Улады Арменіі заявілі пра спыненне ваенных дзеянняў на мяжы з Азербайджанам


Арменія і Азербайджан увечары 14 верасня дамовіліся аб спыненні агню на мяжы. Пра гэта заявіў сакратар Рады бяспекі Арменіі Армэн Грыгар’ян, піша newsarmenia.am. Міністэрства абароны Азербайджану пакуль не паведаміла пра замірэнне.

Армэн Грыгар’ян падкрэсліў, што дамоўленасці аб спыненні ваенных дзеянняў удалося дасягнуць дзякуючы пасярэдніцтву міжнароднай супольнасці.

«Спадзяёмся, што Азербайджан будзе выконваць гэтую дамоўленасць», – сказаў Армэн Грыгар’ян.

Увечары 14 верасня ў Ерэване адбыўся стыхійны мітынг. Людзі, якія сабраліся ля будынку ўраду, патрабавалі адстаўкі кіраўніцтва краіны праз заявы Нікола Пашыньяна аб рыхтаванні мірнай дамовы з Азербайджанам. У прамовах выступоўцаў на мітынгу гучалі заклікі ўзломваць склады са зброяй і ехаць на фронт. Пратэстоўцы скандавалі «Арменія без Нікола!».

Рада Бяспекі ААН 15 верасня мае зноў разгледзець сітуацыю на мяжы Азербайджану і Арменіі.

Сітуацыя на армянска-азербайджанскай мяжы абвастрылася 13 верасня. У Мінабароны Арменіі заявілі, што агонь адкрылі азербайджанскія ўзброеныя сілы. У Мінабароны Азербайджану тлумачылі абстрэл адказам на дыверсіі армянскіх вайскоўцаў. Міністэрства абароны Азербайджану заяўляла пра гібель 50 вайскоўцаў. У Арменіі – пра 105 ахвяраў. Арменія папрасіла вайсковай дапамогі ў АДКБ «для аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці краіны».

Аналітыка
Нагорны Карабах: Міна запаволенага дзеяння паміж Арменіяй і Азербайджанам
2022.09.14 12:06

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў