«Яна разумела кошт свайго выбару і ні пра што не шкадуе». Журналістка Кацярына Андрэева год як за кратамі


15 лістапада 2020 году наша калега, карэспандэнтка «Белсату» Кацярына Андрэева, раніцай выйшла з дому і паехала на плошчу Пераменаў – весці стрым з нядзельнай акцыі каля мемарыялу Рамана Бандарэнкі. Напярэдадні ў сне яна ўбачыла сябе ў камеры. Муж Кацярыны Ігар Ільяш абняў і пацалаваў яе на развітанне, і гэта быў апошні раз, калі ён бачыў жонку на волі – неўзабаве Кацярыну затрымалі, абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і асудзілі на два гады калоніі. Роўна праз год размаўляем з Ігарам пра той дзень і пра тое, як яны з Кацяй пражылі гэты час.

Журналіст Ігар Ільяш.
Фота: ДД / Белсат

«Гэта была самая звычайная раніца»

«Каця працавала на кожным нядзельным стрыме ў той час, і гэта заўсёды былі неспакойныя дні, бо мы разумелі, што кожны раз яна можа не вярнуцца дамоў. Калі яна сыходзіла, заўсёды брала з сабой «трывожны чамаданчык» з аптэчкай і іншымі неабходнымі рэчамі.

Але ў тую нядзелю, 15 лістапада, я думаў, што пагроза ніжэйшая. Стрым планаваўся з кватэры, я прынамсі разумеў, што Каця не трапіць пад гумавую кулю ці гранату.

Тая раніца была самая звычайная. Мы прачнуліся, я прыгатаваў сняданак для Каці. Яна хадзіла па кватэры, прадумвала, што казаць у эфіры. Яна заўсёды так рыхтавалася. Калі яна сыходзіла, я пацалаваў яе ў калідоры ля дзвярэй, і гэта быў апошні раз, калі мы бачыліся на волі.

Артыкулы
«Маё жыццялюбства не перабіць ніякімі турмамі». Год у лістах Кацярыны Андрэевай
2021.11.02 13:50

Цягам дня мы пастаянна былі на сувязі. Я бачыў яе ў стрыме. Сітуацыя развівалася даволі нечакана. Калі сілавікі сталі сцягваць усе сілы на плошчу Пераменаў, стала зразумела, што будзе зачыстка, і што будуць шукаць журналістаў. Было вядома, што дрон вылічыў іх з Дашай. Але Каця запэўніла мяне, што ім ёсць куды адступаць.

Сілавікі на плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: Белсат

Неўзабаве Каця патэлефанавала мне з нумару гаспадара кватэры, і сказала, што сілавікі пад дзвярыма, і што, хутчэй за ўсё, іх з Дашай зараз затрымаюць. Я не да канца разумеў, што адбываецца. Я быў упэўнены, што яны перайшлі ў іншую кватэру, і наўрад ці сілавікі будуць ламаць кожныя дзверы. Я яшчэ паспеў сказаць Каці: сядзіце ціха, мо ўсё абыдзецца. І сувязь знікла».

«Каця ў сне бачыла сябе ў камеры»

«Каця не казала мне нічога ў тую раніцу, але пазней распавяла ўжо ў лісце, што напярэдадні прысніла сон, у якім убачыла сябе нібыта звонку ў камеры.

Некалькі гадзінаў пасля таго, як знікла сувязь, я не ведаў, дзе жонка. Нарэшце з’явілася інфармацыя ў канале валанцёраў, што Каця ў спісах затрыманых у Цэнтральным РАУСе. Я выехаў туды, але мне патэлефанаваў Кацін дзядуля, і сказаў, што да іх прыходзіла міліцыя (Каця прапісаная ў іх) і цікавілася мной. Я вярнуўся назад у нашую кватэру. Мне патэлефанавалі мае сваякі з майго месца прапіскі і сказалі, што туды прыйшлі міліцыя і Следчы камітэт. Я ўзяў кампутар, тэхніку, неабходныя рэчы і сышоў з кватэры, бо разумеў, што, хутчэй за ўсё, зараз прыйдуць па гэтым адрасе. Некалькі дзён я быў у сяброў. Стала ясна, што гэта ўжо не проста нейкая адміністратыўка, што распачынаюць крымінальную справу.

Артыкулы
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова атрымалі прэмію «Free Media Awards 2021»
2021.11.01 17:42

Але Каця заставалася на Акрэсціна як затрыманая ў адміністратыўным парадку. І гэта пакідала надзею, што ўсё абыдзецца. Аднак 20 лістапада ёй выставілі абвінавачванне. Я не бачыў сэнсу далей хавацца – трэба было дапамагаць Каці. Я вярнуўся дамоў і праз чатыры дні мяне затрымалі. Праўда, на здзіўленне, у межах адміністратыўнай справы».

«Я не з’еду, пакуль Каця за кратамі. Мы пройдзем гэты шлях разам»

«Мяне адпусцілі, хоць я разумеў, што пагроза пераследу застаецца. Аднак я застаўся ў Беларусі і не збіраюся з’язджаць. У дзень выстаўлення Каці абвінавачвання я публічна агучыў, што пакуль яна за кратамі, я не з’еду з краіны, гэта мая прынцыповая пазіцыя, якая не змянілася за год абсалютна ніяк. Для мяне важна, каб мы прайшлі гэты шлях разам.

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш падчас вяселля ў 2016 годзе. Фота з сямейнага архіву

Каця цалкам разумее мяне, што я ў гэтай сітуацыі палічу немагчымым пакінуць яе адну і з’ехаць у бяспеку. Таму яна нават не спрабавала пераканаць мяне ў адваротным. Гэтак жа, як я не спрабаваў пераканаць яе не асвятляць нядзельных маршаў, не працаваць «у полі», не весці стрымаў, бо разумеў, што для яе гэта важна, гэта прынцыповы маральны выбар. Так і яна разумела, што гэта мой выбар, і калі я з’еду, то здраджу сам сабе перш за ўсё.

Артыкулы
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову прызналі «журналісткамі году» на фестывалю «PRIX Europa»
2021.10.16 10:08

18 лютага Каці агучылі вырак – два гады ў калоніі. Пасля суда мы пабачыліся ў СІЗА на Валадарцы – гэта была гадзіна праз шыбу праз слухаўку. Потым у такім жа фармаце ў Жодзіна ў красавіку пасля разгляду апеляцыі і ў ліпені – ужо ў калоніі. А ў жніўні мы мелі доўгатэрміновае спатканне цягам содняў, дзе нарэшце мы змаглі дакрануцца адзін да аднаго, пацалавацца, абняцца».

Спатканне ў калоніі як цуд

«Нашае спатканне ў калоніі здавалася нам цудам. За некалькі тыдняў да яго мяне зноў затрымалі, і я быў перакананы, што сустрэчы не будзе. Замест мяне ўжо планавалі ехаць бацькі. Аднак за тыдзень мяне нечакана адпусцілі.

Калі мы ўбачыліся, то перажылі букет розных пачуццяў і эмоцыяў. Калі Каця прыйшла, было бачна, што яна вельмі скутая. Я разумеў, што гэта адбітак жыцця ў калоніі, дзе нельга адкрыта праяўляць эмоцыі, дэманстраваць свае думкі, меркаванні, трэба быць стрыманым і кантраляваць свае дзеянні. Першую гадзіну Каця не магла расслабіцца, нават калі я яе абдымаў. Але неўзабаве ўсё гэта прайшло, і я пабачыў былую Кацю, з тымі ж эмоцыямі, мімікай, рухамі, што былі ў яе ў звычайным жыцці. На пэўны час мы нават забыліся, што мы на зоне. Для мяне гэта было важна, бо я зразумеў, што хоць, безумоўна, знаходжанне ў турме пакідае след, але Каця можа вярнуцца да нармальнага жыцця вельмі хутка. Гэта мяне моцна натхніла.

Артыкулы
«Яны будуць трымацца да канца». Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова знаходзяцца за кратамі ўжо 328 дзён
2021.10.09 23:36

Мы не плакалі, калі развітваліся. Але ў зваротным цягніку да Менску мне было вельмі цяжка ад таго, што я з’язджаю і не магу забраць Кацю з сабой. Я думаю, што ёй было нават цяжэй – вярнуцца са свету нашай пяшчоты і кахання на зону».

Праца як спосаб на час забыцца, што ты на зоне

«Пра побыт Каці ў калоніі я ведаю не шмат. Ім забараняецца распавядаць пра ўнутраны распарадак. Каця працуе на фабрыцы швачкай – тыдзень першая змена, тыдзень – другая. Перад ці пасля змены яны робяць іншую працу – перабіраюць бульбу, прыбіраюцца ў памяшканні ці на тэрыторыі. Вольнага часу вельмі мала.

З 1 верасня Каця вучыцца на цырульніцу, што ёй вельмі падабаецца. Да іх прыходзяць выкладчыкі з вучэльні, і гэта стварае зусім іншую атмасферу – можна адчуць сябе на нейкі час у нармальнай сістэме каардынатаў, крыху выйсці па-за свет зоны.

Ігар Ільяш вяртаецца пасля таго, як аддаў перадачу Кацярыне Андрэевай у жодзінскую турму. Беларусь, 19 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Каця тры месяцы была вучаніцай швачкі, а з восені атрымала статус швачкі трэцяга разраду. Да гэтага яна зусім не шыла і пісала ў лістах, што не ведала, як падысці да машынкі. Агулам, кажа, гэта даволі цікавы досвед, медытатыўны. Пакуль працуеш, можна адысці ў думках ад сумнай рэчаіснасці, цалкам пагрузіцца ў працу і не звяртаць увагу на тое, што навокал.

Каця з самага пачатку прыняла рашэнне аб канструктыўным стылі паводзінаў у калоніі. Яна не спрабуе перагледзець там унутраныя правілы. Яна казала, што будзе старацца выбудаваць нармальныя стасункі з усімі, каб з мінімальнымі стратамі прайсці гэты шлях. Пры гэтым яна не будзе саступаць у прынцыповых пытаннях маралі, поглядаў.

Артыкулы
Муж Кацярыны Андрэевай пра аднадзённае спатканне: Самыя шчаслівыя суткі з моманту арышту
2021.08.05 17:46

Каця заўсёды падкрэслівае, як для яе важна ў гэтым зонаўскім свеце захаваць сябе. Трэба разумець, што там характар стасункаў людзей зусім іншы, чым у нармальным жыцці. Большасць з тых, хто там сядзіць, – сапраўдныя крымінальнікі, людзі з іншага свету і іншай сістэмай каштоўнасцяў. У калоніі квітнеюць самыя нізкія чалавечыя рысы. І вельмі цяжка не трапіць пад уплыў гэтых стасункаў і не прыняць такі характар узаемаадносінаў, дзе чалавек чалавеку воўк. Я не здарма звярнуў увагу на Каціну заціснутасць напачатку. Для яе гэта незвычайна, бо яна па характары вельмі адкрыты чалавек. Яна любіць дзяліцца сваімі думкамі, пачуццямі. У калоніі гэта немагчыма».

Пасля вызвалення: вандроўкі, журналістыка, адукацыя, тэатр і кіно

«Каця павінна выйсці на волю 5 верасня 2022 года – у яе гэтая дата і на бірцы на робе пазначаная.

Канечне, надзея на хутчэйшае вызваленне ёсць. Тым больш што перадумовы для пераменаў у краіне існуюць. Аднак ні я, ні Каця не думаем, што гэтыя змены адбудуцца ўжо цяпер, і яна выйдзе на волю праз месяц-два. Калі сябе рыхтуеш да такога, потым вельмі цяжка расчароўвацца. Таму мы зыходзім з таго, што пройдзем гэты шлях да канца – да 5 верасня 2022 года. Але калі ўсё зменіцца раней, то гэта будзе шчаслівы падарунак для нас.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай агучылі вырак. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Каця кажа, што пасля вызвалення хацела б застацца ў Беларусі. Яна разважае так: калі я не з’ехала тады, перажыла турму, то чаго яшчэ баяцца? Кажа, што з’едзе толькі тады, калі Беларусь будзе акупаваная Расеяй і пачнуць выдаваць расейскія пашпарты.

Артыкулы
Кацярына Андрэева працуе памочніцай швачкі і чытае Шаламава
2021.06.20 20:04

Пры гэтым мы, калі Каця будзе на волі, хацелі б выправіцца ў доўгае падарожжа па Еўропе. Мы шмат гэта абмяркоўваем у лістах – нашыя мары, планы наведаць розныя краіны. Сярод прыярытэтаў у Каці – узбярэжжа Нармандыі і Парыж. Гэта тое, з чаго яна хоча пачаць.

Безумоўна, Каця збіраецца застацца ў журналістыцы. Але яна сама па сабе вельмі разнастайная, шырокая асоба, і ў адным з апошніх лістоў напісала, што хацела б працягнуць адукацыю (яна была адлічаная з МДЛУ з факультэту іспанскай мовы незадоўга да здачы дыплому). Таксама ёсць думкі паспрабаваць сябе ў мастацтве – тэатры ці кіно. Але галоўнай ейнай прафесіяй, пакліканнем застанецца журналістыка. Мне было прыемна гэта чытаць, што яна працягвае думаць настолькі шырока і разнастайна і нават за кратамі жадае развівацца як асоба».

«Ні я, ні Каця не шкадуем пра свой выбар»

«Думаю, Каця захоча перадаць перажыты досвед у кнізе. Тым больш што яшчэ да ейнага арышту ў нас была прапанова ад украінскага выдавецтва, якое ў свой час выдала нашую кнігу «Беларускі Данбас». Яны хацелі, каб мы напісалі кнігу пра беларускую рэвалюцыю 2020 год. Цяпер у нас шмат новага досведу, які варта перадаць у кнізе, аднак які гэта будзе фармат – пакуль цяжка сказаць. Шмат што змяняецца, у тым ліку гэты год змяніў і нас.

Збольшага мы засталіся такімі, як і былі. Аднак гэтыя новыя выклікі навучылі нас больш стрымана рэагаваць на крытычныя сітуацыі. Пра гэта Каця так пісала ў адным з лістоў бабулі і дзядулю: «Ведаеце, я даволі моцна змянілася: стала цярплівейшая, талерантнейшая, і шмат якім навыкам камунікацыі з людзьмі навучылася менавіта дзякуючы турме».

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева.
Фота: сямейны архіў

Зразумела, нельга сказаць, што я і Каця не шкадуем гэтага часу – амаль двух гадоў за кратамі. Аднак Каця пры гэтым не шкадуе пра свой глабальны выбар у жыцці. І мы разумелі яшчэ раней, што гэты ейны, наш выбар можа мець падобныя наступствы. Для Каці было немагчымым усё кінуць: сваю прафесію, свой журналісцкі шлях – і з’ехаць падчас усіх тых падзеяў проста так. Яна засталася вернай свайму выбару, што дорага каштуе. Але думаю, што гэтае разуменне для яе – вельмі важная крыніца сілаў, натхнення, упэўненасці ў сабе для далейшага змагання. Канечне, было б цудоўна, калі б мы змаглі пазбегчы таго, што мы цяпер перажываем, але ні я, ні Каця не шкадуем пра свой выбар.

Падтрымаць Кацярыну можна, напісаўшы ёй на адрас: ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, 246035, г. Гомель.

Фота вокладкі: Белсат

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў