віктара Ягуна, практыка сочкі за сваімі была распаўсюджаная яшчэ ў савецкія часы.

«Гэта старая практыка, яна шырока выкарыстоўваецца. Заўсёды паміж падраздзяленнямі МУС і дзяржбяспекі была канкурэнцыя, нават нягледзячы на тое, што ў савецкія часы яны былі ў адным ведамстве. І зразумела, што калі б была магчымасць атрымаць інфармацыю, якая б утрымлівала кампрамат на кіраўніцтва або супрацоўнікаў, то задача была б выкананая».

Эксперт падкрэслівае, што калі захацець, то праслухаць можна абсалютна любога чалавека.

«Галоўнае, каб абсталяванне, якое будуць старацца паставіць на кантроль, яно знаходзілася на тэрыторыі дзяржавы або на тэрыторыі хаўрусніка, тады праслухоўваць можна ўсё і ўсіх».

Паводле Віктара Ягуна, дротавая і мабільная сувязь заўсёды вельмі лёгка праслухоўваліся. Адзіная змена цяпер – з’явілася вялікая колькасць мэсэнджараў і кам’ютарнай тэхнікі, якія дазваляюць абараніць сваю інфармацыю.

«Калі паставіць сабе задачу, то фактычна праслухаць можна ўсё, акрамя асобных мэсэнджараў. Калі ўзяць тую ж Беларусь, то зразумела, што ім будзе вельмі складана атрымаць коды для расшыфроўкі WhatsApp і Facebook, для прыкладу».

Што ж да самога расследавання ByPol, то, па словах эксперта, яно ў першую чаргу ўказвае на непрафесіяналізм таго, каго праслухоўвалі.

«Любы чалавек, які працуе ў спецслужбах ці праваахоўных органах, ён, як правіла, адкрытую сувязь выкарыстоўвае толькі для нейкіх простых сказаў – без нейкіх ідэнтыфікацыйных момантаў і часу. Калі ён пачынае расказваць нейкія моманты з асабістага жыцця, расказвае службовыя моманты, то гэта адназначна гаворыць пра ягоную прафесійную непрыгоднасць».

Фрагмент чарговага расследавання ініцыятывы былых сілавікоў ByPol, а таксама размову з генерал-маёрам запасу СБУ Віктарам Ягуном можна паглядзець тут:

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў