Цілю Уленшпігелю скручваюць галаву

Я паглядзела нешта асаблівае – спектакль, які можна разбіраць на целарухі, дэталі антуражу, сімвалы, фразы і сцэны як пазл. Які не мог бы паўстаць у лукашэнкаўскай Беларусі, хаця гэта і гучыць як агульнае месца і надакучлівая маніпуляцыя. Тым больш, я ўяўляю, раздражняльна для тых, хто ўнутры краіны. Але ўсё-ткі прыемна, што Юра Дзівакоў, куратар новай пастаноўкі «Ціль Уленшпігель», можа ўкладаць свае эпатаж і арыгінальнае мысленне ў такія адкрытыя выказванні пра нашыя дыктатуру і рэвалюцыю.

Рэпетыцыя спектаклю «Ціль Уленшпігель».
Фота: Кацярына Ігнашэвіч. Крыніца: Inexkult / Facebook

Прэм’ера з яе адчуваннем прыгнечанасці – прынамсі яна адчулася асабіста мне – адбылася ў мадэрновым варшаўскім тэатры «TR Warszawa» 9 жніўня, у гадавіну прэзідэнцкіх выбараў, «якія змянілі ўсё». На гэтай пляцоўцы праходзіць Тыдзень беларускага тэатру, у Варшаве агулам трываюць прынамсі дзве беларускія тэатральныя серыі, што можа выглядаць як поспех нашай культуры ў эміграцыі. Але, хутчэй за ўсё, гэта ілюзія. Узяць, напрыклад, «Ціля»: прайшоў адзін паказ, і няясна, што са спектаклем і патрачанымі на яго высілкамі будзе далей.

«Ціль Уленшпігель» паўстаў на грошы Фландрыі: фінансаванне цяпер важны пункт апісання, бо ніводная беларуская тэатральная пастаноўка за мяжою не паўстае проста так, натуральна, як частка індустрыі. На прэм’еры прысутнічалі і прамаўлялі чыноўнікі, а мы пасля спектаклю думалі, ці не шакавала іх пабачанае: усё-ткі стыль Дзівакова не таго тыпу тэатр, што чыноўнікам падабаецца. Можа, гэта забабоны, але мне б шчыра хацелася бачыць іхныя твары, калі на сцэне на высокіх пастаментах, быццам скульптуры, з аголенымі грудзьмі і фаласамі ў руках спявалі манашкі.

Зрэшты, эпатажны Дзівакоў тут не рэжысёр, а, хутчэй, куратар: ягоны правакацыйны спосаб расказваць гісторыі ўгадваецца, але стварала спектакль уся каманда «Team Theatre», і, відаць, як мае быць пагарэзнічала.

У Шарля дэ Кастэра – найвядомейшага інтэрпрэтатара персанажа Ціля Уленшпігеля – герой сярэднявечных легендаў пераўтвараецца ў дух Фландрыі, змагара з іспанскаю знаццю, каталіцкім духавенствам і каралём, завадатара антыіспанскай рэвалюцыі гёзаў. У выніку караля зрынаюць, Нідэрланды робяцца свабоднымі, а Ціль быццам бы памірае, прынамсі гэтак думаюць іншыя, але паўстае з магілы і кажа, што Уленшпігеля не ўдасца пахаваць, як і Фландрыя можа заснуць, але ніколі не памрэ.

У беларускім «Цілі Уленшпігелі» Дзівакова таксама ёсць змагар і кароль. (Зараз будзе спойлер.) Толькі тут кароль скручвае Цілю, які імаверна сімвалізуе беларускі пратэст 2020 года, галаву. Ніякім вызваляльнікам хлопец не робіцца, а спектакль не апавядае гісторыі пра пераможную барацьбу са злачыннай уладай, хутчэй наадварот. Але па сутнасці сумны ці нават трагічны для беларуса, які рэфлексуе, сюжэт пазбаўлены драмы і слёзаў ды зроблены ў рэчышчы нібыта іранічнай казкі ці гульні, у якой і кароль, і Ціль – народжаныя, зробленыя, створаныя персанажы. Як выглядае, стварае іх «народ», а калі так, ніводная па-гулліваму скручаная галава не выглядае фатальнай і непапраўнаю сітуацыяй. Зрэшты, гэта як паглядзець.

Меркаваны дыктатар тут – варты жалю здаравяк з забаўнымі крыўляннямі, якога ты не ўспрымаеш усур’ёз, але ён нейкім чынам дае рады стукнуць цябе па галаве. Кагосьці нагадвае, праўда? Ён «нараджаецца» на зялёнай штучнай траве ў чырвонай спадніцы і з чырвонага жарала. А Ціль паўстае з кокана з чорнай плёнкі – можа, гэта і было ягонае паўстанне з магілы. Хіба толькі ён аказаўся ў ёй гвалтоўна.

Мне моцна даспадобы такі спосаб апавядаць пра беларускую справу – не надта сур’ёзны і не надта адсунута-зняважлівы, адкрыты да бясконцых інтэрпрэтацыяў, які счытваеш на ўзроўні пачуццёвага ўспрымання і часта – менавіта як беларус(ка). Тут цікавей разбіраць нават не адаптацыю легенды пра Уленшпігеля, а вынаходлівасць вобразаў і сцэнаў, паміж якімі ты пераскокваеш як паміж атракцыёнамі – кожным на свой манер.

Можа быць, часткі гэтага пазла і не мяркуюць пад сабою канкрэтных значэнняў для развіцця сюжэту? Што значыла сцэна, у якой Ціль расказвае лялькам пра хлопчыкаў, якія потым сталіся дыктатарамі? Што гэта за чысткі пупсаў у крывавай вадзе? Хто гэтая сляпая сторытэлерка? Можа, іх трэба ўспрымаць не мозгам, а вачыма?

Рэпетыцыя спектаклю «Ціль Уленшпігель».
Фота: Кацярына Ігнашэвіч. Крыніца: Inexkult / Facebook

Крута было б, каб гэты атракцыён пабачыла больш людзей – ён таго варты, ён варты быць у рэпертуары, варты рэгулярнага раскладу. Гэта добрае відовішча для беларуса, які ў перажыванні крызісу ў краіне застаецца паміж слязлівымі драмамі ды адсунутаю забаваю. У Беларусі ўзору 2020-га «Ціль Уленшпігель» мог бы паказвацца ў прасторы «Ок16» і збіраць поўна людзей. Цяпер месца незалежнага беларускага тэатру – недзе там, з незразумелаю перспектываю, з пахваламі, якія б хацелася абярнуць у канкрэтныя прапановы, напрыклад, пляцоўкі.

Я зазірнула за кулісы апусцелай тэатральнай залы «TR Warszawa». Юра Дзівакоў стаяў стомлены і казаў, што ў каманды не было генеральнай рэпетыцыі перад прэм’ерай (успамінаю дрэнны гук і тое, як сачыла за польскімі цітрамі), акторка Даша Новік у грымёрцы на адрэналіне згадвала, як яны ўсе разам прыдумлялі гэты спектакль, ейны маленькі сын еў парэзаны кавун, што застаўся з рэквізіту пастаноўкі. Стала так па-святочнаму ад адной маленькай перамогі беларускага тэатру, бо «Ціль Уленшпігель» – дакладна адна з іх. Але штосьці ўсё ж перашкаджала святкаваць да канца. Гэта 9 жніўня, Цілю скруцілі галаву, а што будзе далей са спектаклем, «няясна».

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў