На палігоне ў Расеі расстралялі вайскоўцаў. Не менш як 11 забітых


У Белгародскай вобласці Расеі на палігоне 13 кастрычніка здарылася страляніна, у выніку якой загінулі ад 11 да 22 расейскіх вайскоўцаў. Версіі Міністэрства абароны РФ і незалежных крыніцаў разыходзяцца ў апісанні інцыдэнту.

Адмабілізаваным расейскім вайскоўцам цяжка атрымаць банкаўскія карты, а потым і скарыстацца імі. Фото: Міністэрства абароны РФ / bragazeta.ru

Першым пра страляніну паведаміў тэлеграм-канал Baza. Паводле яго, «невядомы адкрыў страляніну на тэрыторыі адной з воінскіх частак».

Тэлеграм-канал «Роспартизан» са спасылкай на свае крыніцы напісаў, што два грамадзяніны Таджыкістана з Масквы паступілі на вайсковую службу паводле кантракту 12 кастрычніка, а 13 кастрычніка расстралялі 13 вайскоўцаў з 3-га вайсковага корпусу.

«Інцыдэнт адбыўся на палігоне на вучэннях па стральбе. Два таджыкі разгарнулі кулямёты і адкрылі агонь па сваіх», – паведаміла выданне.

Нападнікі таксама забітыя.

Пазней Міністэрства абароны Расеі распавяло сваю версію здарэння. Паводле яго, «двума грамадзянамі адной з краін СНД учынены тэрарыстычны акт». Нібыта падчас заняткаў з агнявой падрыхтоўкі з добраахвотнікамі, якія рыхтуюцца да вайны ва Украіне, «тэрарысты» абстралялі са стралковай зброі асабовы склад падраздзялення. У выніку 11 асобаў загінулі, 15 з раненнямі рознай цяжкасці шпіталізаваныя.

Стралкі таксама знішчаныя, піша РИА Новости.

Паводле звестак Sota, гаворка можа ісці пра 22 забітых і 16 параненых: пры гэтым стралялі трое вайскоўцаў, двое з якіх былі забітыя на месцы, а адзін уцёк. Адпаведны аўдыязапіс апавядання, як мяркуецца, сястры пацярпелага вайскоўца, ёсць у распараджэнні рэдакцыі.

Інцыдэнт здарыўся на палігоне ў пасёлку Солаці. Раней вайскоўцы адтуль адмаўляліся накіроўвацца на штурм украінскага Ліману.

Hавiны
Жыхары Белгарадскай вобласці Расеі скардзяцца на марадзёраў
2022.10.15 22:29

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў