Царква – мяккая сіла рэжыму? На паліграфе святар Аляксандр Кухта


Святар-блогер Аляксандр Кухта праходзіць дэтэктар хлусні.Ці спавядаў ён чыноўнікаў? Ці лічыць падтрыманне Лукашэнкі грахом? А таксама ці прапаноўвалі Кухту супрацу сілавыя структуры Беларусі? Святар Аляксандр Кухта не адказаў на пытанне: ці грэх – падтрымліваць Лукашэнку?

Як тлумачыць святар, ён доўга спрабаваў знайсці формулу, каб можна было адказаць: «так» ці «не». Багата чаго залежыць ад акалічнасцяў.

«Падазраю, што шмат людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку, робяць гэта ў сілу сваіх нейкіх кагнітыўных скажэнняў. І яны не тое што грашаць, яны – ахвяры. Гэтыя людзі шчыра заплюшчваюць вочы на 2020 год, на ўвесь гэты гвалт. Але з іншага боку, калі чалавек, свядома разумеючы, што тое, што робіцца, – зло, чыніць зло, – ну, вядома, гэта грэх».

Таксама святар адмовіўся адказваць на пытанне: ці калі-небудзь спавядаўся ў яго чыноўнік, хоць адназначна сказаў, што ні педафіл, ні забойца яму не спавядаўся. А што да споведзі чыноўніка, то спаслаўся на таямніцу споведзі, з чаго можна рабіць высновы, што чыноўнікі ў яго на споведзі, верагодна, усё ж былі.

«Важна разумець, што споведзь – інтымная размова чалавека з Богам. Святар тут не ёсць сведкам. І задача святара – быць памочнікам у гэтай размове».

Але, мабыць, адно з самых балючых пытанняў – прагнасць да грошай сярод духавенства. Тое, што Аляксандр Кухта хоча быць багатым, гэтага ён перад паліграфам не хаваў, але ён кажа, што грошы – на тое, каб дапамагчы вырашаць розныя праблемы і прыносіць карысць. Але як ставіцца да таго, што духавенства ездзіць на дарагіх аўтамабілях?

Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

«Што датычыць золата, па-першае, уся гэтая гісторыя з золатам, яна больш уласцівая расейскай царкве, і Беларусь цяпер у той сітуацыі, калі беларуская царква, як частка расейскай царквы, часцяком капіюе архітэктурныя формы, нейкія ўзоры для пераймання менавіта з Расеі. Чаго, напрыклад, гадоў пяцьсот таму ў нас не было зусім. […] Так, у святароў ёсць «Мэрсэдэсы». Так, гэта дрэнна. Так, мы гэта абмяркоўваем».

– Ці лічыце вы, што кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы сапраўды служыць Богу?

– Так.

– Вы лічыце, што кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы прыслугоўвае рэжыму Лукашэнкі?

– Так.

– Як вы лічыце, ці ёсць цяпер праваслаўныя святары, якія супрацоўнічаюць з КДБ?

– Я думаю, ёсьць.

Паліграф: «Праўда».

Скрыншот з праграмы «Шчыра кажучы». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

«У Беларусі, у прынцыпе, усе царкоўныя арганізацыі – гэта датычыць і праваслаўных, і каталікоў, і ўсіх, усіх, усіх – праходзяць перарэгістрацыю. І відавочна, што зарэгіструюць толькі тых, каго трэба. То бок, гэта значыць, што ўсе легальныя царкоўныя арганізацыі Беларусі – яны так ці інакш, але яны маюць зносіны, нейкія ў іх кантакты, сувязі, супраца з рэжымам ёсць. Дзяржава працуе з царквой паводле прынцыпу мяккай сілы».

– А вам калі-небудзь прапаноўвалі супрацу сілавыя структуры Беларусі?

– Не.

Больш адказаў на пытанні шукайце ў праграме «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

belsat.eu

Стужка навінаў