13 крокаў для выхаду з палітычнага крызісу, пра якія беларускім уладам нагадаў амбасадар ЗША ў АБСЕ


Злучаныя Штаты нагадалі Сталай радзе Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе пра няспынныя рэпрэсіі ў Беларусі і беларускіх палітвязняў. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Узброеныя сілавікі рыхтуюцца разганяць мірны пратэст. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр на сустрэчы Сталай рады АБСЕ 15 верасня ў Вене расказаў пра палітычных зняволеных у Беларусі і згадаў рэкамендацыі Маскоўскага механізму, які адносна Беларусі пачалі дзеяць амаль два гады таму, 17 верасня 2020 года – пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Наступная справаздача Маскоўскага механізму пацвердзіла, што выбары не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, а беларускія ўлады сістэматычна парушалі правы чалавека.

Карпэнтэр адзначыў, што парушэнні правоў чалавека ў Беларусі працягваюцца, ёсць «вартыя даверу паведамленні» пра тое, што збіванне, катаванне, бесчалавечнае стаўленне, прымус даваць паказанні супраць сябе – звыклая справа ў Беларусі.

Амбасадар згадаў пра нерасследаваную смерць за кратамі Вітольда Ашурка і самагубства 18-гадовага менчука пасля палітычна матываванага допыту. Ён нагадаў пра больш як 1300 беларусаў, прызнаных палітычнымі зняволенымі, і затрыманні сотняў чалавек на дэманстрацыях супраць вайны ва Украіне. Ён згадаў сябраў прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву і Максіма Знака, палітыкаў і актывістаў Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Ціханоўскага, Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, Мікалая Казлова, праваабаронцу Алеся Бяляцкага, журналістаў Ігара Лосіка, Андрэя Кузнечыка, Ксенію Луцкіну, Марыю Золатаву і Ірыну Леўшыну, прафсаюзнага актывіста Аляксандра Ярашука, прадпрымальніка Паўла Белавуса, студэнта Арцёма Баярскага, а таксама Анатоля Латушку і Сцяпана Латыпава, якіх ён назваў «адважнымі беларусамі».

«Усе яны маюць розныя гісторыі і паходзяць з розных пластоў грамадства, але ў іх ёсць дзве важныя агульныя рысы, – заявіў Карпэнтэр. – Усе яны цяпер цярпяць аднолькавыя рэпрэсіі з боку дыктатарскага рэжыму, які баіцца ўласнага народу, і ўсе яны беларускія патрыёты, якія вераць у дэмакратычную, квітнеючую і цалкам суверэнную будучыню Беларусі. У Беларусь, якую яны ўсе неўзабаве дапамогуць пабудаваць».

Аналітыка
Як генпракурор запярэчыў Лукашэнку. Або што хаваецца за абяцанай амністыяй і каго яна закране
2022.09.06 17:35

Карпэнтэр нагадаў пра рэкамендацыі Маскоўскага механізму – ён адзначыў, што гэтыя рэкамендацыі былі дадзеныя ўжо даўно, яны застаюцца актуальнымі і абавязковымі да выканання ўладамі Беларусі. Агулам іх 13:

  1. Неадкладна спыніць любы гвалт, у прыватнасці катаванні і жорсткае абыходжанне ў дачыненні мірных дэманстрантаў і апанентаў улады.
  2. Неадкладна і безумоўна вызваліць усіх зняволеных, якія ўтрымліваюцца з палітычных матываў (у тым ліку зняволеных за пратэсты 2020 года).
  3. Устрымацца ад рэпрэсіяў і пазасудовых пакаранняў, такіх як звальненне пратэстоўцаў і забастоўнікаў або крымінальны пераслед службовых асобаў кампаніі.
  4. Скасаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года праз парушэнні на ўсіх этапах працэсу.
  5. Арганізаваць новыя сапраўдныя прэзідэнцкія выбары паводле міжнародных стандартаў.
  6. Запрасіць міжнародных назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ адпаведна абавязкам БДІПЧ, а таксама іншых міжнародных і мясцовых назіральнікаў.
  7. Прывесці выбарчае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і ў адпаведнасці з рэкамендацыямі БДІПЧ і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
  8. Забяспечыць выкананне стандартаў справядлівага судовага разбору як у крымінальных, так і ў адміністратыўных працэдурах, такіх як прэзумпцыя невінаватасці і хуткі доступ да юрыдычнай дапамогі.
  9. Забяспечыць свабоду мірных сходаў адпаведна з міжнародным стандартам.
  10. Гарантаваць бяспеку ўсіх журналістаў і ўстрымлівацца ад любога пераследу, звязанага з выкананнем імі ўласных абавязкаў, канфіскацыі і пашкоджання абсталявання і матэрыялаў.
  11. Стварыць спрыяльнае асяроддзе для працы журналістаў і медыяў.
  12. Устрымацца ад умяшання ў доступ да інтэрнэту, у тым ліку мабільнага, і спыніць цэнзуру і блакаванне ўэб-старонак, а таксама любыя абмежаванні для блогераў.
  13. Забяспечыць правядзенне незалежнага, празрыстага і бесстаронняга міжнароднага паглыбленага расследавання ўсіх заяваў аб катаваннях і жорсткім абыходжанні, а таксама іншых сур’ёзных парушэннях правоў чалавека.

Карпэнтэр рэзюмаваў:

«Беларускія ўлады павінны даць народу Беларусі свабоду выбіраць уласных лідараў праз сапраўды свабодныя і справядлівыя выбары пад незалежным назіраннем».

Рэспубліка Беларусь уваходзіць у АБСЕ з 1992 года. У 2017 годзе ў Менску нават праходзіла сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ, яшчэ ў снежні 2021 года міністр замежных справаў Беларусі браў удзел у штогадовай сустрэчы Рады міністраў краінаў АБСЕ. Але на сёлетнюю летнюю сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ прадстаўнікоў Беларусі не пусцілі. На той сесіі Беларусь назвалі дзяржавай – памагатым агрэсара і саўдзельніцаю міжнароднага ўзброенага канфлікту.

Меркаванні
Якія каштоўнасці ўзяць у Новую Беларусь?
2022.09.15 18:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў