«Апроч як працягваць рабіць тое, што раблю, варыянтаў у мяне няма». Размаўляем з валанцёрам Іллём Міронавым, які выйшаў з чарговых содняў


Гэта былі 25 дзён арышту за нібыта адзіночны пікет: на футболцы Іллі заўважылі прынт мастачкі Вольгі Якубоўскай «Пішыце лісты палітвязням». Зняволенне прайшло на металічных прутах, з правяраннямі двойчы за ноч і без ніводнага шпацыру. Актывіст выйшаў з гомельскага ІЧУ ды адразу ж напісаў, што з’язджаць з краіны не збіраецца і ўвогуле «Жыве Беларусь!». Ілля вядомы сваім падтрыманнем вязняў, а лік напісаных ім лістоў ідзе на тысячы. У інтэрв’ю размаўляем пра тое, як гэта – цягам года заставацца пад пастаянным ціскам дзяржавы, і што напісаць у лісце вязню, калі вы не знаёмыя.

– У вочы кідаецца ваш кураж: чаму вы так настойліва, не зважаючы на ціск з боку дзяржавы, працягваеце сваю справу?

– Я не буду сябе паважаць, калі перастану падтрымліваць людзей у турмах, бо на іхным месцы магу быць сам. Я ўжо не ўяўляю, як не дапамагаць некаму так, як у свой час дапамагалі мне, ад чыстага сэрца. Яшчэ падчас маўклівых пратэстаў у 2011 годзе шмат маіх знаёмых і сяброў затрымалі, і мы збіралі перадачы адно аднаму. Тады ў мяне сфармаваўся дэвіз: «Сваіх не кідаем». За яго я ў мінулую восень сеў на содні: з адпаведным плакатам прыйшоў падтрымаць дзяўчыну, якую затрымалі на працоўным месцы за збіранне подпісаў за адкліканне мясцовага дэпутата. Атрымаў пяць содняў. Валанцёры прапаноўвалі маёй маме харчовую дапамогу, але яна пасаромелася і адмовілася, а я пасля вызвалення звязаўся з тымі людзьмі і таксама стаў дапамагаць: хадзіць па судах, збіраць прадукты і так далей.

– То бок актыўнае валанцёрства пачалося з тых пяці содняў.

– Не, я з першых жа дзён пасля гэтак званых выбараў хадзіў на суды – тады шмат людзей абскарджвалі свае затрыманні. Я маніторыў працэсы, запісваў інфармацыю і шукаў сваякоў. Лічу, што стаў валанцёрам тады, хаця лісты яшчэ не пісаў і харчоў не перадаваў. Мяне затрымлівалі яшчэ ў канцы жніўня. Па просьбе сяброў з «Гомсельмашу» прыйшоў да заводу іх падтрымаць, а пасля правакацыі, калі адна жанчына паспрабавала адабраць у мяне сцяг, адседзеў трое содняў. Потым было яшчэ трое содняў, таксама за жнівень.

Ілля Міронаў.
Фота: Ілья Міронаў

«На суды мяне прыходзілі падтрымаць людзі, якіх я не ведаю»

– А калі вы ўпершыню адчулі мэтанакіраваны ціск за сваю дзейнасць?

– Ціск пайшоў у верасні, калі я на сваю картку пачаў збіраць грошы ад сяброў, якіх у мяне вельмі шмат, на харчы ды рэчы для затрыманых. У нас на маршах тады затрымлівалі па 40–50 чалавек. Мне пазванілі супрацоўнікі ўпраўлення барацьбы з эканамічнымі злачынствамі і запрасілі на размову. Вось з таго часу пачалося: званкі, папярэджанні ўчастковага, затрыманні з розных прычынаў, хаця пасля другіх содняў я перастаў хадзіць на маршы, а ў нядзелі наўпрост ішоў да аддзялення міліцыі па інфармацыю пра затрыманых. На мяне таксама ціснулі сродкамі сацыяльных сетак і тэлеграм-каналаў: размяшчалі маю асабістую інфармацыю ды падпісвалі здраднікам і правакатарам. Улётку з брыдою пра мяне я аднойчы заўважыў на сваім пад’ездзе, але размясціў гэта ў «Фэйсбуку» і адчуў абсалютную падтрымку. Пасля паскудзіць перасталі: напэўна, зразумелі, што гэта не працуе.

– А пазітыўны фідбэк на сваю дзейнасць атрымліваеце?

– На суды мяне прыходзілі падтрымаць людзі, якіх я не ведаю. На вуліцы пазнаюць, падыходзяць, падтрымліваюць словамі, прапаноўваюць дапамогу. Магу сказаць, што такіх людзей становіцца больш: чым большы ідзе ціск, тым больш людзей перажывае і сочыць за інфармацыяй пра мяне. Я не ганюся за тым, каб мяне пазнавалі, але самі разумееце: калі цябе ляпнуць па плячы і скажуць, што ты робіш слушную справу, гэта падымае настрой.

– Як гэта – ужо год быць пад заўсёдным ціскам?

– Спачатку неяк яшчэ адчувалася, а цяпер проста аўтаматычна робіш справу і асабліва не думаеш: ну, прыйшла позва ў Следчы камітэт і прыйшла. Летась я неяк прачнуўся ў сваім пакоі, а нада мною стаяць міліцыянты. І так два разы, тры… У выніку на гэта проста не звяртаеш увагі, бо разумееш, што гэта можа скончыцца чым заўгодна, хоць нічым супрацьзаконным я не займаюся. Выбару ў мяне асабліва няма: можна з’ехаць альбо перастаць займацца сваёй дзейнасцю. Але зрабіць гэта пасля года, які я прайшоў, паказаць людзям, якія маюць ад твайго прыкладу дадатковыя сілы, такі вынік… Таму, апроч як працягваць рабіць тое, што я раблю, варыянтаў у мяне няма.

Лісты з-за кратаў. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Заўсёды веру ў лепшае, што дабро пераможа, што сумленных людзей больш»

– А не думаеце, што, калі з вамі здарыцца нешта больш сур’ёзнае, вы не зможаце працягваць сваёй дзейнасці?

– Такая думка ёсць, вядома, але я не адчуваю, з якой прычыны мяне могуць затрымаць больш як на содні: я проста хаджу па судах і пішу лісты, а за грошы, што летась сабраў на сваю картку, падаткі выплаціў цалкам. У мяне былі ператрусы: усё абгледзелі па некалькі разоў і нічога не знайшлі. Безумоўна, зрабіць могуць што заўгодна, нават нешта падкінуць, але я не хачу пра гэта думаць, заўтра будзе заўтра. Можна з’ехаць, але тады, хутчэй за ўсё, ужо не будзе магчымасці вярнуцца, да таго ж за мяжой я магу менш зрабіць, чымся тут. Я заўсёды веру ў лепшае, што дабро пераможа, што сумленных людзей больш, і стараюся іншых людзей падбадзёрваць. Калі заганяцца, можна на нервовай глебе папросту з’ехаць, я такіх людзей бачыў.

– Ведаю, што вашая маці вас падтрымлівае, але ўсё ж такі: што яна кажа пра стан сталай небяспекі?

– Мама з самога пачатку мяне падтрымлівала, вялізны ёй дзякуй. Гэтай падтрымкі таксама робіцца ўсё больш. Я ганаруся мамаю, магу цалкам на яе разлічваць. Так, яна перажывае і хвалюецца, але кажа: «Малайчына, што ты гэта робіш».

– Усё ж не раіць вам запаволіць валанцёрства з меркаванняў бяспекі?

– Не, яна кажа іншае: «Калі пачаў гэтым займацца – будзь прыкладам для іншых і добра апранайся». Яна заўважае нават памылкі ў маіх допісах у сацсетках і кажа, што і ў гэтым я павінен быць прыкладам.

Ілля Міронаў.
Фота: viasna96 / Telegram

– У чым розніца паміж валанцёрствам у 2011-м і за апошні год?

– Ува ўсім: гэта як неба і зямля, розніца каласальная. У 2011 годзе такога надзвычайнага ціску на тых, хто дапамагаў, не было. Раней да ўсяго стаўленне было іншае: людзям прысуджалі колькі содняў, і ў іх усё было – перадачы мог рабіць хто заўгодна і колькі заўгодна. Цяпер затрымліваюць нават адміністратара групы ў «Фэйсбуку», дзе публікуюцца лісты салідарнасці, то бок ціск здзяйсняецца нават за лісты! А такога не было ніколі.

– Колькі часу ў вас займае валанцёрская дзейнасць?

– Увесь вольны час, а ў мяне цяпер час цалкам вольны, бо працаўладкавацца я, хутчэй за ўсё, пакуль не змагу, усе асцерагаюцца звязвацца з такімі пратаколамі і ціскам. Валанцёрства займае 24 гадзіны за содні, нават хацелася б, каб у соднях было больш часу. Кладуся спаць позна, устаю з сонцам: найперш іду на суды, а лісты пішу ўвечары. Ліставаннем я займаюся з 10 снежня, калі сам чарговы раз у ізалятары атрымаў вялізнае задавальненне ад таго, што людзі пачалі мне пісаць. Тыя лісты я час ад часу перачытваю.

«Хачу звярнуць увагу на тое, што трэба пісаць больш»

– Шмат хто не ведае, што напісаць незнаёмаму чалавеку за краты. Што вы пішаце?

– У мяне ёсць пара нарыхтовак, асобна віншую людзей з днём нараджэння. Вось маю перад сабою прыклад: «Жадаю, каб вашае добрае імя паслужыла прыкладам цвёрдасці і вернасці прынцыпам. Заставайцеся такім заўсёды, хай справядлівасць возьме верх – і вы акажацеся на волі як мага хутчэй. З днём нараджэння, чакаем вас». Альбо: «Мы ганарымся, што жывём з вамі ў адной краіне, вы не адзін, вы неймаверны». То бок пішу не ад сябе, а ад людзей увогуле. Абавязкова ўкладваю канверт і дадатковыя паштоўкі, каб чалавек мог адказаць альбо паслаць іх блізкім. Лепш, каб канверты былі не белыя, а з нейкаю выяваю: чым больш візуальнай інфармацыі, тым лепш гэта ўспрымаецца, ведаю па сабе. Можна верш напісаць, наляпіць стыкер, дадаць афарызм. Самі разумееце, час сыходзіць нават не столькі на напісанне і адпраўку лістоў, колькі на пошук інфармацыі ў розных крыніцах, хто быў затрыманы і каго куды перавялі.

– У вас з некім завязалася ліставанне?

– Я намагаюся ахапіць як мага больш людзей, таму часу на паглыбленае ліставанне не стае. Проста я разумею, наколькі важнае падтрыманне словам кожнаму, хто ў абмежаваных умовах. Гэта нашмат важней за кавалак каўбасы ў перадачы, хаця і гэта важна. Адказаў я атрымліваю адсоткаў дзесяць, але ў гэтых адказах заўсёды ўдзячнасць за тое, што пра іх памятаюць. Яшчэ раз хачу звярнуць увагу на тое, што трэба пісаць больш. Калі незнаёмаму чалавеку – пачніце хаця б з агульных словаў падтрымкі і не кідайце на першым лісце, калі не атрымалі адказу. Да таго ж вашыя лісты могуць перадаць чалавеку пры вызваленні, і гэта таксама будзе для яго выказваннем салідарнасці.

Калаж з фота: Facebook-старонка Іллі Міронава, belsat.eu

– А ў вас ёсць любімыя лісты з тых, якія вы атрымалі на соднях?

– Яны, па-мойму, усе любімыя, бо кожны прасякнуты любоўю, дабрынёй і суперажываннем, таму ніводнае вылучыць не магу, яны мне ўсе дарагія.

– Як вы захоўваеце пазітыўнае мысленне ў такі час?

– Гэта, натуральна, праблематычна, калі чытаеш навіны пра затрыманні і прысуды, але варта праглядаць таксама пазітыўныя навіны, чытаць лісты вязняў, бо ад іх ідзе пазітыў, і камунікаваць з людзьмі на пазітыве, трэба толькі недзе іх адшукаць. Раю бываць на свежым паветры, хадзіць на канцэрты, чытаць кнігі і хадзіць у кіно – яно ўсё ж знізіць тое, што нагнятаецца ў краіне. І не заставацца сам-насам, бо тады песімістычныя думкі пачынаюць панаваць. Асабіста мне моцна пашанцавала з мамай: яна для мяне крыніца пазітыву і аптымізму. І галоўнае – салідарнасць адно з адным, якая штодня мацнее. Ціск сёння, вядома, сур’ёзны, але нешта будзем рабіць, у нас сумленных і неабыякавых людзей больш. Мы будзем адно аднаго падтрымліваць, не зважаючы ні на што, і ўсё ў нас будзе добра. Дабро абавязкова пераможа, а самая цёмная ноч – перад світаннем.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў