Калі пачалі рыхтавацца да рэйкавай вайны і ці супрацоўнічаюць «Кіберпартызаны» са спецслужбамі?


«Кіберпартызаны» – ананімная суполка актывістаў-праграмістаў, якая з’явілася ў Беларусі ўвосень 2020 года. Набылі вядомасць як хакеры, здольныя праслухоўваць перамовы сілавікоў і чыноўнікаў, узломваць сістэму камераў відэаназірання ІЧУ на Акрэсціна і базу звестак беларускіх пашпартоў. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне з’явіўся яшчэ адзін прыярытэт – супрацьдзеянне гэтай вайне. Пра гэта ў размове з «Белсатам» распавяла прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец. Яна цяпер за межамі Беларусі ды адзіная публічная персона ў суполцы актывістаў. Нядаўна сілавікі ўварваліся ў ейны дом у Беларусі, а саму Юльяну КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў».

Палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі і прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец на прэс-канферэнцыі. Варшава, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Самыя гучныя акцыі кіберпартызанаў апошняга часуатакі на беларускую чыгунку. Вам вядома, як на іх адрэагавалі ва Украіне?

Многія ўкраінцы выказвалі словы падзякі – і звычайныя грамадзяне, і афіцыйныя асобы з ураду. Мне з імі даводзілася мець стасункі. Яны выказвалі падзяку за тое, што нашыя «кіберы» атакавалі чыгунку. Гэта нашая самая галоўная дапамога ўкраінцам у вайне.

Як рыхтаваліся гэтыя атакі?

Абмеркаванне нападаў на чыгунку рухам «Супрацiў» пачалося яшчэ ўвесну 2021-га. Ужо тады было разуменне, што чыгунка – стратэгічна значная для рэжыму інфраструктура. Улетку 2021-га чыгуначныя шляхі пачалі атакаваць фізічна – з выкарыстаннем дроту. Гэта не стварала крытычных сітуацыяў для звычайных пасажыраў, але ўскладняла працу цягнікоў. Мэтаю было паказаць, што Лукашэнка – ненадзейны партнёр не толькі для беларусаў, але і для іншых краінаў. Бо прынамсі да вайны БЧ карысталіся і ў Расеі для перавозу грузаў у Еўропу, Кітай.

У той жа час «Кіберпартызаны» спрабавалі патрапіць у сістэму БЧ. Першая атака адбылася яшчэ да вайны, у снежні 2021 года. Пра яе не заяўлялі публічна.

Hавiны
«Кіберпартызаны» зрываюць расейскі наступ на Украіну. Як кожны можа дапамагчы хакерам – і ўкраінцам
2022.03.27 09:10

Потым, у студзені 2022-га, калі Расея ўвяла войскі для так званых вучэнняў «Кіберпартызаны» ўзламалі сістэму БЧ і ўжо тады распаўсюдзілі пра гэта інфармацыю. У выніку той атакі выдалілася шмат звестак, бэкапаў.

Але «Кіберпартызаны» дакладна не ведалі, як працуе сігнальная сістэма, аўтаматыка. Таму яе не атакавалі, але паспрабавалі паўплываць на перамяшчэнне некамерцыйных цягнікоў і запаволіць перамяшчэнне вайскоўцаў. Мы не ведаем дакладна, якім быў эфект ад гэтай першай публічнай атакі, але некаторыя эксперты кажуць, што так, рух цягнікоў з вайскоўцамі замарудзіўся. На жаль, верыфікаваць гэтую інфармацыю цяжка.

Але ж у выніку ўдалося вывесці з ладу аўтаматычную сістэму кіравання цягнікамі?

Яшчэ да пачатку вайны да «Кіберпартызанаў» звярнуліся людзі, якія раней працавалі на чыгунцы. Яны змаглі пракансультаваць хакераў, як працуе аўтаматыка, як можна яе зламаць без стварэння крытычных сітуацыяў для пасажыраў, што для нас галоўнае правіла.

Да пачатку вайны ў нас ужо было разуменне, як і што рабіць. І ўсё роўна атакі былі вельмі складаныя. Яны займалі некалькі дзён і начэй без сну. І вось 27 лютага 2022-га адбылася другая вялікая атака. Гэтым разам яна была скіраваная на аўтаматыку, на роўтары, абсталяванне – на тое, каб «пакласці» ўнутраныя сеткі, каб аўтаматыка адключылася і кіраванне перайшло ўручную.

Таварны цягнік едзе праз станцыю Менск-Усходні.
Фота: Белсат

А з ручным кіраваннем ёсць праблема: у Беларусі не стае спецыялістаў, якія маглі б планаваць маршруты цягнікоў без аўтаматычных вылічэнняў камп’ютарных сістэмаў. Гэта значыць, трэба па-старому ўсё асадкаю на паперы пралічыць. Супрацоўнікаў з такімі ведамі бракуе, па-першае, бо альбо людзі самыя сышлі праз заробкі і ўмовы працы, па-другое, у нас ёсць інфармацыя, што пасля пратэстаў 2020 года шмат каго звольнілі. Ім не давяралі. Гэта ўсё ж такі дзяржаўная, рэжымная інфраструктура, таму там павінны быць, на думку прадстаўнікоў рэжыму, лаяльныя да іх людзі. У выніку гэта сталася адною з прычынаў, чаму праца не аднавілася так хутка або чаму эфект быў такі моцны. У сукупнасці з нападамі на зямлі стварылася крытычная сітуацыя для расейскага рэжыму і, як нам вядома, было пастаноўлена часова не выкарыстоўваць чыгункі для вайсковых цягнікоў. Акрамя гэтага, «Кіберпартызаны» выявілі, што расейская і беларуская сістэмы чыгункі інтэграваныя, таму праз беларускую сетку можна пераскочыць на расейскую. Магчыма, гэта таксама мела значэнне.

Вы згадалі, што гэтыя атакі былі складаныя. Што дапамагло не кінуць ідэі на паўдарозе, а дамагчыся выніку?

Так, гэта сапраўды былі бяссонныя ночы. Беларускія сістэмы працуюць на вельмі старым і ўразлівым праграмным забеспячэнні – «Windows XP», «Windows» 2003 года, 2010-га. Ствараецца ўражанне, што іх лёгка ўзламаць, але насамрэч не. Можа быць, прафесійным хакерам гэта было б прасцей, але ў нашай суполцы такіх няма – усе вучыліся па адкрытых рэсурсах і напрацоўвалі веды на практыцы.

«Кіберпартызаны» самыя падкрэсліваюць, што ролю ў поспеху адыгрывае звычайная ўпартасць. Бывае, у сетку трапіць лёгка, але складана зразумець, дзе галоўны кантроль над базамі звестак, якая структура гэтай сеткі. Можна выдаліць нейкую таблічку, і гэта ні на што не паўплывае, а вось нешта зрабіць з рэальным вынікам складана.

Дапамаглі стасункі з асобамі, якія там працавалі. І звычайная ўпартасць: дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці. Гэта тое, што дапамагае кіберпартызанам пры любой складанай задачы. Яны вельмі матываваныя, рашучыя і рацыянальныя. А матывацыя ўва ўсіх, вядома, адна – змагацца за магчымасць пабудаваць дэмакратычную, нацыянальна арыентаваную і прававую дзяржаву, якая стала б бяспечнаю найперш для самых беларусаў, а таксама для нашых суседзяў: Украіны, Польшчы, краінаў Балтыі.

Вагоны таварнага цягніка, загружаныя металам.
Фота: Белсат

Чым яшчэ, акрамя нападаў на чыгунку ў Беларусі, «Кіберпартызаны» дапамагаюць Украіне?

«Кіберпартызаны» занятыя (і гэта вялікі аб’ём працы) правяраннем падазроных асобаў, якія хочуць трапіць ва Украіну ці ўжо там (па запыце ўкраінскіх спецслужбаў), і добраахвотнікаў, якія хочуць далучыцца да палка Кастуся Каліноўскага ва Украіне. Актывісты правяралі кожнага чалавека: у розных сетках, у тым ліку агентурных, базах звестак. У іх ёсць уласны метад, як яны правяраюць людзей на дачыненне да супрацы з КДБ. І яны выявілі прынамсі 4 чалавек, хутчэй за ўсё, супрацоўнікаў спецслужбаў, якія спрабавалі ўкараніцца ў полк. Вядома, іх правяраюць і ўкраінскія спецслужбы, яны праходзяць інтэрв’ю, але «Кіберпартызаны» – першы важны этап правярання. Таксама яны дапамагаюць вылічыць здраднікаў Украіны, завербаваных ФСБ, а таксама перадаюць унутраную інфармацыю пра беларускіх вайскоўцаў і спецслужбы.

Ці ўдаецца супрацоўнічаць з украінскімі хакерамі?

З украінцамі ў «Кіберпартызанаў» адбываецца добраахвотны абмен звесткамі. Калі ідзецца пра партнёраў, якім актывісты давяраюць і якія запытваюць інфармацыю праз украінскія спецслужбы (у тым ліку пра перамяшчэнне тэхнікі па тэрыторыі Беларусі або пра канкрэтных асобаў), «Кіберпартызаны» чым могуць, дапамагаюць. З актывісцкімі суполкамі крыху складаней. Абмен інфармацыяй адбываецца пасля пэўнай верыфікацыі. Але нашыя «кіберы» дзеляцца з украінцамі і доступам, і досведам, механізмам узлому сетак – асабліва калі яны падобныя да тых, што ёсць у Расеі.

Фота: Белсат

Нядаўна былі апублікаваныя запісы праслухоўвання тэлефонных размоваў з дыпламатычных прадстаўніцтваў, якія працуюць у Беларусі. Чаму цяпер?

У нас шмат запісаных размоваў, каля 50 тысяч хвілінаў. Нават калі наняць суполку з 10 чалавек на поўную стаўку, ім спатрэбіцца тры гады, каб праслухаць усе запісы. «Кіберпартызаны» паводле сваёй схемы спрабуюць атрымаць з гэтага масіву інфармацыю, якая цікавая найперш беларускай публіцы. Калі нешта знаходзяць, адразу публікуюць. Знайшлі інфармацыю пра пасольствы – вырашылі выбраць момант, калі зліў гэтай інфармацыі дасць пэўны эфект. Цяпер якраз Расея, відавочна, спрабуе націснуць на Беларусь, каб тая брала ўдзел у вайне. Магчыма, гэты зліў створыць нейкія непрыемныя размовы, гэтага ўжо будзе дастаткова для нас.

Дзе захоўваюцца пашпартныя звесткі беларусаў і якая дапамога ім патрэбная?

У нас велізарныя масівы цікавай інфармацыі, якую хацелася б прааналізаваць. Шмат рэсурсаў ідзе на аплочванне сервераў, дзе гэтыя дадзеныя захоўваюцца, і ў тым ліку звесткі беларусаў, тыя ж пашпарты. Нам трэба ахоўваць іх настолькі надзейна, наколькі гэта магчыма, таму «Кіберпартызаны» выбіраюць самыя бяспечныя серверы. Асабістыя сродкі ўдзельнікаў руху таксама выкарыстоўваюцца, проста дзеля таго, каб, груба кажучы, аплаціць серверы.

Бывае, не стае часу і людзей. Калі ў кагосьці ёсць час і жаданне, можна напісаць на адрас «Кіберпартызанаў» або заданаціць на крыптагаманец. Мы ўдзячныя любой дапамозе.

belsat.eu / Герон

Стужка навінаў