Расея ўчыніла масаваны абстрэл энергетычнай інфраструктуры Украіны. Трапілі ў жылыя дамы ў цэнтры Кіева


Удзень 15 лістапада расейскія войскі чарговы раз масавана абстралялі Украіну. Моцна пацярпела энергетычная інфраструктура ў розных вобласцях. Ракеты трапілі ў тым ліку жылыя дамы ў Кіеве, паведаміў мэр сталіцы Віталій Клічко. 

Ракета трапіла ў жылы будынак у Пячэрскім раёне Кіева, Украіна. 15 лістапада 2022 года.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

Паветраныя трывогі па ўсёй Украіне загучалі з 14 гадзінаў дня паводле кіеўскага часу, першыя адбоі паветранай трывогі былі толькі праз чатыры гадзіны. У асобных вобласцях трывога гучала з 12 гадзінаў.

Як піша Віталій Клічко, сістэмы паветранай абароны збілі над Кіевам некалькі ракетаў, але частка трапіла ў два жылыя будынкі ў Пячэрскім раёне – самым цэнтры Кіева. Праз паўгадзіны па першым паведамленні Клічко дадаў: «Яшчэ адно траплянне ў Пячэрскім раёне. Шматпавярховік». Поўных звестак пра пацярпелых на момант публікацыі няма, але ў адным з дамоў у Пячэрскім раёне Кіева знайшлі аднаго загінулага.

Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны заклікае захоўваць інфармацыйную цішыню адносна наступстваў абстрэлаў. Мяркуецца, што праз пасты ў сацсетках магчыма карэктаваць агонь.

Паводле непацверджаных звестак, аскепкі адной са збітых ракетаў упалі на жылыя дамы ў раёне станцыі метро «Дружбы народаў» у Кіеве, ёсць пацярпелыя. Таксама паведамляюць пра выбухі ў Адэскай, Кіраваградскай, Львоўскай, Палтаўскай, Тэрнопальскай, Хмяльніцкай і Чаркаскай вобласцях; Вінніцы, Жытоміры, Ковэлі, Крывым Розе, Львове, Роўне і Харкаве.

З розных вобласцяў паведамляюць пра траплянні ў энергетычную інфраструктуру. Часткова без электраэнергіі засталіся прынамсі палова Кіева; Адэса Жытомір, Львоў, Роўна, Харкаў, Хмяльніцкі і іншыя гарады, амаль уся Тэрнопальская вобласць, аб экстраных адключэннях паведамляюць з усёй Украіны. Намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Кірыла Цімашэнка назваў «крытычнай» сітуацыю з энергетычнай інфраструктурай.

Адключэнні электрычнасці назіраюць нават у некаторых населеных пунктах Малдовы – як піша віцэ-прэм’ер Малдовы Андрэй Спыну, праз расейскія абстрэлы Украіны спрацавала аўтаматыка, але лініі электраперадач у Малдове не пашкоджаныя.

Спікер Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат паведаміў, што за дзень налічылі каля сотні запушчаных ракетаў. Апошні абстрэл такога маштабу быў 10 кастрычніка, тады налічылі 84  ракеты.

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак напісаў у Twitter, што гэтаю ракетнай атакай «Расея адказвае на магутную прамову Уладзіміра Зяленскага на саміце G20». Ермак задаўся пытаннем: «Хтосьці сур’ёзна думае, што Крэмль сур’ёнза хоча міру?».

Абноўлена
Уладзімір Зяленскі лідарам G20: Надышоў час, калі вайну Расеі супраць Украіны можна спыніць
2022.11.15 09:09

Таксама з тэмай мірных перамоваў звязаў абстрэлы міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба: ён папрасіў спыніць заклікі Украіны прыняць ультыматумы Расеі, бо «гэты тэрор можа спыніць толькі моц нашай зброі і прынцыпаў».

Зяленскі ў кароткім відэазвароце вечарам сказаў: «Зразумела, чаго хоча вораг. Ён свайго не даб’ецца». Ён заклікаў украінцаў берагчы сябе і заставацца ва ўкрыццях, а таксама паабяцаў, што ўсё знішчанае адновяць, усё перажывуць.

Міністр замежных справаў Нідэрландаў Вопке Гукстра ў час абстрэлу знаходзіўся ў Кіеве, са сховішча сказаў CNN, што такая атака сведчыць аб гатовасці Уладзіміра Пуціна да крымінальных метадаў. Адказ на гэта можа быць адзін, дадаў ён: працягваць падтрымліваць Украіну, пастаўляць ёй зброю і гуманітарную дапамогу.

Украінскія медыі і чыноўнікі паведамілі таксама аб працы паветранай абароны ў Кіеўскай, Адэскай, Вінніцкай, Днепрапятроўскай, Жытомірскай, Мікалаеўскай, Палтаўскай, Сумскай, Хмяльніцкай і Чарнігаўскай вобласцях.

Паводле непацверджаных звестак, ракеты ляцелі з боку расейскай Астрахані, але найбольш трапленняў – на поўначы і ў цэнтры Украіны. Пра пусках з тэрыторыі Беларусі 15 лістапада не паведамлялі.

Hавiны
Расею асудзілі на рэпарацыі Украіне? Разбіраем, што прыняла Генеральная асамблея ААН
2022.11.15 16:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў